Уладзімір ШАБАН: “Галоўнае — бачыць людзей”

- 11:23Моя школа

Ужо 9 гадоў лепшы цырк у Еўропе ўзначальвае Уладзімір ШАБАН. Якім быў яго шлях да пасады дырэктара, што з цыркавых дасягненняў выклікае ў яго асаблівую гордасць і ў чым залог поспеху кіраўніка такой творчай структуры — даведаемся разам.

— Уладзімір Анатольевіч, усё пачынаецца з дзяцінства, якім яно было ў вас?

— Скончыў я Любанскую сярэднюю школу Вілейскага раёна Мінскай вобласці. Памятаю, як у пачатковых класах хадзіў яшчэ ў невялічкую драўляную школку, а цяпер на яе месцы стаіць царква. Побач з ёю, прымыкаючы да Дома культуры, размешчаны дыхтоўны і вельмі ўтульны школьны будынак. Мяне некалькі разоў запрашалі як ганаровага госця на выпускныя вечары, было цікава паглядзець на новыя сучасныя класы, вялікую спартзалу і прасторную сталовую. Зараз там створаны ўсе ўмовы для вучобы.

Маё дзяцінства прайшло ў сельскай мясцовасці. І, зразумела, што ў ім былі збіранне грыбоў і ягад, сенакосы, уборка бульбы, праца з коньмі і многа чаго іншага. Вельмі любіў хадзіць у начныя паходы і на рыбалку са старэйшым братам Пятром. І пакуль баць­кі працавалі, мы таксама без справы не сядзелі і зараблялі грошы, напрыклад, збіраючы і здаючы яблыкі, а пасля імі маглі аплаціць свае падручнікі.

Акрамя гэтага, у нас была доб­рая музычная школа, якую я скончыў па класе баяна. Быў яшчэ нядрэнны мясцовы самадзейны духавы аркестр, у якім асвоіў трубу. Выступаў у яго складзе да самага прызыву ў армію.

— Пайшлі служыць у 18 гадоў?

— Так. Пасля заканчэння агульнаадукацыйнай школы баць­кі адправілі мяне вучыцца ў Маладзечанскую аўташколу ДТСААФ.
І, атрымаўшы вадзіцельскае пасведчанне прафесіянала, роўна ў 18 гадоў я быў прызваны ў рады Савецкай арміі на два гады. Служыў у горадзе Гатчына Ленінградскай вобласці. Дырыжор духавога аркестра маёй вайсковай часці праслухаў мяне і запрасіў да сябе ў якасці штатнага музыканта.

Дарэчы, армія дапамагла мне вызначыцца з прафесіяй. Са мной разам служылі, напрыклад, музыканты Сяргей Співакоў і Юра Крылоў, якія пасля працавалі з Эдзітай Пьехай, і Аляксандр Козыраў з Гомеля, і іншыя. Увогуле ў нас быў цікавы калектыў музыкантаў — зводны аркестр, які да таго ж запрашалі на знакавыя святы ў Ленінград на Дварцовую плошчу. І там каля 1000 музыкантаў ігралі разам, гэта было незабыўна. Між іншым мы, музыканты, служылі без выхадных, таму нас нават называлі шахцёрамі. (Усміхаецца.)

Многія прыезджыя артысты гавораць: “Пасля выступлення на беларускім манежы ўзнікае іншае ўспрыманне цыркавога мастацтва і сябе”.

Недзе праз паўтара года службы Аляксандр Козыраў запытаўся: “Валодзя, а ты не хочаш паступіць у Ленінградскі інстытут культуры?” Я падумаў-падумаў і рашыў, чаму б і не. Да таго часу я ўжо стаў камандзірам аддзялення, вырас да сяржанта, быў занесены на Дошку гонару вайсковай часці як выдатнік баявой і палітычнай падрыхтоўкі. Пачаў рыхтавацца да паступлення, штудзіраваць неабходную літаратуру і тут даведаўся, што ў Мінску адкрываецца свой інстытут культуры. Канечне, я вырашыў, што лепш вучыцца бліжэй да дому. Звольніўся ў сярэдзіне мая, удала прайшоў субяседаванне і экзамены і паступіў у Мінскі інстытут культуры на “Арганізацыю і методыку культурна-асветніцкай работы” — мае арганізатарскія здольнасці ўзялі верх. (Усміхаецца.)

Мяне адразу прызначылі старастам групы, бо я ўжо быў кандыдатам у члены партыі, а праз год стаў старшынёй прафсаюзнага бюро факультэта. Першыя тры сесіі здаў на выдатна і змог перайсці на свабоднае наведванне заняткаў, бо трэба было ­актыўна займацца грамадскай дзейнасцю. Пры заканчэнні інстытута мяне размеркавалі мастацкім кіраўніком у Пухавіцкі раён у вёску Амельна. Затым год вучыўся на вышэйшых курсах КДБ, дзе разам са мной была моладзь з розных куткоў СССР — ад Ула­дзівастока да Прыбалтыкі. Атрымаў лейтэнанта, і мяне накіравалі ў Сярэднюю Азію, у Самарканд. На той час я ўжо ажаніўся, але жонку на 9-м месяцы цяжарнасці прыйшлося пакінуць у Мінску. У Самаркандзе мне адразу ўручылі ключы ад аднапакаёвай кватэры, дзе я і пражыў наступныя тры гады. Потым мяне накіравалі ў цэнтральны апарат Ташкента. Там працаваў 8,5 года, пры гэтым з культурай быў звязаны заўсёды і ведаў усё творчае асяроддзе.

— Напэўна, за час службы вывучылі не адну мову?

— Што тычыцца англійскай ці нямецкай мовы, то, на жаль, з імі было вельмі складана ў часы майго дзяцінства, асабліва ў сельскай мясцовасці. Бо, уявіце, настаўнік матэматыкі выкладаў у нас нямецкую. Затое з удзячнасцю ўзгадваю сваю першую настаўніцу Афанасію Ягораўну Шахноўскую і настаўніцу рускай мовы і літаратуры Ларысу Аляксееўну Сліжэўскую, якая была яшчэ і нашым класным кіраўніком. Ім абедзвюм я вельмі ўдзячны за вучобу і веды.

За час службы нядрэнна вывучыў таджыкскую мову ў Самаркандзе, пасля — узбекскую ў Ташкенце, асвоіў фарсі і цюркскую. І нават зараз, калі ў канцы кастрычніка быў у Казані, дзе гавораць на татарскай мове, а яна мае цюркскую аснову, то кожнае пятае слова разумеў. Хоць і прайшло ўжо больш за 20 гадоў, аднак павітацца, запытацца пра здароўе і самаадчуванне я магу. Безумоўна, сёння неабходна валодаць мовамі, каб быць чалавекам свету. І калі мы бываем на гастролях у Іспаніі, Францыі, Германіі і г.д., то я ўсіх разумею, але калі больш афіцыйныя сустрэчы праходзяць, то бяру з сабой перакладчыка.

— Калі вярнуліся на Радзіму?

14.10.2016 г. минск. белорусский государственный цирк. владимир шабан – директор с семьей.

— У 1994 годзе. Якраз перамог А.Р.Лукашэнка на выбарах і ўзнікла пытанне аб арганізацыі службы бяспекі Прэзідэнта. Я стаяў ля вытокаў стварэння такой службы, з’яўляюся яе ветэранам. Праз год зноў вярнуўся ва ўпраўленне КДБ па Мінску і Мінскай вобласці, атрымаў палкоўніка, праслужыў да 50 гадоў і пайшоў у запас. Але аднойчы мой сябар і хросны маіх дзяцей Аляксандр Валянцінавіч Гарбар прапанаваў пасаду намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце, сацыяльных, прававых і кадравых пытаннях Белдзяржфілармоніі. Ён тады яшчэ пажартаваў: “Ты тры гады не адпрацаваў пасля інстытута культуры, дык вось зараз адпрацуй”. Так я зноў з задавальненнем трапіў у творчае асяроддзе на тры гады тры месяцы і тры дні. Аднак праз тры гады кіраўнік дзяржавы даручыў знайсці чалавека на пасаду дырэктара Белдзяржцырка, якім працую ўжо дзевяць гадоў.

— Дарэчы, а ў дзяцінстве вы бывалі ў цырку? 

— Так, адзін раз. Мне было гадоў 9—10. Напэўна, мяне, як і ­іншых вясковых дзяцей, паса­дзілі ў аўтобус і прывезлі ў сталічны цырк. Адразу скажу: самога паказу я не памятаю, затое дырыжор аркестра — маэстра Міхаіл Фінберг запомніўся мне на ўсё жыццё, памятаю кожны яго жэст. І ўявіце маё захапленне, калі, стаўшы дарослым і паглыбіўшыся ў сферу культуры, я пачаў даволі часта сустракацца з ім у нефармальнай атмасферы за кубкам гарбаты.

— За вашы 9 гадоў наш цырк стаў яшчэ больш яркім. А якія цыркавыя дасягненні выклікаюць у вас асаблівую гордасць?

— Дзякуючы кіраўніку краіны, мы зрабілі капітальны рамонт будынка нашага цырка. Сёння ён лепшы ў Еўропе! Калі да нас прыязджаюць спецыялісты і артысты з розных краін свету — Аўстраліі, ЗША, Германіі, Францыі, то ўсе захапляюцца нашым цыркам. Многія адзначаюць, што наш цырк чысты, утульны і камфортны. Ён адрозніваецца ад іншых цыркаў не толькі сваімі тэхнічнымі магчымасцямі, але і атмасферай. Некаторыя нават гавораць, што пасля выступлення на беларускім манежы ў іх узнікае іншае ўспрыманне свайго мастацтва і сябе. Гэта і не дзіўна, бо ў нас усе артысты працуюць з душой. 

Зараз мы разам з мастацкім кіраўніком Вітаўтасам Алгердавічам Грыгалюнасам ствараем сюжэтныя праграмы паказаў з адзі­най канцэпцыяй, таму ўсё выглядае арганічна і прыгожа. Цяпер у нас лепшы балет, у складзе якога не толькі прыгажуні-дзяўчаты, а і юнакі. І балет наш стаў ­удвая прыгажэйшым. Мы ўважліва ставімся да адбору музыкантаў і артыстаў.

Я неверагодна радуюся, калі еду ў цырк у пятніцу ці суботу і бачу, як уздоўж вуліцы Янкі Купалы стаяць аўтобусы — гэта значыць, да нас прыехаў абласны глядач.

Правялі два Мінскія міжнародныя фестывалі цыркавога мастацтва — гэта вельмі важна, бо, дзякуючы ім, пра нас загаварылі ва ўсім свеце. 13 снежня споўнілася роўна 9 гадоў, як я узначальваю Белдзяржцырк. За гэты час я настолькі прапусціў яго праз сябе, што магу размаўляць з цыркавымі калегамі на адной мове. Ведаеце, цыркавая супольнасць мае свае пэўныя прынцыпы. Каб зразумець іх, мне давялося аб’ездзіць літаральна ўвесь свет: ад Іспаніі да Паўночнай Карэі. І калі спачатку запрашалі на фестывалі цыркавога мастацтва як ганаровага госця, то зараз — як члена журы, а гэта ўжо прызнанне і цябе, і твайго цырка.

— Уладзімір Анатолье­віч, неяк вы прызналіся, што кожную праграму глядзіце мінімум 20 разоў…

— Магчыма, не заўсёды атрымліваецца па 20 разоў, але сапраўды кожную праграму я гля­джу шмат разоў ад пачатку і да канца. Гэта неабходна для таго, каб кантраляваць узровень паказу. Прычым пастаянны кантроль павінен быць не толькі з майго боку, але і з боку мастацкага кіраўніка Вітаўтаса Грыгалюнаса, і галоўнага рэжысёра Алы Нікалаевай-Аліевай.

— Памятаю, у разгар каранавіруса вы з сумам паведамлялі, што рэгіянальны глядач амаль што знік. Ці вярнуўся ён?

— Так, у 2020 годзе ў нас быў перапынак з красавіка па вераснь, але наша майстэрства не знізілася. І зараз у нас творчы ўздым па ўсіх напрамках, што мяне вельмі радуе. На сённяшні дзень і наша летняя праграма “Без шкарпэтак”, і восеньская “Усё будзе добра”, зроб­леная сумесна з цыркам Максіма Юр’евіча Нікуліна, дапамаглі нам ­узяць новую прыступку цыркавога мастацтва. У восеньскай праграме мы аб’ядналі двух рэжысёраў, двух балетмайстраў і шпрэхшталмайстраў — і гэта таксама ўзбагаціла нас. Зараз у навагодняй праграме выступаюць артысты “Брыльянтавага цырка Якуціі”. Для таго каб здзівіць нашага гледача, яны прывезлі двух мамантаў: вялізнага дарослага маманта і малое маманцяня. Зразумела, што яны не жывыя, але Якуція можа сабе дазволіць зрабіць робатаў-мамантаў, якіх змогуць пабачыць і нашы гледачы. Спадзяюся, у нас атрымалася сапраўднае зімовае “Навагодняе падарожжа”. З 17 снежня па 15 сту­дзеня ў нас запланавана 65 паказаў, і, між іншым, білетаў амаль няма.

З 17 снежня па 15 студзеня ў Белдзяржцырку запланавана 65 паказаў “Навагодняга падарожжа”.

Што тычыцца рэгіянальнага гледача, то, прызнаюся, я неверагодна радуюся, калі еду ў цырк у пятніцу ці суботу і бачу, як уздоўж вуліцы Янкі Купалы стаяць аўтобусы — гэта значыць, да нас прыехаў абласны глядач. Асабліва заўважна гэта падчас канікул. Я падыхо­джу да дзяцей і пытаюся, адкуль яны, і часта чую адказы: з Барысава, Маладзечна, Баранавіч і г.д.
Вядома, тут трэба ад­даць належнае тым педагогам, якія арганізоўва­юць гэтыя паездкі. Адпаведна, і мы, нашы ­артысты імкнёмся выкласціся на ўсе 110%.

— Думаю, вы ведаеце, што гэтым летам адбыўся першы набор у вашай роднай альма-матар, у БДУКіМ, на завочнае навучанне па спецыяльнасці “Цыркавая рэжысура”. Будзеце супрацоўнічаць?

— Гэта вельмі складана, бо пакуль няма неабходнай вучэбнай асновы і выкладчыцкага складу. Безумоўна, тое, што робіць Міністэрства культуры і БДУКіМ на чале з Наталляй Ула­дзіміраўнай Карчэўскай, — добра, аднак такія рэжысёры хутчэй за ўсё пойдуць працаваць у дзіцячыя самадзейныя цыркавыя калектывы.

Увогуле, цырк пачынаецца з падарожжа па яго закуліссі — з экскурсіі разам з нашымі выдатнымі экскурсаводамі Анастасіяй Туманавай і Наталляй Шоўгур. Акрамя таго, мы праводзім майстар-класы. Наш галоўны рэжысёр Ала Анатольеўна Нікалаева-Аліева прыязджае, напрыклад, у цыр­кавую студыю ПК МАЗ. Яна гля­дзіць на юных артыстаў і падказвае, у якім напрамку развівацца далей. І мы гэтую справу не пускаем на самацёк. Адзінае, многія таленавітыя дзеці пасля заканчэння школы ­ідуць не ў цыркавое мастацтва, а па настаўленні бацькоў выбіраюць іншую прафесію. Аднак калі нехта з юнакоў і дзяўчат захоча ­стаць менавіта цыркавым артыстам, то атрымаць прафесійную адукацыю мы яму дапаможам у тым жа вучылішчы Карандаша (Дзяржаўным вучылішчы цыркавога і эстраднага мастацтва імя М.М.Румянцава. — Заўвага аўтара.).

— Калегі любяць і паважаюць вас. У чым залог вашага поспеху як кіраўніка?

— Вялікі жыццёвы і кіраўнічы вопыт. Калі я прыйшоў у цырк, то адразу сваім падначаленым сказаў, што ўсіх паважаю і буду падтрымліваць толькі самыя добрыя іх якасці: “Вы ўсе — прафесіяналы, кожны з вас знаходзіцца на сваім месцы, і я буду гэта заахвочваць. Калі ласка, стаўцеся да сябе і сваіх калег спакойна і з павагай”. Галоўнае, бачыць людзей, і калі яны прафесіяналы, даць магчымасць праявіць сябе.

Ведаеце, я перакананы: калі ты начальнік, значыць, цябе павінны паважаць не за тое, што ты ­ўмееш гарлапаніць, а за тое, што ты ве­даеш, як правільна арганізаваць работу. І ў мяне гэта атрымалася, сёння ў любым аддзеле цырка спакойна і пануе творчая атмасфера. Я магу з упэўненасцю сказаць: усе нашы супрацоўнікі і артысты прыходзяць на работу з задавальненнем і ідуць з яе ў добрым настроі.

— Уладзімір Анатольевіч, раскажыце, калі ласка, чым будзе здзіўляць і радаваць Белдзяржцырк у 2023 годзе?

— Лютаўская праграма ўжо ствараецца, але пакуль яна сюрпрыз. Летняя праграма зноў стане нацыянальнай, і мы на 100% будзем рабіць яе сваімі ўласнымі сіламі. А ў верасні разлічваем на мінскую фестывальную праграму. Вельмі спадзяёмся, што нашы артысты пакажуць сябе на гастролях і міжнародных фестывалях. 

— І калі падсумаваць, то цырк для вас — гэта…

— Цырк — гэта маё жыццё, іншага ў мяне ўжо дакладна не бу­дзе.

Гутарыла Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота з архіва Уладзіміра Шабана.