Звычайна літаратурна-музычная гасцёўня “Ветразь” пры Баранавіцкім дзяржуніверсітэце працуе ў галоўным корпусе згаданай навучальнай установы. Але нядаўна пасяджэнне гасцёўні адбылося ў выставачнай зале горада. Гэта вылілася ў свята юных талентаў. Тут была разгорнута экспазіцыя малюнкаў гуртка выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва аддзела культуры і творчасці БарДУ.
Сваю творчую дзейнасць гурток пачаў яшчэ ў 1985 годзе ў былым Баранавіцкім педагагічным вучылішчы. Гурток мае шмат дыпломаў, грамат абласнога і рэспубліканскага ўзроўню, ён удзельнік многіх выстаў.
Кіраўнік гуртка старшы выкладчык кафедры дашкольнай адукацыі і тэхналогій Леанід Рыгоравіч Капуза знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку. Ён аўтар некалькіх персанальных выстаў, якія былі арганізаваны ў Баранавічах і Мінску, неаднаразовы ўдзельнік гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных аналагічных мерапрыемстваў.
Па словах Леаніда Рыгоравіча, ва ўніверсітэце створана сучасная матэрыяльна-тэхнічная база для заняткаў гуртка. Ёсць абсталяванне, неабходнае для выканання мастацкіх работ: мальберты, муфельныя печы, камп’ютар з выхадам у інтэрнэт, аўдыёсістэма, мультымедыйны праектар. Тут абсталявана свая выставачная зала, у якой экспануюцца работы пачынаючых мастакоў.
У гуртку займаюцца ў асноўным студэнты факультэта педагогікі і псіхалогіі, якія імкнуцца павышаць свой узровень у выкладанні дысцыплін мастацкага цыкла. На занятках студэнты засвойваюць розныя віды выяўленчага мастацтва: жывапіс, графіку, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва (батык, габелен, кераміку, мастацкую апрацоўку скуры, саломапляценне і інш.).
У розныя гады ў гуртку займаліся таленавітыя студэнты (Аляксандра Капацэвіч, Наталля Новік, Святлана Малькевіч, Юлія Мікіціч, Галіна Сцяцэнка, Кацярына Віткоўская і інш.). Члены гуртка, выпускнікі ўніверсітэта, цяпер паспяхова працуюць ва ўстановах адукацыі краіны выкладчыкамі выяўленчага мастацтва, настаўнікамі пачатковых класаў, кіраўнікамі гурткоў мастацкага напрамку.
Штогод гурткоўцы паспяхова ўдзельнічаюць у выставах сучаснай візуальнай творчасці студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі. Так, па выніках Рэспубліканскай выставы студэнцкай творчасці “Багдановіч. Маладыя жаданні…” (Рэспубліканскі культуралагічны праект “Грані творчасці”) гурток быў адзначаны дыпломам гран-пры.
А літаратурна-музычную гасцёўню вядзе Клаўдзія Сямёнаўна Трысцень. Варта сказаць, што яна ўжо адзначыла свой 75-гадовы юбілей, але па-ранейшаму жвавая, вясёлая, поўная жыццёвага аптымізму жанчына.
Па сваёй асноўнай прафесіі К.С.Трысцень — урач-стаматолаг вышэйшай катэгорыі, дацэнт кафедры дашкольнай адукацыі і тэхналогій, загадчык філіяла гэтай кафедры на базе дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 2 Баранавіч. Дарэчы, на працягу 10 гадоў (з 1975 па 1985) Клаўдзія Сямёнаўна ўзначальвала дзіцячае аддзяленне паліклінікі, а затым стала яе галоўным урачом. Без адрыву ад прафесійнай дзейнасці абараніла кандытацкую дысертацыю на тэму “Прафілактыка карыесу зубоў у дзяцей горада, якія жывуць ва ўмовах нізкага ўтрымання фтору ў вадзе”. Яна пятнаццаць гадоў працуе ва ўніверсітэце. На рахунку Клаўдзіі Сямёнаўны да 300 навуковых прац, якія выйшлі як у Беларусі, так і ў замежжы — Расіі, Украіне, Чэхіі, Балгарыі, Сербіі, іншых краінах.
Актыўную дапамогу ў арганізацыі і правядзенні заняткаў літаратурна-музычнай гасцёўні аказвае ёй Міхась Маліноўскі, член Саюза журналістаў СССР з 1979 года, член Геаграфічнага таварыства СССР, выдатнік друку Беларусі. Міхась Міхайлавіч мае многа ўзнагарод розных міністэрстваў нашай рэспублікі. Яму ўжо за семдзесят. Але ён застаецца вялікім жыццялюбам, аптымістам, выдатным краязнаўцам. Ён пастаянна заходзіцца ў нястомным творчым пошуку. На рахунку М.Маліноўскага шмат кніг, якія ён выдае за свой кошт і распаўсюджвае бясплатна.
— Я прысвяціла сябе навуцы, — заўважае Клаўдзія Сямёнаўна. — А паэзія прыходзіць у хвіліны натхнення і філасофскага роздуму, калі жанчына-вучоная мае жаданне выказаць штосьці ад душы.
У гэтыя хвіліны Трысцень-паэтэсе хочацца:
Ляцець туды, дзе буслы гаспадараць,
Дзе берагі іхнія так далёка.
Але ж Сусветам толькі дзеці уладараць,
Падняцца можна толькі ім высока.
Клаўдзія Сямёнаўна як кіраўнік творчага аб’яднання пастаянна жыве чаканнем сустрэчы з новымі талентамі. Яна наведвае школы не толькі, каб паведаміць дзецям пра тое, як важна берагчы сваё здароўе, але і каб адкрыць новыя таленты. Заняткі ў літаратурнай гасцёўні наведваюць не толькі сталыя паэты, журналісты, члены саюзаў пісьменнікаў і журналістаў, але і моладзь — студэнты і школьнікі. Напрыклад, аднойчы К.С.Трысцень на заняткі запрасіла дзесяцікласніцу Хрысціну Гіаргадзе, якая ў першых сваіх пробах пяра робіць заяву на даросласць:
Послушай, мама, не надо упираться.
Ведь я уже не та, какой была.
Мне хочется к мальчишкам и на танцы.
Ты вспомни своей юности дела?
— І нічога, што ў вершы ёсць пэўныя недапрацоўкі, — заўважае Клаўдзія Сямёнаўна, — галоўнае, што тут адчуваецца характар юнай асобы і прысутнічае яе настрой. А тэхнічны бок — справа часу.
Канстанцін СТАНКЕВІЧ,
член Беларускага саюза журналістаў з 1984 года.