Унікальная лабараторыя адкрылася ў БДУІР

- 10:33Вышэйшая школа

У Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі 12 мая адкрылася адзіная ў Беларусі вучэбная лабараторыя па абароне інфармацыі — сумесны праект з расійскай IT-кампаніяй “СёрчИнформ”, якая займаецца распрацоўкай сродкаў інфармацыйнай бяспекі.

Кафедра абароны інфармацыі БДУІР унікальная. Яна адзіная ў рэспубліцы рыхтуе спецыялістаў, якія не толькі забяспечваюць кантроль тэхнічных сродкаў і механізмаў сістэм абароны інфармацыі, але і правядзенне атэстацыі і сертыфікацыі на адпаведнасць нарматыўным патрабаванням тэхнічнай абароны інфармацыі. Выпускнікам гэтай кафедры прысвойваецца двайная кваліфікацыя: “спецыяліст па абароне інфармацыі” і “інжынер па тэлекамунікацыях”.

Першы прарэктар БДУІР Сяргей Дзік адзначыў, што канцэпцыя навучання ў БДУІР заключаецца ў сумеснай падрыхтоўцы спецыялістаў з вядучымі IT-кампаніямі на базе агульных лабараторый, навуковых цэнтраў. Гэта дазваляе працаваць непасрэдна з заказчыкамі кадраў. Яны прадастаўляюць свае прадукты, рыхтуюць асобныя дысцыпліны, па якіх вядзецца практыка-арыентаваная падрыхтоўка студэнтаў. Выпускнікі з першых дзён работы ў кампаніях адчуваюць сябе запатрабаванымі спецыялістамі, якія здольны справіцца з вырашэннем любой пастаўленай задачы. Лабараторыя па абароне інфармацыі стала 44-й па ліку лабараторыяй у БДУІР. На падыходзе адкрыццё 45-й.

Кампанія “СёрчИнформ” распрацоўвае рашэнні для абароны інфармацыі ў банкаўскай справе, машынабудаванні, нафтагазавай галіне, дзяржкіраванні. Кампанія перадала ўніверсітэту свой праграмны прадукт “Контур інфармацыйнай бяспекі”, а таксама метадычнае забеспячэнне для яго. Гэтае праграмнае забеспячэнне, ужо ўсталяванае ў новай лабараторыі, дазваляе супрацьдзейнічаць уцечцы камерцыйнай тайны і іншай канфідэнцыяльнай інфармацыі праз кантроль інфармацыйных патокаў, даследаванне ўсіх перададзеных даных, апавяшчэнне аб парушэннях палітыкі бяспекі ў арганізацыях, а таксама правядзенне расследаванняў і папярэджання ўцечкі канфідэнцыяльнай інфармацыі.

— Чаму важна акцэнтаваць увагу на важнасці абароны інфармацыі? Штодня робячы сотні анлайн-аперацый, мы не задумваемся аб захаванасці карпаратыўных і персанальных даных. Напрыклад, перадаём даныя ад банкаўскіх карт трэцім асобам, што прыводзіць да страты грошай, — тлумачыць загадчык кафедры абароны інфармацыі прафесар Цімафей Барбоцька.

Адзін з кірункаў лабараторыі — распрацоўка ўнікальных уласных сродкаў абароны інфармацыі.

— Наша прылада маўленчай абароны інфармацыі “Прыбой” забяспечвае абаронены контур у памяшканні, выключаючы магчымасць перахопу інфармацыі з дапамогай тэхнічных сродкаў за межамі памяшкання. Іншая распрацоўка — дэтэктар, які выяўляе ўцечку інфармацыі з камп’ютараў. Яшчэ адна — электрамагнітныя экраны для занальнага экраніравання памяшканняў. Усе прыборы вырабляюцца на базе БДУІР і ўжо размеркаваны па заказчыках, — паведаміў Цімафей Валянцінавіч.

Спецыялізаваная дысцыпліна “Супрацьдзеянне ўцечцы канфідэнцыяльнай інфармацыі”, якая раней не чыталася ў БДУІР, таксама створана на аснове распрацовак “СёрчИнформ”. Гэты прадмет магістранты факультэта тэлекамунікацый пачнуць вывучаць з верасня 2017 года.

Да новага навучальнага года на кафедры абароны інфармацыі БДУІР “СёрчИнформ” адкрые аўтарызаваны цэнтр кампаніі, у якім выкладчыкі і студэнты будуць праходзіць бясплатнае сертыфікаванае навучанне. Спецыялісты цэнтра распрацуюць асобную праграму па навучанні інфармацыйнай бяспецы школьнікаў. Акрамя гэтага, кампанія “СёрчИнформ” мае вопыт правядзення ў Расіі алімпіяды па інфармацыйнай бяспецы сярод студэнтаў і школьнікаў, таму ў найбліжэйшых планах — правядзенне такіх спаборніцтваў у БДУІР.

Марына ПЫРКОВА.
Фота аўтара.