Ухіл – на творчае развіццё: загадчыца дзіцячага сада № 7 Смалявіч Вольга Пекар – пра цікавыя праекты

- 9:00Главная, Образование

Малышоў, якіх у дзіцячы сад № 7 Смалявіч прыводзяць мамы, усюды сустракаюць буслы. Гэтыя птушкі маюць важкі сэнс: трымаючы ў дзюбе немаўля, нібы расказваюць малым пра тое, што менавіта яны дораць шчасце — прыносяць дзетак. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Сімвал Беларусі

А яшчэ бусел — сімвал нашай краіны, і яго прысутнасць у дзіцячым садзе дазваляе праводзіць тэматычныя размовы з дзеткамі пра Радзіму. На пытанне, чаму менавіта бусліка зрабілі гаспадаром дашкольнай установы, загадчыца дзіцячага сада Вольга Пекар расказала гэтую гісторыю.

“Ідэю назваць садок “Буслік” выказаў старшыня Смалявіцкага райвыканкама Андрэй Ратомскі, — дзеліцца Вольга Мікалаеўна. — Яшчэ падчас праектавання ўстановы ён нам нагадаў пра птушак, якія прыносяць дзяцей. Ідэю ўсе падтрымалі, бо яна цудоўная”.

Але не толькі буслы вызначаюць адметнасць дзіцячай установы. Для таго каб стварыць бяспечныя ўмовы знаходжання выхаванцаў, на брамцы цэнтральнага ўвахода ўсталяваны электрамеханічны замок і дамафонная сістэма з магчымасцю дыстанцыйнага кіравання. Трапіць на тэрыторыю дзіцячага сада могуць толькі педагагічны калектыў і бацькі дзетак.

Калі вярнуцца да буслоў, то яны ў дзіцячым садку ўсюды: намаляваны на фасадзе будынка, стаяць на вуліцы, у групах і калідорах. Гэтых птушак у выглядзе вырабаў з розных матэрыялаў ва ўстанову прыносяць бацькі. Адметна, што і на сваім жакеце загадчыца сада носіць брошку — бусліка, якога ёй падарылі.

Сёння тут рэалізуецца абласны педагагічны праект “Выкарыстанне адукацыйнай LEGO-тэхналогіі ў карэкцыі маўлення дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця”.

“У нашым садку 12 груп, у якіх выхоўваюцца 274 выхаванцы, — расказвае загадчыца ўстановы. — Тры групы інтэграваныя, у іх займаюцца дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Удзел у педагагічным праекце якраз накіраваны на тое, каб дапамагчы такім дзецям у пераадоленні праблемы”.

Для таго каб вучыць і выхоўваць дзетак з цяжкімі парушэннямі маўлення, неабходна стварыць асаблівыя ўмовы для карэкцыйна-развіццёвай работы. Таму перад педагогамі дашкольнай установы ­стаіць важная задача: знайсці для гэтага найбольш эфектыўныя метады і прыёмы.

“Канструяванне — гэта той від дзейнасці, які вельмі падабаецца дзецям, — запэўнівае В.Пекар. — Падчас работы з LEGO працуюць усе вышэйшыя псіхічныя функцыі, у дзяцей фарміруецца маўленне, пашыраецца слоўнікавы запас”. 

Тое, што дзіцячы сад № 7 Смалявіч стаў удзельнікам абласнога праекта, — не выпадковасць, а прафесійны падыход. Да таго як узначаліць дашкольную ўстанову, Вольга Пекар, дэфектолаг па адукацыі, працавала ў дапаможнай школе-інтэрнаце № 11 Мінска, таму не па чутках ведае, як трэба працаваць з выхаванцамі, якія маюць асаблівасці ў псіхафізічным развіцці.

Мова сродкамі LEGO

Выкарыстанне LEGO-тэхналогіі ў вучэбным працэсе дапамагае педагогам праводзіць карэкцыю з максімальна псіхалагічным, эмацыянальным камфортам. Дзякуючы ёй, работа над расказам, пераказам і падчас пабудовы дыялогу з дашкольнікам становіцца больш дзейснай. Акрамя гэтага, падчас канструявання спецыяліст можа эфектыўна адпрацоўваць з малышом граматычныя канструкцыі, напрыклад, дапасаванне лічэбнікаў да назоўнікаў.

“Створаныя канструкцыі з LEGO можна выкарыстоўваць у гульнях-тэатралізацыях, у якіх змест, ролі, гульнявыя дзеянні абумоўлены сюжэтам і зместам таго ці іншага літаратурнага твора або казкі, — дадае Вольга Мікалаеўна. — Дзякуючы ўдзе­лу ў педагагічным праекце, мы бачым станоўчыя вынікі. Канструяванне развівае дробную маторыку. Акрамя гэтага, заняткі такой дзейнасцю пазітыўна ўплываюць на псіхічнае развіццё дзіцяці. У малых развіваецца вобразнае, наглядна-схематычнае мысленне, ідзе фарміраванне ўяўленняў аб цэласным вобразе прадмета. Галоўным у прымяненні LEGO-тэхналогіі з’яўляецца тое, што навучанне дзяцей накіравана не на асобныя канструктыўныя ўменні, а на фарміраванне самога механізма дзейнасці”.

Па выніках праекта для педагогаў і псіхолагаў створаць гульні, якія можна будзе выкарыстоўваць у рабоце з дзецьмі. Для дэфектолагаў распрацуюць заняткі па адпаведнай тэме ў выглядзе кніг-метадычак.

Праект “Выкарыстанне адукацыйнай LEGO-тэхналогіі ў карэкцыі маўлення дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця” яшчэ не завершаны, а калектыў дзіцячага сада “Буслік” разам з начальнікам упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Смалявіцкага райвыканкама Ірынай Чарняўскай ужо думаюць над новымі ідэямі, якія можна рэалізаваць у адукацыйнай прасторы дзіцячага сада.

“Маючы такі патэнцыял, як у нас, выдатную матэрыяльна-тэхнічную базу (яна робіць адметнай нашу ўстанову), малады і дружны педагагічны калектыў, мы ра­зам з Ірынай Аляксандраўнай Чарняўскай вырашылі стварыць у “Бусліку” рэсурсны цэнтр па грамадзянска-патрыятычным выхаванні дзяцей дашкольнага ўзросту, — дзеліцца планамі Вольга Пекар. 

Рукамі па пяску

Вялікае значэнне ў дашкольнай установе надаецца інтэлектуальнаму і творчаму развіццю малышоў. Кожны кабінет, кожная сцяна — гэта вырашэнне пэўнай адукацыйнай задачы. У прыватнасці, ёсць пляцоўка для навучання малышоў гульням у шашкі і шахматы. Аптымальны ўзрост для далучэння дашкольнікаў да гэтых гульняў — 5 гадоў. Увага дзяцей на гэтым этапе ўжо даволі ўстойлівая, у іх пачынае фарміравацца наглядна-вобразнае мысленне, яны вучацца прагназаваць сітуацыю. Дзякуючы гульням у шашкі і шахматы, дзіця набывае здоль­насць рашаць складаныя задачы.

“SMART–цэнтр” — гэта таксама добрая магчымасць для інтэлектуальнага і эмацыянальнага развіцця дзіцяці. Прыходзячы сюды на заняткі, малышы асвойваюць практычныя навыкі работы на камп’ютары. Кіраваць падзеямі на экране дашкаляты вучацца з дапамогай аператараў і з улікам магчымасцей той ці іншай праграмы. У арт-студыі праводзяцца заняткі па LEGO-тэхналогіях. Тут жа размешчаны 3D-прынтар, сталы з пяском, дзе можна праводзіць заняткі па вывучэнні прыроды, псіхалагічныя гульні і інш. Асаблівая гордасць дзіцячага сада № 7 Смалявіч — цэнтр беларуска-кітайскай культуры.

“Смалявічы знаходзяцца недалёка ад індустрыяльнага парка “Вялікі камень”, і мы разумеем, што нашы выхаванцы ў будучыні будуць там запатрабаваны як спецыялісты, — заключае В.Пекар. — Мы не ставім за мэту вывучыць кітайскую мову — вучым дзяцей культуры і традыцыям Кітая, абавязкова параўноваем з беларускімі”. 

Выхаваць цікавасць і павагу да культуры іншых народаў можна толькі тады, калі дзіця ведае і паважае звычаі і традыцыі сваёй краіны. З гэтым пагадзілася і Вольга Мікалаеўна: “Над прывіццём любові і павагі да роднага краю мы працуем не толькі ў цэнтры па вывучэнні беларуска-кітайскай культуры, але і будуем на гэтым выхаваўчую дзейнасць, бо разумеем, што выра­сціць патрыётаў — наша агульная задача”.

 Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА