Упэўніліся, што час заўсёды добры

- 12:10Нам пішуць

Адна з асаблівасцей сучаснага жыцця — гэта падрыхтоўка нашых дзяцей да будучага поспеху. А поспех за тымі, хто не чакае заўтра, а вучыцца ўжо сёння. Менавіта так вучні 6 “А” класа сярэдняй школы № 22 Гродна аб’ядналіся ў каманду “Камп’ютарныя геніі”, якая стала пераможцай рэспубліканскага вэб-квеста “Час заўсёды добры” адукацыйнага цэнтра Парка высокіх тэхналогій.


Дзякуючы гэтаму праекту, вучні не толькі прадэманстравалі навыкі работы на камп’ютары, але і здзейснілі захапляльнае падарожжа ў часе. Адказы на некаторыя пытанні квеста патрабавалі ведаў пра жыццё 80—90-х гадоў мінулага стагоддзя. А хто знаёмы з ім лепш, чым родная маці і бацька? Каманда вучняў звярнулася па дапамогу да сваіх родных і блізкіх, каб знайсці адказы на пытанні распрацоўшчыкаў вэб-квеста. Мне як настаўніку прыемна, што мае вучні праз заданні ўбачылі сваіх бацькоў з іншага боку, даведаліся, як таты і мамы гулялі, чыталі, марылі пра будучыню.

Што такое шчасце? Звычайнае слова, але колькі ў ім сэнсу. На гэтае пытанне вучні шукалі адказ у кнізе “Час заўсёды добры”, глядзелі фільмы савецкага часу, шукалі звесткі ў інтэрнэце. І знайшлі! Бачанне таго, што робіць людзей шчаслівымі незалежна ад часу, у якім яны жывуць, дзеці прадэманстравалі ў відэасюжэце, стварэнне якога было ўмовай выканання аднаго з заданняў квеста. Агеньчык у вачах маіх вучняў, павага да бацькоў і разуменне сувязі пакаленняў — лепшы доказ, што шчасце заўсёды побач, шчасце — гэта сям’я, успаміны і шчырыя адносіны. Спадзяюся, што некалі і да гэтых сённяшніх шасцікласнікаў звернуцца іх дзеці з простым пытаннем: “А якім было ваша дзяцінства?”

Адметна, што, удзельнічаючы ў конкурсе ўпершыню, каманда заняла 3-е месца сярод 15 каманд з розных гарадоў Беларусі, атрымала ўзнагароды ад сусветна вядомай гульні World of Tanks, дала інтэрв’ю на мясцовым тэлебачанні “Гродна+” і пазнаёмілася з новымі ІТ-спецыяльнасцямі будучыні падчас бонуснай лекцыі адміністрацыі адукацыйнага цэнтра Парка высокіх тэхналогій.

А яшчэ мы з вучнямі дамовіліся, што такое творчае супрацоўніцтва прадоўжыцца.

Вольга УСАВА,
настаўніца інфарматыкі сярэдняй школы № 22 Гродна.