Унікальныя, змястоўныя, практыка-арыентаваныя

- 11:11Якасць адукацыі

Найноўшыя распрацоўкі педагогаў для адукацыйнага працэсу

У Магілёўскім дзяржаўным абласным інстытуце развіцця адукацыі адбыўся заключны (вочны) этап  ХІІІ Рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”, былі падведзены яго вынікі. Дыпламантамі гэтых спаборніцтваў сталі сёлета 23 праекты. 5 работ удастоены дыпломаў І ступені, 7 — дыпломаў ІІ ступені, 11 — дыпломаў ІІІ ступені.

Конкурс “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”, вядомы пад абрэвіятурай КАІ, праводзіцца штогод пачынаючы з 2006 года і ўжо зарэкамендаваў сябе ў педагагічным асяроддзі як прэстыжны ІКТ-фестываль. Прадстаўленыя на конкурс работы — гэта найноўшыя дасягненні і напрацоўкі беларускіх педагогаў (а некаторыя ў суаўтарстве з навучэнцамі) у галіне ІКТ, якія выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе. Работы пераможцаў штогод папаўняюць рэспубліканскі банк электронных адукацыйных рэсурсаў і размяшчаюцца на нацыянальным адукацыйным партале і партале “Прафесійная адукацыя”.

Як адзначаюць арганізатары конкурсу, узросшая цікавасць да спаборніцтваў гаворыць пра тое, што педагогі прыходзяць да ўсведамлення неабходнасці інфарматызацыі адукацыі. Настаўнікі актыўна авалодваюць найноўшымі тэхналогіямі, ствараючы ўнікальныя і эфектыўныя электронныя адукацыйныя рэсурсы. Калі ў мінулым годзе на завочны этап конкурсу былі прадстаўлены 378 праектаў, то сёлета была пададзена рэкордная колькасць заявак — 547. Найбольшую актыўнасць прадэманстравалі педагогі Гродзеншчыны (201 заяўка), Міншчыны (82 заяўкі) і Гомельшчыны (71 заяўка).

Конкурс праводзіўся ў два этапы. На першы (дыстанцыйны) этап прэтэндэнты прадстаўлялі відэаматэрыял, які змяшчаў інфармацыю аб актуальнасці праекта, яго мэтах і задачах, дэманстрацыю фрагментаў рэальнага прадукту. Вынікам ацэньвання праектаў на першым этапе з’явіўся сумарны бал, які складаўся з балаў, выстаўленых членамі журы, і балаў анлайн-галасавання педагогаў.

У другі этап конкурсу прайшлі 56 аўтарскіх праектаў у 6 намінацыях: “Сеткавае ўзаемадзеянне ў адукацыйным працэсе”, “Электронныя адукацыйныя рэсурсы ў дапрафесійнай падрыхтоўцы”, “ЭАР у спецыяльнай адукацыі”, “ЭАР у агульнай сярэдняй адукацыі (па вучэбных прадметах гуманітарнага і сацыякультурнага цыкла), “ЭАР у агульнай сярэдняй адукацыі (па вучэбных прадметах прыродазнаўча-матэматычнага цыкла), “ЭАР у дашкольнай і пачатковай адукацыі”.

Валянціна Міхайлаўна Міхальцова з Брылёўскай сярэдняй школы Гомельскага раёна прадставіла ЭАР “Нотны трэнажор “У гасцях у чараўніка До”. Ён прызначаны для арганізацыі вывучэння ці паўтарэння нотнай граматы з адначасовым кантролем. Трэнажор разглядае 3 тэмы: запіс нот у скрыпічным і басовым ключах; працягласць нот і паўз, знакі альтэрацыі. Вывучэнне кожнай тэмы ўключае ў сябе сціслае выкладанне тэарэтычнага матэрыялу, раздзел практычных практыкаванняў, развіццёвыя гульні, кантралюючыя тэставыя заданні. Усе заданні трэнажора прадугледжваюць пэўныя практычныя дзеянні, забяспечваюць зваротную сувязь, магчымасць карэкцыі дзеянняў і адказаў.

Праграмны код усіх практыкаванняў, заданняў і тэстаў забяспечвае выпадковы выбар пытанняў, што дазваляе выкарыстоўваць практычны матэрыял без страты эфектыўнасці на працягу доўгага часу навучання. Праграмны модуль адзначае памылкі, дапушчаныя падчас выканання заданняў, і ў большасці выпадкаў патрабуе пошуку правільнага адказу. Пры выкананні заданняў улічваецца хуткасць фармулёўкі правільнага адказу, дзе на выкананне вучэбных дзеянняў адводзіцца абмежаваная колькасць часу.

Па словах аўтара, выкарыстанне ЭАР дазваляе павысіць якасць ведаў па тэорыі музыкі і фарміруе ўстойлівы навык беглага чытання нот шляхам унутранай матывацыі навучэнцаў і актыўнай вучэбнай дзейнасці.

Юлія Сяргееўна Сухан і Вольга Уладзіміраўна Кушлянкова з ясляў-сада № 81 Магілёва прадэманстравалі праект “Электронны адукацыйны рэсурс  “Самоделкин”, які дазваляе развіваць матэматычныя здольнасці дашкольнікаў, лагічнае мысленне, уяўленне. Гэтая праграма можа выкарыстоўвацца ў межах дадатковай адукацыі “Майстэрня тэхнічнага канструявання”. ЭАР дазваляе ўзняць на больш высокі ўзровень пазнавальную актыўнасць дзяцей, а гэта адзін са складнікаў далейшага паспяховага навучання ў школе.

“Праграмны комплекс “Свет дзяцінства” (1—4 класы)” прадставілі на суд журы Віталь Леанідавіч Танкевіч і Марыя Гендрыкаўна Зубкова з бярозаўскай сярэдняй школы № 3.

— У сучасным свеце, свеце бурнага развіцця інфармацыйных тэхналогій, усё большую актыўнасць набывае наяўнасць якаснага і разам з тым простага праграмнага забеспячэння для атрымання і замацавання ведаў, — адзначаюць аўтары.— Прааналізаваўшы праграмнае забеспячэнне для пачатковай школы, можна зрабіць выснову, што па гэтым напрамку адсутнічае паўнавартасны просты праграмны комплекс для штодзённых  урокаў. Таму была пастаўлена мэта стварыць такі шматфункцыянальны, яркі і вельмі неабходны дадатак. Прычым першасным павінна стаць навучанне школьнікаў навыкам самастойнага атрымання ведаў.

Комплекс створаны для што­дзённага выкарыстання настаўнікамі пачатковых класаў, настаўнікамі-дэфектолагамі. Ён уключае ў сябе базу даных заданняў, блок рэдагавання заданняў карыстальнікам, а таксама заданні па матэматыцы, рускай і беларускай мовах для 1—4 класаў. Комплекс мае просты і інтуітыўна-зразумелы інтэрфейс. Праграму можна прымяняць на ўроках, пры дыстанцыйным навучанні, на факультатывах.

— Павышаная цікавасць маладога пакалення да інфармацыйных тэхналогій абумовіла стварэнне электроннага адукацыйнага рэсурсу STEP by STEP (да вучэбнага дапаможніка для 3 класа “Англійская мова” Л.М.Лапіцкай і інш.) як эфектыўнага спосабу прыцягнення ўвагі да прадмета і дадатковай матывацыі пры яго вывучэнні, — адзначае Алена Валер’еўна Ліпай з сярэдняй школы № 23 Магілёва. — ­Рэсурс уяўляе сабой блог, які ўключае матэрыялы для 9 глаў вучэбнага дапаможніка, прапаноўвае інтэрактыўныя практыкаванні, створаныя з дапамогай вэб-тэхналогій (http//lipochka78.blogspot.com.by) для 3 ­класа. Інтэрактыўныя плакаты сэканомяць настаўніку час для стварэння прэзентацый. Каб зрабіць урок запамінальным і яркім, ёсць спасылкі на песні і відэа для дзяцей.

Комплекс заданняў арганізаваны ў адпаведнасці з напаўненнем вучэбнага дапаможніка моўным (лексічным і граматычным) матэрыялам. Актуалізацыя матэрыялу, змястоўнасць і дыферэнцыяцыя ўзроўняў садзейнічае ўвядзенню, трэніроўцы і замацаванню лексічных адзінак і граматычных структур з магчымасцю ажыццяўляць функцыю кантролю. Адпаведна, работа з дадаткамі можа ажыццяўляцца на любым этапе вывучэння тэмы.

Работа з гэтым рэсурсам можа весціся з дапамогай ПК, планшэтаў і нават мабільных тэлефонаў. Пры правільнай арганізацыі ўзаемадзеяння ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу мабільныя прылады здольны аптымізаваць работу і пашырыць спектр форм і спосабаў атрымання і засваення ведаў.

Па выніках конкурсу дыпломамі І ступені ўзнагароджаны Валянціна Міхайлаўна Міхальцова з Брылёўскай сярэдняй школы Гомельскага раёна за праект “Нотны трэнажор “У гасцях у чараўніка До”; Юлія Сяргееўна Сухан, Вольга Уладзіміраўна Кушлянкова (яслі-сад № 81 Магілёва) за праект “Электронны адукацыйны рэсурс “Самоделкин”; Галіна Мікалаеўна Аксаміт, Валерый Уладзіміравіч Кулакоў, Ілья Вадзімавіч Осіпаў, Яўген Аляксандравіч Кузьміч (гімназія № 1 Ваўкавыска) за праект “Мабільны дадатак “Трэнажор па чарчэнні”; Святлана Станіславаўна Духоўнік, Вольга Уладзіміраўна Лашкоўская, Святлана Мікалаеўна Некрашэвіч (дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 2 Дзятлава) за праект “Электронны адукацыйны рэсурс “Матэматычны паравозік”; Святлана Антонаўна Ханько з Васілішкаўскай сярэдняй школы Шчучынскага раёна за праект “Дыстанцыйны курс “Візуалізацыя. Інтэрактыўнае відэа”.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота з нацыянальнага адукацыйнага партала.