Урок для патрыётаў

- 11:00Навіны рэгіёнаў

Напярэдадні святкавання 76-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне ўрок мужнасці прайшоў у гімназіі № 10 Гродна.

Яшчэ раз расказаць пра вайну, у якой беларускі народ панёс вялікія страты, паразважаць пра значнасць Перамогі і веліч подзвігу салдат і партызан — з гэтай мэтай да гімназістаў прыйшлі прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і ваенкамата.

Старшыня ветэранскай арганізацыі “Гонар” падпалкоўнік у адстаўцы Уладзімір Мальцаў расказаў, што гэта не першае такое мерапрыемства, ветэраны афіцэры актыўна супрацоўнічаюць з ваенкаматам у справе выхавання моладзі ў духу патрыятызму, адданасці Радзіме. 

— Сёння людзям, якія служылі,  аддалі доўг Радзіме, у тым ліку і ў гарачых кропках, хочацца расказаць, як усё было на самай справе — не ў плане павучання, а для таго, каб моладзь паслухала нас, тых, хто сумленна выконваў свой воінскі і патрыятычны абавязак, — падкрэсліў Уладзімір Мальцаў.

Вядучы спецыяліст ваенкамата Гродна і Гродзенскага раёна Алег Назараў дадаў:

— На ўроках мужнасці мы спрабуем данесці да падрастаючага пакалення праўду, якую пачулі ад ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Гутаркі з героямі вайны, паказаныя імі дакументы і фотаздымкі надоўга засталіся ў нашай памяці. І сёння ўжо мы павінны размаўляць з моладдзю, расказваць ім праўду без скажэння.

Урокі мужнасці і іншыя патрыятычныя мерапрыемствы накіраваны на тое, каб выхаваць сапраўдных патрыётаў сваёй Радзімы. 

— У нашай гімназіі шмат увагі ўдзяляецца грамадзянскаму і патрыятычнаму выхаванню сучаснай моладзі, — расказала намеснік дырэктара  па выхаваўчай рабоце гімназіі № 10 Гродна Наталля Кастальцова. — Традыцыйным стала супрацоўніцтва з ваенкаматам Гродна і Гродзенскага раёна. На жаль, вельмі мала засталося ветэранаў, сведкаў тых жудасных падзей, таму вельмі важна данесці да моладзі гістарычную праўду. 

Урок мужнасці далёка не адзінкавае мерапрыемства, у рамках святкавання 76-годдзя Перамогі ў гімназіі яны праводзяцца на працягу ўсяго  навучальнага года. І гімназісты таксама выказваюць сваю пазіцыю. Варта прыгадаць маладзёжны Instagram-праект МЕ ДЫЯLIVE “Гартаючы гераічныя старонкі пераможнай вясны” — своеасаблівы марафон памяці. Ён рэалізаваны сіламі навучэнцаў 7—8-х класаў, членаў гімназічнага медыяцэнтра “МедыяІдэя на 10” у рамках “Школы актыўнага грамадзяніна”. Старт праекта адбыўся 15 красавіка падчас правядзення XIX Рэспубліканскай выставы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі. У прамым эфіры гімназісты разважалі пра памяць пакаленняў, спрабавалі зразумець, якія фактары ўплываюць на фарміраванне асабістага стаўлення да Перамогі, дзяліліся сваімі ведамі аб ваенным дзяцінстве родных, казалі дзякуй ветэранам і працаўнікам тылу.

У цяперашні час атрад “Нашчадкі Перамогі” рыхтуецца да ўдзелу ў гарадской ваенна-патрыятычнай гульні “Зарніца”, а акцябраты — да гульні “Зарнічка”.Тэматычны тыдзень, прысвечаны Дню Перамогі, напоўніў кожны дзень гімназістаў запамінальнымі падзеямі.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.