Уладзімір Радзівілаў: “Артыст павінен расці над сабой

- 11:30Моя школа

Сённяшні госць праекта “Мая школа” — заслужаны артыст Беларусі, артыст размоўнага жанру, парадыст, спявак і па сумяшчальніцтве галоўны Дзед Мароз нашай краіны Уладзімір Радзівілаў.

— Уладзімір Генадзьевіч, адкуль вы родам?

— Я нарадзіўся ў горадзе Узда Мінскай вобласці. Маё дзяцінства — да першага класа — прайшло ў Круглым Магілёўскай вобласці. Першыя “сцэнічныя” выступленні былі ў бабулінай хаце. Яна ставіла мяне на табурэт­ку, і я спяваў — ведаў усе тагачасныя песні. А любоў да песні яшчэ з маленства мне прывіла мая маці Іна Аляксееўна.

Увогуле, усе ў круглянскай радні ігралі на нейкіх інструментах: на гармоніку, дудцы, бубне, скрыпцы. І на ўсіх святах збіраўся сапраўдны сямейны аркестр. У бабулі ў садзе накрывалі вялізны стол, збіраліся ўсёй сям’ёй і адпачывалі. Без песень, вядома, не абыходзілася.

— Як прайшлі вашы школьныя гады?

— Спачатку я вучыўся ў сярэдняй школе № 1 імя А.С.Пушкіна, а калі пабудавалі новую школу (№ 2 імя Кандрата Крапівы), перайшоў вучыцца туды. 

Маім класным кіраўніком у школе імя Кандрата Крапівы была Эма Барысаўна Палойка. Яна стварыла у класе атмасферу сяброўства і добразычлівасці. Паказальна тое, што на ўсіх школьных конкурсах наш клас заўсёды займаў першыя месцы. Відаць, таму мы з аднакласнікамі да гэтага часу падтрымліваем сувязі і, нягле­дзячы на вялікі прамежак часу пасля заканчэння школы, збіраемся ў нашай роднай школе. Не так даўно разам з маёй жонкай Таццянай (яна таксама скончыла гэтую школу) ез­дзілі на вечар сустрэчы з выпускнікамі.

— Ці былі ў школе любімыя прадметы?

— Магчыма, я мог бы быць і выдатнікам, але стараннасці ў мяне было малавата, я больш разлічваў на сваю памяць. Усё схоплі­ваў на ляту — заўсёды слухаў настаўніка і мог запомніць ледзь не даслоўна тое, што ён расказваў на ўроку. Але і ў пад­ручнікі дома прыходзілася заглядваць, бо тата з мамай да маёй вучобы, у адрозненне ад мяне самога, ставіліся вельмі адказна. Бывала, нават, рэменем атрымліваў — у гады майго дзяцінства гэта быў вельмі дзейсны сродак выхавання.

Любіў гісторыю, мову і літаратуру, геаграфію. А вось матэматыка была для мяне вельмі сур’ёзным прадметам, як і іншыя дакладныя навукі. (Смяецца.) Памятаю, як неяк на ўроку хіміі нешта намяшаў у прабірцы, і яна ў мяне ўзарвалася.

Калі казаць шчыра, у дзяцінстве я быў хуліганістым. Праз шмат гадоў пачуў ад народнага артыста Расіі Леаніда Маслюкова, што з хуліганаў атрымліваюцца добрыя артысты. (Смяецца.) Гэта, вядома, не зусім так, і ён казаў гэта, напэўна, для таго, каб нас суцешыць, але доля праўды ў гэтым выразе ёсць.

Школьныя гады былі тым часам, калі жылося шчасліва. Не трэба было ні пра што думаць. У наро­дзе ёсць такая прыказка: “Якая ў цябе сіла?” — “Была ў мяне сіла, калі маці на руках насіла! Вось гэта была сіла!”

— Куды пайшлі пасля заканчэння школы?

— Пасля заканчэння школы пэўны час працаваў на Уздзенскай аўтабазе № 3 слесарам тэхнічнага абслугоўвання. Там я быў “на пярэднім фронце”: каманда, у якой я ўдзельнічаў, займала першыя месцы на турыстычных злётах — і ў песенных конкурсах, і ў перацягванні каната. Потым, як і ўсе мае равеснікі, адслужыў у арміі, а вярнуўшыся, пачаў праца­ваць ва­дзіцелем. Але творчая натура ўзяла верх, і я вырашыў паступаць у Мінскае музычнае вучылішча імя М.Глінкі. 

— Калі пачалася ваша творчая кар’ера?

— Усё пачалося яшчэ ў школьныя гады. У старшых класах па вечарах іграў у ансамблі ў мясцовым рэстаране. У час тэрміновай службы ў Бабруйскім палку сувязі працягваў займацца музыкай — быў удзельнікам вакальна-інструментальнага ансамбля “Імпульс”. 

Ужо на 2 курсе вучылішча стаў працаваць у Белдзяржфілармоніі ў калектыве Святланы Кульпы. Таксама ў гэты час давялося працаваць поруч з Нэлі Багуслаўскай і Ізмаілам Капланавым, з групай “Сузор’е” і іншымі філарманічнымі калектывамі. Зразумела, што на момант атрымання дыплома пералік калектываў, з якімі я супрацоўнічаў, быў вельмі вялікі.

Быў перыяд, калі працаваў у тэатры Аляксандра Ціхановіча і Ядвігі Паплаўскай, а потым каля 6 гадоў — у ансамблі “Сябры” пад кіраўніцтвам Анатоля Ярмоленкі.

— Колькі часу вы ў размоўным жанры? 

— Каля 40 гадоў. Але пры гэтым ніколі не кідаў жанр пародыі і вакал.

На станаўленне маёй кар’еры паўплываў савецкі парадыст Віктар Чысцякоў. Нехта падарыў мне пласцінку з запісам яго выступленняў, і я падумаў: я ж гэтаксама магу!

Размоўны жанр, на мой погляд, адзін з самых цяжкіх. Я вельмі любіў гэты жанр, але ў Беларусі тады “размоўнікаў” нідзе не вучылі. Таму я вырашыў паступіць ва Усерасійскую творчую майстэрню эстраднага мастацтва ў Маскве (ВТМЭИ), якой у той час кіраваў Леа­нід Маслюкоў. Трапіць туды было вельмі складана: конкурс складаў 12 чалавек на месца. Вялікім плюсам было тое, што студэнты гэтай установы мелі магчымаць бясплатнага ўваходу ва ўсе канцэртныя залы Масквы на любы канцэрт пры наяўнасці вольных месцаў. Дзякуючы гэтаму, я змог наведаць канцэрты ўсіх майстроў размоўнага жанру, якія працавалі ў той час на эстрадзе.

— Маючы ганаровае званне заслужанага артыста і папулярнасць ва ўсёй Беларусі, вам яшчэ спатрэбілася вышэйшая адукацыя?

— Так. З усіх маіх адукацый, а скончыў я тры навучальныя ўстановы, кожная дала штуршок у маёй творчай дзейнасці, і кожны раз я браў тое, што потым спатрэбілася ў маім жыцці і творчасці — артыстычнай, тэатральнай і пеўчай. Артыст павінен расці над сабой не спыняючыся.

Жанр, у якім я працую, вельмі спецыфічны: выступаю як вакаліст, чытаю маналогі і фельетоны, раблю размоўныя пародыі на мужчын і жанчын, вядомых артыстаў кіно і эстрады (сёння ў багажы парадыйных вобразаў Георгій Міляр, Анатоль Папанаў і многія іншыя). З прычыны такой спецыфікі вырашыў павысіць свой узровень у размоўным жанры. Вельмі ўдзячны свайму педагогу па сцэнічным маўленні Дзіне Георгіеўне Тыцюк, якую пастаянна ўспамінаю добрым словам.

— Ці бывалі ў вас творчыя крызісы, калі адчувалі, што “ўперліся ў столь”?

— Быў такі час, калі мне надакучылі маналогі і фельетоны — іх у мяне было вельмі шмат. І я вырашыў паспрабаць сябе ў жанры музычных фельетонаў — змяшэнні размоўнага жанру і пародыі. Так з’явіліся канцэртныя нумары “Сон парадыста”, “Славянскі базар” і іншыя. Гэта дало мне новае дыханне ў творчасці.

А калі і гэта надакучыла, я зрабіў песенна-размоўна-парадыйны канцэрт “Палюбіце парадыста”, у які ўвайшлі песні, пародыі, скетчы, маналогі. Да майго 60-годдзя была падрыхтавана праграма “Сапраўдны артыст”, у якую я сабраў усе свае самыя лепшыя нумары за артыстычную кар’еру.

Усяго за час работы на эстра­дзе было падрыхтавана каля 30 праграм. Яшчэ адным значным праектам майго жыцця стаў “Радзівілаў тэатр”, які існуе да сённяшняга дня.

Для артыста галоўная ўзнагарода — поўныя залы і запатрабаванасць у гледачоў. У мяне шмат узнагарод. Самая ганаровая з іх — ордэн Францыска Скарыны.

— Як вам удаецца запамінаць столькі тэкстаў?

— Вучыць даводзіцца шмат. Падчас канцэртаў многае прыходзіцца выкідаць, ды і засмечваць галаву таксама не хочацца. Але канцэртную праграму заўсёды памятаю. Неяк было, што, чытаючы маналог “Для вас, жанчыны” (ён вялікі, мінут на 25), я стаў размаўляць з залай, адхіліўся ад тэксту і “завіс”. Калі доўга размаўляеш з залай, вярнуцца потым у канву маналогу вельмі цяжка. І тут Таццяна з-за куліс мне стала нешта падказваць, але я ніяк не мог сарыентавацца і скончыў выступленне кавалкам іншага маналога — гледачы нават не заўважылі гэтага пераходу. (Смяецца.)

— У вас быў цікавы вопыт работы ў Вялікім тэатры Беларусі. Раскажыце, калі ласка, як вам прапанавалі ролю Фроша ў “Лятучай мышы” Штрауса.

— Сапраўды, атрымалася так, што мне давялося іграць адразу на сцэне Вялікага тэатра, мінаючы ўсе астатнія. Я вельмі ўдзячны, што мяне запрасілі на гэтую ролю. Спектакль ставіў венгерскі рэжысёр Міклаш Габор Кераньі, які вельмі сур’ёзна падыходзіў да падбору акцёраў. Працаваць з рэжысёрам спачатку было цяжкавата (разумець яго ламаную рускую мову было няпроста), але потым уцягнуўся. Тым больш што амаль усіх акцёраў я ведаў асабіста: з кімсьці разам вучыліся, з кімсьці сустракаліся падчас канцэртаў. Я не адчуваў сябе чужым у тэатральным асяроддзі.

Перад прэм’ерай Кераньі вырашыў, што ва ўсіх прэм’ерных спектаклях ролю Фроша буду выконваць менавіта я. Мне было крыху шкада майго дублёра, якому, дарэчы, у гэтых спектаклях дасталася роля начальніка турмы. Прэм’ера спектакля адбылася ў 2018 годзе, і на працягу некалькіх сезонаў ён карыстаўся вялікай папулярнасцю ў гледачоў.

Я з задавальненнем аддаўся гэтаму праекту і ні разу не пашкадаваў. Гэта быў вельмі важны вопыт у маім станаўленні як артыста. Да таго ж я змог крыху адпачыць ад эстрады і ўліцца ў вялікую добрую і добразычлівую тэатральную сям’ю. 

— Ці ёсць у вас захапленні?

— Найперш я калекцыянірую Дзядоў Марозаў. Многія з іх хо­дзяць, размаўляюць, спяваюць. Шмат што дораць дзеці: выпілаваныя лобзікам, пашытыя, намаляваныя. Дома калекцыя ўжо не змяшчаецца, таму частку яе захоўваю на дачы.

Яшчэ вельмі люблю ружы, якіх на дачы ў мяне вельмі шмат: ад вялікіх да зусім мініяцюрных.

— Як здарылася так , што вы сталі Дзедам Марозам?

— У гэтым годзе спаўняецца 27 гадоў, як я ўзяўся за посах Дзеда Мароза на галоўнай ёлцы краіны. А пачалося ўсё значна раней. Адразу пасля службы ў арміі я пайшоў працаваць ва Уздзенскі дом культуры, і дырэктар прапанаваў мне гэтую ролю на адным з дзіцячых свят, а Снягуркай стала Наташа Вішнякова.

— Цяжка быць Дзедам Марозам?

— За столькі часу ўжо, як кажуць, уцягнуўся. (Смяецца.) Тым больш што кожны год адбываюцца новыя паказы. Новыя сцэнарысты і рэжысёры, новыя дэкарацыі і акцёры. Некалькі гадоў назад за святочныя дні адпрацоўвалі каля 70 паказаў — па 3 на дзень. На жаль, з-за пандэміі ў мінулым го­дзе выступленняў стала ўдвая менш. Для дзяцей Новы год — гэта самае вялікае шчасце, і вельмі крыўдна, што не ўсе жадаючыя могуць трапіць на галоўную ёлку краіны.

Сёння на паказы ўжо прыхо­дзяць дзеці тых дзяцей, якія калісьці былі на нашых першых выступленнях, таму можна сказаць, что Дзед Мароз зрабіў вельмі значны ўклад у выхаванне моладзі нашай краіны.

Бывалі ў рабоце і кур’ёзы. Неяк для ролі Снягуркі падабралі дзяўчыну, якая была… на галаву вышэйшая за мяне. (Смяецца.) Ну якая ж гэта ўнучка!

— Чаго б Дзед Мароз пажадаў сабе пад ёлку?

— Найперш і сабе, і ўсім лю­дзям хачу пажадаць здароўя, каб у свеце нарэшце настаў мір, каб над нашай планетай свяціла зорка дабрыні, любові і шчасця.

Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з архіва Уладзіміра Радзівілава.