Універсальны студэнт

- 11:09Навіны рэгіёнаў

Студэнцтва Гродзенскай вобласці на рэспубліканскім конкурсе “Студэнт года” будзе прадстаўляць Аляксандра Радковіч. Аляксандра вучыцца на другім курсе філалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і выбрала для сябе прафесію настаўніка беларускай мовы і літаратуры.

Пяты раз адбываецца абласны этап конкурсу. Перад пачаткам яго ўдзельнікам, якія прадстаўлялі таксама медыцынскі і аграрны ўніверсітэты, у відэазвароце пажадалі поспеху ўдзельнікі ранейшых конкурсаў.

Абласному этапу папярэднічалі ўніверсітэцкія адборы. А крытэрыі тут былі вельмі высокія: паспяховасць не ніжэй за 8 балаў, актыўны ўдзел у навуковай, спартыўнай, грамадскай, творчай дзейнасці. І, як трапна адзначыла ўдзельніца з Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта студэнтка эканамічнага факультэта Яўгенія Бобніс, усе яны — універсальныя студэнты, таму што паспяваюць і ўмеюць шмат: і добра вучыцца, і займацца навукай, творчасцю, дабрачыннасцю, і проста быць добрымі сябрамі.

Журы папярэдне ацаніла завочны тур — партфоліа і відэаролік аб жыцці студэнтаў. У фінале былі арганізаваны тры конкурсы: самапрэзентацыя “Я — студэнт”, інтэлектуальны прысвячаўся 500-годдзю беларускага кнігадрукавання і прадугледжваў дэманстрацыю аратарскага майстэрства ўдзельнікаў і адказы на пытанні членаў журы, творчы конкурс “Беларусь — краіна натхнення” завяршаў праграму.

Пераможцай абласнога этапу стала студэнтка ГрДУ імя Янкі Купалы Аляксандра Радковіч. У інтэрнэт-галасаванні перамог студэнт лячэбнага факультэта медыцынскага ўніверсітэта Уладзіслаў Шышко, а лепшай групай падтрымкі прызнана каманда аграрнага ўніверсітэта.

— Я вельмі шчаслівая, — гэта былі першыя словы Аляксандры пасля ўручэння дыплома, — але быць лепшым студэнтам Гродзеншчыны — гэта і вялікая адказнасць. Я вельмі сур’ёзна буду рыхтавацца да ўдзелу ў Рэспубліканскім конкурсе “Студэнт года”.

Аб адказнасці Аляксандры Радковіч сведчаць і яе дасягненні — выдатная вучоба, удзел у Міжнародным конкурсе аратарскага майстэрства “Цыцэроній” і прыз грацыі і артыстычнага майстэрства ў конкурсе “Гарадзенская беларусачка”, заняткі чырлідынгам і спевамі.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.