Уключэнне ў абарот пустуючых і старых дамоў спросцяць

- 10:45Інфармацыйная гадзіна

Праект указа аб адчужэнні жылых дамоў і ўдасканаленні работы з пустуючымі і старымі дамамі ўзгоднены з усімі зацікаўленымі, паведаміў старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Дзмітрый Матусевіч у эфіры праграмы “Тыдзень” на тэлеканале СТБ.

Заканадаўчая ініцыятыва накіравана на ўдасканаленне парадку ўключэння ў абарот пустуючых і старых дамоў у сельскай мясцовасці. “Мы падрыхтавалі адпаведны праект указа, ён ужо ўзгоднены з усімі зацікаўленымі. У ім сапраўды будуць прадастаўлены пэўныя паўнамоцтвы (мясцовым уладам. — Заўвага БелТА.) і, самае галоўнае, — спрошчаны парадак”, — сказаў Дзмітрый Матусевіч.

Напрыклад, у некаторых населеных пунктах дазволяць рэалізаваць такія аб’екты за 1 базавую велічыню (цяпер 1 БВ — Br29). Пры гэтым, адзначыў старшыня Дзяржкаммаёмасці, павінны быць улічаны інтарэсы ранейшых уласнікаў, якія ўжо рэальна не карыстаюцца або не хочуць карыстацца сваёй маёмасцю і зямельным участкам.

Дзмітрый Матусевіч расказаў і аб інфарматызацыі. Паводле яго слоў, 2020 год паказаў, што інфармацыйныя рэсурсы Дзяржкаммаёмасці запатрабаваны не толькі самой сістэмай, але і знешнім контурам, гэта значыць нацыянальнай эканомікай. У прыватнасці, завершана работа над геаінфармацыйнай сістэмай “Лясныя рэсурсы” (сумесны праект з Мінлясгасам), якая дасць магчымасць на падставе зямельных карт планаваць развіццё лясной гаспадаркі.

“Калі гаварыць аб існуючых рэсурсах, колькасць запытаў вялікая. Толькі да рэестра нерухомай маёмасці звярталіся каля 40 млн разоў”, — адзначыў старшыня Дзяржкаммаёмасці.

“Акрамя таго, ёсць неабходнасць ва ўдасканаленні нашага геапартала. Ён стаў асноўнай базай для работы не толькі ўсіх землеўпарадчыкаў, але нават кантралёраў. У нас створаны спецыяльныя модулі, і тыя, хто ўпаўнаважаны на гэта, могуць пры правядзенні сваіх пэўных мерапрыемстваў бачыць рэальную сітуацыю на тым ці іншым зямельным участку”, — расказаў Дзмітрый Матусевіч. Прымяняецца геапартал і пры разглядзе зваротаў грамадзян.

Старшыня Дзяржкаммаёмасці адзначыў таксама шэраг рэсурсаў, якія будуць карысныя калегам. “Напрыклад, даўкамплектавалі рэестр адрасоў. У нас ёсць рэсурс крыніц на публічнай кадастравай карце, рэсурс выбарчых акруг. Прымеркаваўшы да Вялікай Перамогі, мы зрабілі рэсурс усіх помнікаў, якія знаходзяцца ў нашай краіне. Гэта дае ўсім карыстальнікам магчымасць у адкрытым доступе атрымліваць неабходную інфармацыю”, — падкрэсліў ён.