Уладзімір Русак: першай сваёй задачай бачу даваць старшакласнікам урокі аб сапраўдных чалавечых каштоўнасцях

- 17:21Образование

Стаж работы ў школе ў падпалкоўніка запасу Уладзіміра Русака невялікі — крыху больш як паўтара навучальнага года. У параўнанні з армейскім, дзе 28 каляндарных, гэта, як кажуць, кветачкі. Аднак значнасць і аўтарытэт намесніка дырэктара па ваенна­-патрыятычным выхаванні ва ўздзенскай сярэдняй школе № 2 імя К.К.Крапівы ўнушальныя.

І першы штрышок у гэтым педагагічным заліку, вядома ж, аўтарытэт і прыклад ваеннай службы самога выкладчыка.

Ён выпускнік Пензенскага вышэйшага інжынерна-артылерыйскага вучылішча. За плячыма ў вайскоўца Прыволжская і Уральская ваенныя акругі. Давялося паслужыць і ў Сярэдняй Азіі, быць удзельнікам баявых аперацый. Так што сумаваць на ўроках такога бывалага афіцэра юнакам не даводзіцца.

 На Радзіму, у Беларусь, перавёўся Уладзімір Русак у 1992 годзе. Дарэчы, дзе б ні прахо­дзіла яго служба, на адпачынак ён заўсёды спяшаўся на любімую Уздзеншчыну, дзе мілей за яго родную вёску Бярвішчы не было нічога. Не вабілі яго ніякія паўднёвыя курорты і замежныя краіны, толькі родныя сэрцу мясціны. Сюды і вярнуўся ён з жонкай, калі выйшаў у запас. І гэты штрышок адданасці малой радзіме ў біяграфіі выкладчыка дапрызыўнай падрыхтоўкі таксама толькі на карысць справе. Дарэчы, неўзабаве ў гэтай жа вёсцы пабудавала ўласны дом і сям’я дачкі.

— Ды калі сказаць па праў­дзе, то ў школу я прыйшоў не кар’еру рабіць, — разважае Уладзімір Валянцінавіч. — Мне крыўдна, што крыху ўпусцілі моладзь. Бясспрэчна, маладыя людзі зараз больш адукаваныя ў многіх пытаннях, сучасных тэхналогіях, а ў патрыятычным выхаванні ўступаюць нашаму пакаленню. Таму першай сваёй задачай бачу даваць старшакласнікам урокі аб сапраўдных чалавечых каштоўнасцях, любові да Радзімы, якая пачынаецца з сям’і, дома, школы, сяброў. Шмат расказваю юнакам пра армію і перавагі ваеннай службы.

І калі хто яшчэ думае, што задача ваенрука навучыць хлопцаў разбіраць і збіраць аўтамат, то глыбока памыляецца. Пачатковая ваенная падрыхтоўка, як гэта было ў савецкай школе, ідзе сама сабой. З пяцікласнікамі Уладзімір Валянцінавіч працуе на факультатыўных занятках “Мая Айчына”. Папулярнымі сталі ў школе і аб’яднанні па інтарэсах “Юны стралок”. Жадаючых трапіць “у яблычак” набралася дзве групы. Не прапускаюць такія цікавыя заняткі хлопчыкі падчас канікул і ў суботні дзень.

— У асноўным страляюць з пнеўматычнай вінтоўкі юнакі 5—11 класаў, — расказвае Ула­дзімір Русак. — Аднак ёсць некалькі і трэцякласнікаў. Вельмі хацелі. Не змог адмовіць. А раптам будучыя алімпійскія чэмпіёны? Няхай набіваюць руку. Быў адзін хлопчык, які спачатку зусім не трапляў у мішэнь, а цяпер з пяці выстралаў закрывае ўсе пяць. Галоўнае — верыць у свае сілы і даваць дзецям шанс.

Экскурсіі ў вайсковыя часці, музеі, навучальныя ўстановы таксама складнікі работы па ваенна-патрыятычным выхаванні. Перыядычна сустракаюцца з вучнямі і курсанты ваенных устаноў. Так, урок прафарыентацыі правялі са старшакласнікамі курсанты Ваеннай акадэміі Даніла Сайкоў і Ілья Бокун, якія вучацца на факультэце ракетных войск і артылерыі. Абое яны выпускнікі гэтай жа школы. На сустрэчы з дзесяцікласнікамі курсанты вельмі пераканаўча расказвалі пра свой свядомы выбар, пра цяжкасці і перавагі вучобы па ваеннай спецыяльнасці, не забылі адзначыць і тое, наколькі пашанцавала цяперашнім старшакласнікам на такога выкладчыка. З асаблівай цеплынёй гаварылі курсанты пра свайго школьнага настаўніка гісторыі Андрэя Мікалаевіча Ярмольчыка, які не толькі здольны прывіць любоў да свайго прадмета, але і быць патрыётам сваёй краіны.

Увогуле, у школе заўсёды шмат мерапрыемстваў ваенна-патрыятычнай накіраванасці. Праходзяць яны практычна ў кожным класе. Напрыклад, з вучнямі 8 “Б” і 9 “Б” класаў сустрэліся член Саюза пісьменнікаў Беларусі Валянціна Шытыка, аўтар рамана пра воінаў-інтэрнацыяналістаў, і Вольга Бокуць-Чабатарова, муж якой служыў у Афганістане.

Дарэчы, Валянціна Мікалаеўна Шытыка ў свой час выкладала гісторыю ў гэтай жа школе. У яе класе вучыўся тады і Ула­дзімір Валянцінавіч Русак. Сустрэцца зноў у родных сценах ім было вельмі прыемна. А тое, што да іх кампаніі далучыўся і ўнук У.Русака Мацвей з сябрамі, у каторы раз пераканала, наколькі моцная сувязь праз гады, з пакалення ў пакаленне.

Святлана МІХАЙЛОЎСКАЯ