Універсітэт — гэта частка жыцця

- 11:26Вышэйшая школа

Неаднойчы прыходзілася задаваць сабе пытанні аб тым, што звычайна матывуе студэнтаў да вышынь у вучобе, наколькі важна ўзаемадзеянне ўстановы адукацыі з бацькамі, чаго каштуе шлях да поспеху. Пасля таго як я пабывала на свяце “Бацькі лепшых” у Міжнародным універсітэце “МІТСО”, многае стала на свае месцы. Тут уручалі падзякі бацькам выбітных студэнтаў па выніках бягучага года.

Якія ж складнікі паўплывалі на поспех студэнтаў, чые бацькі былі ўшанаваны падзякамі? Па-першае, гэта ўзаемадзеянне паміж універсітэтам і бацькамі.

— Ніхто лепш, чым бацькі, не пакажа прыклад, не скажа, як трэба жыць. Універсітэт толькі шліфуе тое, што закладзена бацькамі. Апрацоўваючы алмазы, мы робім іх брыльянтамі, — выказаў думку рэктар універсітэта Станіслаў Князеў.

Такога ж погляду прытрымліваецца і маці студэнткі Галіна Прымак. Жанчына пераканана, што калі паміж бацькамі і ўніверсітэтам існуе ўзаемаразуменне, то гэта аказвае добры ўплыў на развіццё студэнтаў.

— Універсітэт займае ў нашай невялікай сям’і асаблівае месца, — падзялілася Святлана Шэлестава, дачка якой стала лепшай выпускніцай установы. — Дзякуючы ўніверсітэту, маё дзіця стала вельмі камунікабельным, запатрабаваным, раскрыўся патэнцыял. Раней, да паступлення сюды, мы гэтага проста не заўважалі. Універсітэт — гэта частка сямейнага жыцця.

Неад’емную ролю бацькоў у вучэбным працэсе аднадушна падкрэслілі як студэнты, так і выкладчыкі. Марыя Шэлестава расказала, што ў час няўдач менавіта бацькі не давалі ёй апусціць рукі. Яны гаварылі дзяўчыне, што трэба спрабаваць, ісці наперад, не здавацца і толькі тады ўсё атрымаецца.

Намеснік дэкана юрыдычнага факультэта Алена Смахціна выступіла не толькі ў якасці супрацоўніцы ўніверсітэта, але і як маці. Таму яна не на словах ведае, колькі намаганняў прыклалі дзеці, каб стаць лепшымі. Па словах Алены Алегаўны, з самага нараджэння дзяцей усе думкі і дзеянні бацькоў падпарадкаваны адной мэце: рабіць усё для таго, каб яны былі шчаслівымі і здаровымі, атрымалі годную адукацыю і занялі дастойнае месца ў жыцці. І калі ўсё рэалізоўваецца — гэта найвялікшае шчасце.

Бацькі лічаць, што галоўнае, чым яны могуць дапамагчы сваім дзецям, — падтрымка. Яны перакананы, што абавязак кожнага з іх — умець выслухаць, прымаць выбар дзяцей, даваць парады ў складаны момант.

— Нельга нічога забараняць, — выказала думку Жанна Ігнаценка. — Няхай дзіця спрабуе, памыляецца і робіць высновы. Толькі з вопытам да яго прыйдзе ўсведамленне таго, да чаго ён імкнецца.

Яшчэ адным аспектам з’яўляецца матываванасць і зацікаўленасць саміх студэнтаў. Па словах бацькоў, узнагароджаных падзякамі, здольнасці іх дзяцей да самаўдасканалення і развіцця праяўляліся яшчэ ў дзяцінстве. Адны з іх працавалі над сабой, другія дапамагалі ў гэтым іншым. Ала Шпакоўская расказала, што трымацца на высокім узроўні няпроста. Па словах дзяўчыны, поспехі каштуюць шматлікіх бяссонных начэй, пралітых слёз і перажывання, што зрабіў так, а не інакш. Аднак студэнтка ўпэўнена, што добрыя асабістыя вынікі і заахвочванне ў якасці падзякі прымушаюць рухацца наперад, рабіць усё магчымае і для свайго развіцця, і для поспеху ўніверсітэта.

— Заўсёды хочацца станавіцца лепшым нават на побытавым узроўні, удасканальвацца, — заўважыла Алена Холад, якая стала лепшай у намінацыі “За ўклад у развіццё міжнароднай дзейнасці ўніверсітэта”. — Імкненне стаць лепшым паціху становіцца рысай характару, якая праяўляецца на прафесійным узроўні. І тое, што бацькі стаяць на сцэне, вельмі прыемна, бо хочацца заўсёды адпавядаць ім, а ў далейшым станавіцца такім жа прыкладам ужо для сваіх дзяцей.

Студэнтка Віцебскага філіяла Міжнароднага ўніверсітэта “МІТ СО” Таццяна Ражалоўская пераканана калі чалавеку падабаецца тое, што ён робіць, калі ляжыць душа да таго, што вывучаеш, усё даецца з лёгкасцю.

Безумоўна, ні адзін аспект поспеху не абыходзіцца без удзелу бацькоў. Працуючы ў тандэме са сваімі дзецьмі, яны на працягу ўсяго перыяду навучання даказвалі званне “Бацькі лепшых” добрым словам, клопатам і любоўю. Пры гэтым яны сціпла адмаўляюць свой уклад у поспех дзяцей. Ды і на мерапрыемстве, калі лепшыя віншавалі лепшых і абменьваліся добрымі словамі, стала зразумела, што чужых дзяцей у бацькоў не бывае.

— Прыемна быць маці такой дачкі, — прызналася Святлана Шэлестава. — Усе ініцыятывы ідуць ад яе самой, а я толькі атрымліваю гонар прысутнічаць на мерапрыемстве, дзе ўручаюць падзяку за яе выхаванне.

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.