Універсітэцкая навука запатрабавана вытворчасцю

- 14:00Вышэйшая школа

Сёння ўніверсітэты займаюць дастойнае месца ў навуковай сферы краіны. У іх сфарміраваны і актыўна працуюць аўтарытэтныя навуковыя школы. За мінулую пяцігодку дасягнуты значныя вынікі ў фундаментальных і прыкладных даследаваннях, створаны сучасныя навукова-даследчыя базы, праведзена вялікая работа па развіцці навуковай і інавацыйнай дзейнасці, якую ва ўстановах Міністэрства адукацыі ажыццяўлялі больш за 900 дактароў і 5,5 тысячы кандыдатаў навук.

Навуковыя работнікі і прафесарска-выкладчыцкі склад, прыцягваючы студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў, прымаюць удзел у рэалізацыі заданняў, мерапрыемстваў дзяржаўных праграм рознага ўзроўню. Ажыццяўленне навуковых праектаў дае новыя фундаментальныя веды па механіцы, матэматыцы, фізіцы, па беларускай культуры і гісторыі і іншых напрамках даследаванняў. Вынікі навуковай і навукова-тэхнічнай дзейнасці ўніверсітэтаў запатрабаваны рэальным сектарам эканомікі, што пацвярджаецца іх укараненнем на прадпрыемствы краіны з пэўным эканамічным эфектам.

Выкананне заданняў у Дзяржаўнай навукова-тэхнічнай праграме “Малатанажная хімія” (2016—2020 гады) Беларускім дзяржаўным універсітэтам і Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэтам забяспечыць эканомію валютных сродкаў у аб’ёме не меншым за 35—50 млн долараў ЗША, створыць новыя рабочыя месцы, задзейнічае магутны навуковы і вытворчы патэнцыял спецыялістаў-хімікаў.

Для забеспячэння ўніверсітэтаў сучасным даследчым і навукова-вучэбным абсталяваннем у рамках выканання падпраграмы “Навукова-вучэбнае абсталяванне” Дзяржаўнай навукова-тэхнічнай праграмы “Эталоны і навуковыя прыборы” на 2016—2020 гады запланавана распрацоўка і асваенне вытворчасці плазменнага атамна-эмісійнага спектрометра з храматаграфічным раздзяленнем узораў “ПлазмаХром”; магнітарэзананснага спектраскапічнага комплексу, лазерна-плазменнага комплексу з аўтаматызаваным кантролем прасторавага, спектральнага і часавага размеркавання выпраменьвання эразійных лазерных факелаў для даследчых і вучэбных задач, электрахімічнага ДНК-нанасенсорнага комплексу для драйв-тэстынгу гібрыдызацыі і комплексаўтварэння ДНК і іншае.

У рамках Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця на 2016—2020 гады Міністэрствам адукацыі будзе рэалізаваны праект па распрацоўцы 3D-прынтараў.

Па выніках выканання заданняў і мерапрыемстваў дзяржаўных праграм за 2015 год зарэгістравана 196 патэнтаў на вынаходку, 54 патэнты на карысную мадэль. Пры гэтым выкарыстана 29 аб’ектаў прамысловай уласнасці падведамаснымі арганізацыямі.

Міністэрствам адукацыі праведзены конкурсны адбор найбольш значных распрацовак універсітэтаў, рэалізаваных у 2015—2016 гадах па напрамках: медыцынскае абсталяванне, біялогія і фармацыя, прыборабудаванне, хімія і хімічныя тэхналогіі, новыя тэхналогіі ўмацавання вырабаў, якія хутка зношваюцца, адытыўныя тэхналогіі і абсталяванне, сацыяльна-гуманітарнае развіццё чалавека і грамадства, будаўніцтва і перапрацоўка будаўнічых адходаў, сельская гаспадарка. На конкурс было прадстаўлена больш за 45 распрацовак з універсітэтаў і навуковых арганізацый.

У сучасным свеце высокіх тэхналогій галоўнай задачай універсітэтаў становіцца арганізацыя якаснай сістэмы вышэйшай адукацыі, заснаванай на глыбокіх фундаментальных ведах і найноўшых дасягненнях навукі і тэхнікі. Гэта з’яўляецца асновай для падрыхтоўкі спецыялістаў інавацыйнай фармацыі, здольных забяспечыць перспектыўнае развіццё высокатэхналагічных галін эканомікі і сацыяльнай сферы. Гэтым вызначаецца роля і месца навукі ва ўніверсітэтах, а значыць, і ўзровень адукацыі, якая даецца ва ўніверсітэтах.

Варта адзначыць высокую рэнтабельнасць, запатрабаванасць і актуальнасць распрацовак, якія ўвайшлі ў тройку лепшых. Яны забяспечваюць высокі сацыяльны і эканамічны эфект. Распрацоўка БДУ “Мікрахвалевая тэхналогія, комплекс абсталявання для абясшкоджвання небяспечных медыцынскіх адходаў” накіравана на ўтылізацыю небяспечных фармацэўтычных адходаў, якія патрабуюць спальвання пры высокай тэмпературы або захавання ў герметычнай металічнай капсуле на спецыялізаваных палігонах. Новы комплекс дазваляе вырашыць праблему шляхам абясшкоджвання медыцынскіх адходаў і пераводу іх у групу бытавых. Прымяненне абсталявання цалкам адпавядае патрабаванням і нарматывам абясшкоджвання медыцынскіх адходаў, прынятым у Рэспубліцы Беларусь, Расійскай Федэрацыі і Еўрапейскім Саюзе. Аналагі распрацоўкі адсутнічаюць на тэрыторыі СНД.

Распрацоўка БДУ “Серыя ветэрынарных біяпрэпаратаў для лячэння і прафілактыкі хвароб сельскагаспадарчых і непрадукцыйных жывёл” дазваляе атрымаць стапрацэнтны імунны адказ на ўвядзенне вакцын, павялічыць напружанасць і працягласць імунітэту, скараціць час лячэння ў 2—3 разы, “уключыць” імунныя працэсы ўжо праз 6—12 гадзін пасля ін’екцыі, захаваць пагалоўе тых, хто захварэў, на 95% і больш. Аналагі прэпаратаў, якія прапаноўваюцца, адсутнічаюць на рэспубліканскім і сусветным рынках.

3D-прынтары вучэбнага і прамысловага прызначэння Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта выйграюць перад існуючымі аналагамі. Нізкі кошт вырабу з-за выкарыстання ўласных арыгінальных канструктыўных вырашэнняў і прагрэсіўных тэхналогій, у тым ліку халоднай штампоўкі, а таксама 3D-друк асабліва складаных дэталей дазваляе зменшыць затраты на падрыхтоўку вытворчасці.

Дзякуючы высокакваліфікаваным спецыялістам і іх прарыўным распрацоўкам, універсітэтамі Міністэрства адукацыі наладжаны экспарт прыбораў і прылад, якія прымяняюцца ў медыцыне, прылад на вадкіх крышталях, лазераў, прыбораў і апаратаў для фізічнага або хімічнага аналізу, апаратуры для вымярэння і кантролю электрычных велічынь і выпраменьванняў, якія адносяцца да высокатэхналагічных і навукаёмістых тавараў (работ, паслуг). Экспарт ажыццяўляецца ў Расію, Кітай, Італію, Інданезію, Швейцарыю і краіны Прыбалтыйскага рэгіёна. Па выніках 2016 года аб’ём экспарту склаў больш за 4,2 млн долараў ЗША.

Матэрыял падрыхтаваны
ўпраўленнем навукі і інавацыйнай дзейнасці Міністэрства адукацыі.