Уладзімір Лебедзеў: мы зацікаўлены, каб нашы выпускнікі заставаліся працаваць на малой радзіме

- 9:52Планерка

Пра мірную, стваральную працу настаўнікаў і вучняў на карысць малой радзімы карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагутарыў з начальнікам аддзела па адукацыі Горацкага райвыканкама Уладзімірам Лебедзевым.

— Уладзімір Уладзіміравіч, завяршыўся навучальны год. Першая яго палова прайшла пад знакам Года гістарычнай памяці, другая — Года міру і стварэння. Якімі дасягненнямі запомніліся гэтыя насычаныя месяцы?

— Калі гаварыць пра вучэбны пра­цэс, то тут былі дасягненні на абласным і рэспуб­ліканскім узроўні. Дзве нашы вучаніцы сталі лаўрэатамі дыпломаў ІІ ступені рэспубліканс­кай алімпіяды. Вучаніца 11 класа сярэдняй школы № 2 Горак Настасся Кандраценка паказала выдатныя веды па англійскай мове, а Ірына Елісенка, вучаніца 9 класа сярэдняй школы № 4 райцэнтра, — па рускай мове. Таксама традыцыйна мы займаем прызавыя месцы на абласным конкурсе вучнёўскіх работ даследчага характару па біялогіі, хіміі, грамадазнаўстве, гісторыі, беларускай мове. Добрыя вынікі тут у прадстаўнікоў гімназіі № 1, сярэдніх школ № 1 і № 2 Горак.

На базе ўстаноў адукацыі рэгулярна праводзяцца дыялогавыя пляцоўкі. Маштабнай атрымалася раённая дыялогавая пляцоўка “Гэта наш горад” у рамках праекта “Горад, дружалюбны да дзяцей і падлеткаў”. У кожнай школе пры ўдзеле работнікаў пракуратуры прайшло мерапрыемства “Ад памяці мінулага да будучыні”, прысвечанае генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. А ў кінатэатры “Крыніца” вучні сталі ўдзельнікамі ўнікальнай акцыі “Тры ўрокі гісторыі ад “Беларусьфільма”. Сумесна з Беларускім саюзам жанчын і Беларускай Праваслаўнай Царквой у снежні праведзены рэгіянальныя праваслаўныя чытанні “Духоў­насць. Сям’я. Памяць”.

Актыўная работа на карысць роднага краю вялася непасрэдна на зямлі. Падчас рэспубліканскай акцыі “Тыдзень лесу” мы дапамагалі горацкаму лясгасу ў пасадцы дрэў. Асаблівая ўвага — азеляненню прышкольных тэрыторый. У Магілёўскай вобласці распрацавана канцэпцыя па азеляненні раённых цэнтраў і сельскіх населеных пунк­таў, у гэтай справе ўдзельнічаюць педагогі і навучэнцы. Мы разбіваем клумбы, а камунальная гаспадарка прадастаўляе расліны, кветкі. У выніку сумеснай працы школьныя двары заўсёды ўтульныя, а вуліцы населеных пунктаў, тэрыторыя вакол брацкіх пахаванняў перыяду Вялікай Айчыннай вайны дагледжаныя. Тэрыторыі нашых устаноў адукацыі нагадваюць вялізныя кветнікі. Калі дзіця само стварае прыгажосць на роднай зямлі, то яно абавязкова будзе з павагай адносіцца да працы сваіх землякоў.

Пад эгідай Міністэрства адукацыі ў краіне праводзілася дабрачынная акцыя “Сад надзеі”. Мы таксама актыўна да яе далу­чыліся. У кожнай школе Горацкага раёна або заклалі новыя сады, або абнавілі старыя. Традыцыі школьнага садаводства ў нас даўнія. Цудоўныя сады ў Добраўскай, Паршынскай сярэдніх школах. Сярэдняя школа № 4 Горак даглядае яблыневы сад каля помніка “Смуткуючая маці”, дзе знахо­дзіцца брацкая магіла падпольшчыкаў і ахвяр фашыз­му. На гэтым месцы да вайны быў фруктовы сад сельскагаспадарчай акадэміі. Потым акупанты расстрэльвалі тут савецкіх грамадзян. У брацкай магіле пахавана каля 2 тысяч чалавек. Помнік на месцы расстрэлаў устаноўлены ў 1960 годзе. А ў 2015 годзе ў гонар 70-годдзя Вялікай Перамогі вакол яго быў закладзены яблыневы сад, які і даглядаюць настаўнікі і вучні 4-й школы.

— У справе школьнага садаводства, напэўна, падтрымліваеце цесныя сувязі з Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміяй?

— Так, у акадэміі ёсць цудоўны гадавальнік фруктовых дрэў. Дзякуючы акадэміі, школы атрымліваюць раяніраваны для нашай мясцовасці матэрыял. Гэтыя цудоўныя гатункі яблынь на 3—4-ы год ужо пладаносяць. Яны і смачныя, і патанненне школьнага харчавання забяспечваюць. Напрыклад, у садзе Аўсянкаўскай сярэдняй школы шмат дрэў якраз з гэтага гадавальніка. Супрацоўнікі акадэміі дапамагаюць даглядаць дрэвы тэхнічным работнікам школ, настаўнікам працоўнага навучання. Далучаюцца да гэтай справы і дзеці. Такім чынам з вучнямі вядзецца прафарыентацыйная работа.

— Горацкі край знакаміты трады­цыямі сельскагаспадарчай адукацыі. Як гэтыя традыцыі захоўваюцца ў школах раёна?

— У першую чаргу праз дзейнасць агракласаў. У нашым раёне яны былі створаны аднымі з першых у краіне. Чатыры такія класы працуюць у сярэдняй школе № 4 Горак, сярэдняй школе аграгарадка Леніна, Аўсянкаўскай і Горскай сярэдніх школах. На базе акадэміі яе выкладчыкі праводзяць для нашых вучняў заняткі па хіміі і біялогіі, знаёмяць з багатай матэ­рыяльна-тэхнічнай базай установы. Праф­арыентацыйная работа ў гэтым плане вядзецца актыўна. У мінулым годзе з 275 выпускнікоў нашых школ 67 паступілі ў сельскагаспадарчую акадэмію.

— Ці шмат выпускнікоў застаецца працаваць на малой радзіме?

— Многія. Станоўчую ролю тут адыгрываюць сустрэчы ў школах з работнікамі сельгаспрадпрыемстваў. На размову з вучнямі мы стараемся запрашаць маладых спецыя­лістаў. Яны практычна равеснікі сённяшніх вучняў, таму падлеткі больш давяраюць іх словам. Госці расказваюць пра тое, што маладым спецыялістам на сяле прадастаўляецца жыллё, а за добрасумленную працу яны атрымліваюць істотныя даплаты, прэферэнцыі. Сапраўды, навошта шукаць шчасця-долі на чужым, далёкім полі, калі ўсё патрэбнае для якаснага жыцця ёсць на малой радзіме. У той жа Аўсянцы ў школе цудоўны басейн. У гора­дзе — лядовы палац.

Горацкі раён аграрны, і мы зацікаўлены ў тым, каб кадры, якія выпускае сельскагаспадарчая акадэмія (у першую чаргу выпускнікі нашых школ), заставаліся працаваць на малой радзіме.

Раён, дарэчы, у мінулым сезоне ўвайшоў у лідары па намалоце зерня. Добрыя вынікі дасягаюцца дзякуючы працавітасці нашых людзей.

— Пачаўся чэрвень. Летні адпачынак вашых вучняў таксама будзе ўклю­чаць працу на зямлі?

— Акрамя традыцыйных прышкольных лагераў, мы плануем сёлета арганізаваць лагер дзённага знаходжання на базе сельскагаспадарчай акадэміі для вучняў агракласаў. Лагер будзе размяшчацца ў 4-й школе, а асноўны час хлопцы і дзяўчаты будуць праводзіць у акадэміі, знаёміцца з дэндрапаркам, батанічным садам, рыбакомплексам, гадавальнікам. Так што летні час яны правядуць з карысцю.

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара