У яслях-садзе № 16 Пінска стала традыцыяй да калядных і навагодніх свят арганізоўваць творчыя выставы. У гэтым годзе педагогі прапанавалі дзецям і бацькам прыняць удзел у акцыі “Упрыгожым ёлку разам”. І не памыліліся. Бацькі — магутная творчая сіла. У педагогаў і бацькоў агульная задача — зрабіць жыццё нашых дзяцей насычаным, яркім, каб дзіцячыя гады ўспаміналіся з радасцю і цеплынёй.
З вялікім энтузіязмам у агульную справу ўключыліся дзеці і бацькі, не засталіся ўбаку бабулі і дзядулі. Жаданне зрабіць навагоднюю ёлачную цацку сваімі рукамі аб’яднала ўсю сям’ю.
Як многа цацак можна прыдумаць для навагодняй ёлкі! Сімвал надыходзячага года Певень, зорачкі, домікі, шары, банцікі, шышкі, анёлкі, розныя звяркі… Вынік перасягнуў усе чаканні. Дзякуючы багатай фантазіі і ўмелым рукам, нашу ёлку ўпрыгожылі цацкі, вырабленыя з розных матэрыялаў: паперы, кардону, цеста, нітак, дрэва, фетру, скуры і дроту — і рознымі спосабамі: вязаныя, вышытыя, сплеценыя і склееныя рукамі дзяцей і бацькоў.
Наша ёлка жыве, яе разглядаюць, ёй захапляюцца. Кожны дзень на яе галінках з’яўляюцца новыя цацкі.
Новы год — чароўнае свята. Мы чакам цудаў, падарункаў, дорым дабрыню і цяпло свайго сэрца людзям, якія нас акружаюць. Цудоўны святочны настрой мы падарылі адно аднаму і сваёй творчасцю.
С.М.ГАРДЗЯЙЧУК,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці.