Упершыню ў Беларусі пачнуць рыхтаваць спецыялістаў­-канфліктолагаў у БДУ

- 14:00Абитуриент, Новости

У Беларусі 23 сакавіка прайшоў адзіны дзень адкрытых дзвярэй. На ўсіх факультэтах і ва ўсіх інстытутах БДУ сустрэчы з абітурыентамі доўжыліся ўсю першую палову суботняга дня. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

На інтэрактыўных сустрэчах з кіраўніцтвам, цяперашнімі студэнтамі, прадстаўнікамі прыёмных камісій школьнікі атрымалі інфармацыю аб уступнай кампаніі, новых спецыяльнасцях і спецыфіцы навучання, а таксама аб мэтавым прыёме. Будучыя першакурснікі змаглі пагутарыць з патэнцыяльнымі работадаўцамі і больш даведацца аб запатрабаванасці выбранай спецыяльнасці, перспектывах працаўладкавання, спецыфіцы працоўнай дзейнасці.

Напрыклад, на хімічным факультэце, пагутарыўшы з адміністрацыяй, старшакласнікі і бацькі паўдзельнічалі ў размове з асноўнымі заказчыкамі кадраў, сярод якіх прадпрыемства “Белмедпрэпараты”, НДІ фізіка-хімічных праблем БДУ, Мінскінтэркапс. У ходзе экскурсій па лабараторыях старшакурснікі з аб’яднання “Віртуозы навукі” здзіўлялі школьнікаў і хімічылі, праводзячы такія доследы, як “Святлафор”, “Фараонавы змей”, “Вулкан Шэеле”, дэманструючы, як з падручных сродкаў можна зрабіць штучную кроў.

— Колькасць абітурыентаў, якіх мы набіраем кожны год, фарміруецца зыходзячы з ліку заявак ад заказчыкаў кадраў, — рас­тлумачыў намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце Уладзіслаў Будзевіч. — Усяго іх у нас каля некалькіх дзясяткаў. Сярод іх інстытуты НАН, фармацэўтычныя прадпрыемствы, Нацыянальная антыдопінгавая лабараторыя. Мэтавае навучанне ў нас прадугледжана для спецыяльнасці “Хімія навукова-педагагічнай дзейнасці”, і заказчыкамі кадраў могуць з’яўляцца ўпраўленні па адукацыі. Дарэчы, такія спецыялісты зараз запатрабаваны. Праз год набор на гэтую спецыяльнасць будзе павялічаны ў два разы. З навацый гэтага года — адкрыццё магістратуры сумесна з Балтыйскім федэральным універсітэтам імя І.Канта (Калінінград). У планах замацаванне і пашырэнне супрацоўніцтва з кітайскімі УВА.

На факультэце міжнародных адносін на запланаваную ў 13.00 прафарыентацыйную сустрэчу юнакі і дзяўчаты сталі прыхо­дзіць пачынаючы з поўдня. Тут сабралася каля паўтысячы гасцей, якіх размясцілі ў трох лекцыйных аўдыторыях. Для іх быў падрыхтаваны пяцімінутны ролік пра ўніверсітэт. Таксама патэнцыяльныя студэнты змаглі пагутарыць са студэнцкім актывам і прадстаўнікамі разнапрофільных дзяржаўных органаў і прадпрыемстваў, сярод якіх былі супрацоўнікі міністэрстваў замежных спраў і прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Дзяржаўнага мытнага камітэта, Нацыянальнага банка Беларусі, індустрыяльнага парка “Вялікі камень”, турыстычных, транспартных, дыстрыб’ютарскіх і лагістычных кампаній.

У сваім выступленні дэкан ФМА Алена Дастанка расказала пра адкрыццё набору на дзве новыя спецыяльнасці — “Міжнародная канфлікталогія” і “Міжнародная лагістыка”:

— Адкрыццё новых спецыяльнасцей абумоўлена сучаснымі выклікамі ў міжнародным парадку дня. Мы атрымалі дзясяткі заявак ад заказчыкаў кадраў на міжнароднікаў-лагістаў і канфліктолагаў. Па іх запыце будучым лагістам-міжнароднікам бу­дзе прапанаваны для вывучэння набор такіх моў, як кітайская, турэцкая, арабская, а таксама фарсі. Гэта мовы тых краін, на якія цяпер арыентаваны лагістычныя патокі. У будучых канфліктолагаў-міжнароднікаў гэты спіс папоўняць яшчэ партугальская мова і, магчыма, іўрыт.

Як і на ўсіх спецыяльнасцях факультэта, моўны мінімум для студэнтаў-пачаткоўцаў — дзве мовы. Рыхтаваць канфліктолагаў-міжнароднікаў будуць спецыялісты БДУ. Па словах дэкана, вучэбны план па гэтай спецыяльнасці ўключае блок псіхалагічных дысцыплін, блокі па канфлікталогіі, рэгіёналістыцы з упорам на тыя рэгіёны, дзе могуць быць канфлікты. Зараз рыхтуецца праграма першага года навучання. Большасць прадметаў, якія будуць вывучаць першакурснікі, адносіцца да сацыяльна-гуманітарнага кампанента. Некалькі спецыяльных дысцыплін псіхалагічнага вектара распрацоўваюцца з калегамі ФФСН, а з філолагамі рыхтуецца дысцыпліна “Палітычная рыторыка”. Заказчыкі кадраў па гэтай спецыяльнасці — МЗС, Міністэрства абароны. Ёсць падтрымка Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь і Камітэта дзяржаўнай бяспекі.

Набор на ўнікальныя для Беларусі профілі будзе ажыццяўляцца на бюджэтную і платную формы навучання. Па спецыяльнасці “Міжнародная канфлікталогія” прыём складзе не больш за 15—20 чалавек. Дакладныя лічбы стануць вядомы на пачатку красавіка.

Гэтая інфармацыя аказалася карыснай для навучэнкі Гомельскага дзяржаўнага абласнога ліцэя Вікторыі Бачаравай, якая як раз бачыць сябе ў будучыні канфліктолагам-міжнароднікам і спадзяецца, што сярэдні бал атэстата, які на сёння складае 9,4, а таксама вынікі РЦ, якія набліжаюцца да 90, дапамогуць у ажыццяўленні мары:

— Мяркую, гэта вельмі цікавая спецыяльнасць. Мяне заўсёды прыцягвала вывучэнне замежных моў, права. Але проста перакладчыкам быць не хацелася б.

Што тычыцца мэтавага набору, чакаецца, што больш за ўсё мэтавікоў традыцыйна будзе на спецыяльнасці “Мытная справа”.

Многія абітурыенты ўжо паклапаціліся аб атрыманні мэтавага накіравання. Сярод іх Паліна Цап, навучэнка Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава:

— Я буду паступаць на спецыяльнасць “Мытная справа”, якую выбрала па прыкла­дзе сваёй старэйшай сястры, супрацоўніцы Брэсцкай мытні. Высокі прахадны бал мяне не палохае. Я ўпэўнена ў сваіх ведах. У ліцэі вельмі моцная падрыхтоўка. На РЦ па беларускай і англійскай мовах я набрала больш за 80 балаў. Сярэдні бал атэстата павінен быць не менш за 9,2. Да таго ж я ўжо маю дагавор аб мэтавым навучанні.

***

У БНТУ абітурыентаў не толькі знаёмілі з універсітэтам і яго спецыяльнасцямі, але і кармілі на палявой кухні, а таксама здзіўлялі выставай тэхнікі вядучых беларускіх прадпрыемстваў-партнёраў. А яшчэ для старшакласнікаў былі арганізаваны інтэрактывы і майстар-класы, дзе яны змаглі папрактыкавацца ў кітайскай каліграфіі, прайсці прафарыентацыйнае тэсціраванне, паўдзельнічаць у інавацыйных гульнях і квестах. Вялікую цікавасць выклікалі стэнды прадпрыемстваў — заказчыкаў кадраў, якіх на гэтай сустрэчы было больш за тры дзясяткі.

У актавай зале галоўнага корпуса ўніверсітэта адбылася шорт-сустрэча з кіраўніцтвам УВА, на якой расказвалі аб прыёмнай кампаніі — 2024, неабходных дакументах для паступлення і асаблівасцях іх падачы. Школьнікі даведаліся, што сёлета ў БНТУ лічбы прыёму на дзённую форму навучання за кошт сродкаў бюджэту павялічацца прыкладна на 200 месцаў. Увогуле на ўсе формы навучання плануецца набраць звыш 4 тыс. чалавек. Сярод навацый гэтага года — спецыяльнасць “Тэхналогія мікрасэнсарных сістэм” на прыборабудаўнічым факультэце. Таксама будзе прадастаўлена магчымасць паступлення на восем новых прафілізацый. У іх ліку “Маркшэйдарская справа”, “Камп’ютарнае праектаванне інструментальных сістэм”, “Лазерныя і адытыўныя тэхналогіі”.

Далей абітурыенты прайшлі кансультацыі-трэнінгі “Як здаць ЦЭ і ЦТ на 100 балаў” па матэматыцы, фізіцы, рускай, беларускай і англійскай мовах і пабывалі на экскурсіі па БНТУ. Праграма мерапрыемстваў уключала ў сябе таксама займальны квест на тэму жыцця ўніверсітэта, падчас якога юнакам і дзяўчатам прапаноўвалася адправіцца па выбраным тэматычным маршруце на знаёмства з факультэтам.

Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота аўтара, Алега ІГНАТОВІЧА і БНТУ