Мінскі гарадскі вучэбна-метадычны цэнтр прафесійнай адукацыі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама сумесна з Рэспубліканскім навукова-даследчым унітарным прадпрыемствам “Цэнтр інфармацыйных рэсурсаў і камунікацый” адкрыў спецыяльную інтэрнэт-пляцоўку для ўстаноў прафесійнай адукацыі сталіцы ў рамках інфармацыйнага рэсурсу MOODLE ў сістэме адукацыі. Гэта зрабіла даступным вучэбна-метадычнае забеспячэнне прафесійнай адукацыі і дазволіла адсочваць эфектыўнасць і мэтазгоднасць непасрэдна вучэбна-метадычных комплексаў. Аб гэтым кірунку дзейнасці, а таксама аб іншых шляхах удасканалення метадычнай работы ў сістэме прафесійнай адукацыі Мінска, сёння нашым чытачам расказвае дырэктар Мінскага гарадскога вучэбна-метадычнага цэнтра прафесійнай адукацыі Аляксандра Леанідаўна ПАЎЛЮЧОНАК.
— Аляксандра Леанідаўна, хацелася б у нашай размове звярнуцца спачатку да перадгісторыі гэтай падзеі і пагаварыць непасрэдна аб тым, што сабой уяўляюць вучэбна-метадычныя комплексы ў сістэме прафесійнай адукацыі і як яны ўплываюць на якасць прафесійнага навучання?
— У аснове дзейнасці сістэмы прафесійнай адукацыі, накіраванай на адэкватнае рэагаванне на патрэбы сённяшняга рынку працы, заўжды было і застаецца навукова-метадычнае забеспячэнне прафесійнай падрыхтоўкі будучых рабочых і спецыялістаў. Гэты працэс пастаянна абнаўляецца, удасканальваецца, знаходзяцца ўсё новыя формы і метады метадычнай работы, каб у выніку падняць на новую планку якасць прафесійнай падрыхтоўкі кадраў, як таго патрабуе сёння наша эканоміка і сацыяльная сфера. Выкананне гэтай задачы і запатрабавала стварэнне вучэбна-метадычных комплексаў, норма аб якіх закладзена ў Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адукацыі і канкрэтызавана ў адпаведным палажэнні. Стварэнне вучэбна-метадычных комплексаў па вучэбных прадметах і спецдысцыплінах дазваляе не толькі ўдасканальваць прафесійны ўзровень педагогаў, але і аптымізаваць змест адукацыі. Згодна з палажэннем, вучэбна-метадычныя комплексы прызначаны для рэалізацыі патрабаванняў адукацыйных праграм і адукацыйных стандартаў прафесійнай адукацыі і ствараюцца па вучэбных прадметах прафесійнага кампанента.
Што непасрэдна ўваходзіць у вучэбна-метадычны комплекс? Калі гаварыць аб гэтым больш-менш коратка, то ў першую чаргу гэта дэталёва распрацаваная праграма вучэбнага прадмета, якая і з’яўляецца тым стрыжнем, вакол якога фарміруецца ўвесь вучэбна-метадычны комплекс. Апроч гэтага, у ВМК дадаюцца планы і матэрыялы лекцый, семінарскіх заняткаў, практычных або лабараторна-практычных работ і г.д., а таксама дыдактычныя сродкі, якія выкарыстоўваюцца ў працэсе навучання: друкаваныя і электронныя крыніцы інфармацыі, наглядныя дапаможнікі, пералік вучэбнага абсталявання. Акрамя таго, уносяцца сродкі праверкі і ацэньвання ведаў, у тым ліку кантрольныя работы, заданні, тэсты, экзаменацыйныя матэрыялы. Таксама павінны быць уключаны тэмы рэфератаў і курсавых (дыпломных) работ. ВМК павінны ўтрымліваць электронныя сродкі навучання, электронныя вучэбныя дапаможнікі. Не забыты і так званыя “метадычкі”, якія па сваім прадмеце спецыяльна складаюць выкладчыкі. Пры стварэнні ВМК усе гэтыя элементы неабходна сістэматызаваць і структураваць у чатыры раздзелы: тэарэтычны, практычны, кантрольны і дапаможны. Калі вучэбна-метадычны комплекс гатовы, то, натуральна, што той педагог, які яго складаў, выразна бачыць перад сабой увесь адукацыйны працэс, у якім ён спланаваў кожны яго этап, кожнае сваё дзеянне. Дасканала прапрацаваны комплекс — гэта залог добра арганізаванага і эфектыўнага навучання. Нават калі раптам спатрэбіцца, каб адзін выкладчык замяніў іншага, то вучэбны працэс ад гэтага не пагоршыцца, таму што новы педагог зможа скарыстацца матэрыяламі, загадзя падрыхтаванымі калегам.
Для ВМК характэрна і тое, што ён не догма, а адкрыты, жывы арганізм, калі можна так яго назваць. Па меры неабходнасці з комплексу могуць выключацца адны структурныя элементы і ўключацца іншыя. У сваю чаргу гэтыя элементы могуць падвяргацца некаторым зменам як па змесце, так і па форме падачы матэрыялу.
— Аляксандра Леанідаўна, як вядома, сёння стварэнне і ўдасканаленне вучэбна-метадычнага комплексу стала неад’емнай часткай метадычнай работы кожнага педагога сталічнай установы прафесійнай адукацыі. Раскажыце, якія ўжо ёсць здабыткі ў гэтым кірунку? Якую ролю ў гэтым вы адводзіце цэнтру?
— У распрацоўцы вучэбна-метадычнага комплексу цэнтр з самага пачатку яго стварэння аказвае самую разнастайную дапамогу навучальным установам і непасрэдна педагогам. Гэта інфармацыйна-метадычныя кансультацыі, семінары, нарады, індывідуальная работа з распрацоўшчыкамі. Мажліва найбольш прыкметнай падзеяй можна назваць праведзены нядаўна гарадскі агляд-конкурс вучэбна-метадычных комплексаў, у якім прынялі ўдзел амаль усе сталічныя ўстановы прафесійнай адукацыі. Мэтай гэтага мерапрыемства стала павышэнне якасці прафесійнай адукацыі за кошт удасканалення сродкаў і метадаў навучання, прэзентацыі і абагульнення інавацый у сферы вучэбна-метадычнага забеспячэння. Трэба сказаць, што дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву нашых метадыстаў з навучальнымі ўстановамі, педагогі навучыліся ствараць вучэбна-метадычныя комплексы, пры гэтым выкарыстоўваць і браць за аснову структурныя элементы навукова-метадычнага забеспячэння, распрацоўваць, сістэматызаваць і ўкараняць таксама элементы так званага “ўнутранага паходжання”, якія ўключаюць дыдактычныя сродкі навучання, і правільна размяркоўваць іх па раздзелах вучэбна-метадычнага комплексу (тэарэтычны, практычны, кантрольны і дапаможны). Вельмі важны і той факт, што сёння нашы педагогі ўжо пераасэнсавалі значнасць стварэння і выкарыстання вучэбна-метадычнага комплексу для сябе і для сваіх выхаванцаў і лішні раз пераконваць іх у гэтым ужо не трэба.
— Якія вучэбна-метадычныя комплексы вам хацелася б назваць як найбольш прадукцыйныя для адукацыйнага працэсу?
— Іх у нас вельмі шмат. Усяго было распрацавана 97 вучэбна-метадычных комплексаў па прадметах прафесійнага кампанента, што складае 70,3% ад агульнай колькасці прадметаў, якія ўваходзяць у прафесійны кампанент вучэбных планаў, па вылучаных спецыяльнасцях (кваліфікацыях). Самым грунтоўным я б назвала вучэбна-метадычны комплекс Мінскага прафесійна-тэхнічнага каледжа швейнай вытворчасці па спецыяльнасці “Тэхналогія вытворчасці швейных вырабаў”, які ўключае ВМК па 3 кваліфікацыях: “Швачка”, “Кравец”, “Закройшчык”, 13 прадметаў прафесійнага кампанента. Над гэтым матэрыялам аўтары з ліку педагогаў каледжа працавалі некалькі гадоў. Характэрна, што гэты вучэбна-метадычны комплекс утрымлівае разнастайныя структурныя элементы для навучэнцаў і педагогаў, у тым ліку 26 вучэбных дапаможнікаў і метадычных рэкамендацый. Вось, напрыклад, туды ўвайшлі метадычныя рэкамендацыі па выкананні практычных работ для навучэнцаў па прадмеце “Спецтэхналогія” майстра вытворчага навучання Н.П.Ткачэнка, электронны вучэбны дапаможнік па прадмеце “Кампазіцыя” выкладчыка С.А.Завадскай, пытанні і заданні для выніковай атэстацыі па прадмеце “Вытворчае навучанне” майстра вытворчага навучання Т.М.Пархімчык. Пад грыфам РІПА выдадзены вучэбны дапаможнік “Лабараторна-практычныя работы па вучэбным прадмеце “Камп’ютарная графіка” кваліфікацыі “Вышывальшчыца” (аўтар — выкладчык А.В.Сакоўская).
Выдадзены электронныя вучэбныя дапаможнікі пад грыфам РІПА па спецыяльнасці “Тэхналогія вытворчасці швейных вырабаў” кваліфікацыі “кравец”, “закройшчык” па вучэбных прадметах “Канструяванне адзення”, “Тэхналогія швейнай вытворчасці”, “Спецмалюнак”, аўтарамі якіх з’яўляюцца выкладчыкі гэтага каледжа. Метадыст ПТК І.А.Рагалевіч забяспечвала інфармацыйна-метадычнае суправаджэнне падрыхтоўкі вучэбна-метадычнага комплекса па спецыяльнасці.
— Раскажыце, калі ласка, пра асаблівасці стварэння вучэбна-метадычных комплексаў па вытворчым навучанні. Ці ёсць у гэтым праблемы?
— Асноўнай памылкай амаль усіх вучэбна-метадычных комплексаў па вытворчым навучанні з’яўляецца дубліраванне ў тэарэтычным раздзеле комплексу спецыяльнай тэхналогіі і шэрагу прадметаў спецыяльнага і нават агульнапрафесійнага цыклаў. Як вядома, на ўводным інструктажы ёсць этап актуалізацыі ведаў, але, па сутнасці, гэта зусім нязначная частка заняткаў вытворчага навучання. У тэарэтычным раздзеле ВМК па кожнай тэме, падтэме, уроку мэтазгодна было б зрабіць спасылкі на канкрэтныя апорныя веды па тэарэтычных прадметах, выконваючы міжпрадметныя і ўнутрыпрадметныя сувязі, скласці структурна-лагічныя схемы прымянення гэтых ведаў да выканання канкрэтных практычных дзеянняў, зрабіць спасылкі на даведнікі і іншыя крыніцы інфармацыі.
Хачу адзначыць, што асновай вучэбна-метадычнага комплексу па вытворчым навучанні павінен стаць практычны раздзел, і не толькі пры навучанні ў майстэрнях, але і на вытворчасці. Абавязкова ў гэты вучэбна-метадычны комплекс павінны ўваходзіць змест і пералік вучэбна-вытворчых, праверачных, комплексных і выпускных кваліфікацыйных работ, крытэрыі ацэньвання самастойнай працы навучэнцаў. У вытворчым навучанні па прафесіях, звязаных з абслугоўваннем тэхнікі альбо насельніцтва, для навучэнцаў павінны быць распрацаваны алгарытмы дзеянняў, карты назірання за прыборамі, асартыментныя карты, ацэначныя лісты выканання самастойных заданняў на дзень, інструкцыі і г.д.
Калі размова ідзе пра вытворчае навучанне ў майстэрнях устаноў і на вытворчасці, то асновай для гэтага служаць камплекты вучэбна-тэхналагічнай дакументацыі, распрацоўка інструктыўных матэрыялаў або адаптацыя ўжо наяўных да канкрэтных вучэбна-вытворчых умоў. Вялікую карысць для майстроў вытворчага навучання ў распрацоўцы і афармленні інструкцыйнай, тэхнічнай і тэхналагічнай дакументацыі могуць аказаць вучэбна-метадычны дапаможнік “Методыка вытворчага навучання” аўтараў М.В.Ільіна, Л.Л.Молчан, Л.У.Молчан і інш, а таксама метадычныя рэкамендацыі “Тэхналагічная дакументацыя ў вучэбна-метадычным комплексе” аўтараў С.М.Бараноўскай і Т.І.Фешчанка. Выкарыстоўваючы інфармацыйна-камп’ютарныя тэхналогіі, майстры вытворчага навучання могуць ствараць віртуальныя трэнажоры, з дапамогай відэаролікаў паказваць навучэнцам працоўныя прыёмы.
— Аляксандра Леанідаўна, а цяпер хацелася б звярнуцца да інтэрнэт-пляцоўкі MOODLE. У чым яе сутнасць?
— Наш цэнтр правёў маніторынг выніковасці выкарыстання ў адукацыйным працэсе вучэбна-метадычных комплексаў, які паказаў недастатковую даступнасць матэрыялаў для педагогаў і навучэнцаў. Каб палепшыць сітуацыю, сумесна з Рэспубліканскім навукова-даследчым унітарным прадпрыемствам “Цэнтр інфармацыйных рэсурсаў і камунікацый” на інфармацыйным рэсурсе MOODLE ў сістэме адукацыі была адкрыта спецыяльная інтэрнэт-пляцоўка для ўстаноў прафесійнай адукацыі сталіцы moodle.pto.minsk.edu.by, што дазволіла забяспечыць даступнасць элементаў вучэбна-метадычных комплексаў для ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу і пры гэтым захаваць аўтарскае права распрацоўшчыкаў. Магчымасці такога рэсурсу дазваляюць праводзіць сістэмны маніторынг выкарыстання элементаў вучэбна-метадычных комплексаў, адсочваць эфектыўнасць і мэтазгоднасць іх прымянення ў працэсе навучання.
Дзякуючы гэтай пляцоўцы, навучальныя ўстановы забяспечаны падрабязнымі рэкамендацыямі, распрацаванымі нашымі супрацоўнікамі, як рэгістраваць і размяшчаць на ёй элементы вучэбна-метадычнага комплексу. Штомесяц мы адсочваем па кожнай установе, як напаўняецца гэты рэсурс, і, трэба сказаць, што назіраецца станоўчая дынаміка.
Мала таго, магчымасці гэтай інтэрнэт-пляцоўкі дазваляюць адсочваць эфектыўнасць і мэтазгоднасць прымянення ВМК у працэсе навучання, арганізоўваць дыстанцыйнае навучанне, ажыццяўляць інтэрактыўныя зносіны навучэнцаў і педагогаў. Увогуле камп’ютарныя сродкі сувязі вырашаюць праблемы адлегласцей і робяць больш аператыўнай сувязь паміж выкладчыкам і навучэнцам. Сучасныя сродкі інфармацыйных тэхналогій дазваляюць выкарыстоўваць пры навучанні разнастайныя формы падачы матэрыялу — вярбальныя, вобразныя, у тым ліку гук, графіку, відэа, анімацыю. Адным з перспектыўных напрамкаў развіцця дыстанцыйнай адукацыі з’яўляецца ўзаемадзеянне інфармацыйных і педагагічных тэхналогій. Тэхналогіі дыстанцыйнага навучання дазваляюць пашыраць адукацыйную прастору і фарміраваць у навучэнцаў пазнавальную самастойнасць і актыўнасць.
Мяркуем, што ў найбліжэйшай будучыні мы зможам выкарыстоўваць гарадскую сістэму дыстанцыйнага навучання MOODLE для арганізацыі павышэння кваліфікацыі педагагічных работнікаў, у першую чаргу выкладчыкаў агульнаадукацыйных прадметаў праз дыстанцыйныя курсы Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі. У гэтым навучальным годзе наш цэнтр плануе правесці Панараму педагагічнага вопыту для больш дэталёвага, практычнага вывучэння педагогамі элементаў вучэбна-метадычных комплексаў і іх укаранення ў адукацыйны працэс.