Урок-музей “Беларуская кніга: дарогамі стагоддзяў”

- 10:23Нам пішуць

Для кожнага жыхара Беларусі першая нядзеля верасня асаблівая, святочная. У гэты дзень штогод мы адзначаем вельмі важнае ў нашым духоўным жыцці свята — свята Слова — Дзень беларускага пісьменства. Я віншую вас са святам і запрашаю на мерапрыемства “Беларуская кніга: дарогамі стагоддзяў”. Упэўнена: кожны з вас здагадаўся, што сёння размова пойдзе пра нашага самага вядомага на ўвесь свет беларусаФранцыска Скарыну.

Гэты год выдаўся для беларускага кнігадрукавання асаблівым, юбілейным. Мы адзначаем 500-годдзе з дня выхаду ў свет першай друкаванай кнігі на нашай роднай мове.Менавіта талент Францыска Скарыны дазволіў сёння з гонарам гаварыць: “Першая кніга на землях усходніх славян — наша!” Запрашаю вас у віртуальны музей “Беларуская кніга: шляхамі стагоддзяў”. А правядуць экскурсію па ім члены школьнага гуртка “Юны экскурсавод”.

Зала 1. “Першакніга беларусаў”

Экскурсавод 1. Кніга — адна са старажытных вынаходак цывілізацыі. З’яўленне пісьменства i кнігі значна павялічылі магчымасці захавання і перадачы інфармацыі. Спачатку кнігі былі рукапіснымі. Іх паходжанне вядзецца ад надпісаў, якія нашы продкі рабілі на камянях, дрэве, гліне, бяросце. У II—III стагоддзях для перапісвання кніг карысталіся пергаментам — спецыяльна апрацаванай цялячай скурай. Нарэшце, кітайцы вынайшлі паперу, і паступова, з XIV стагоддзя, усе народы сталі выкарыстоўваць яе для пісьма.

Экскурсавод 2. Рукапісныя кнігі на беларускіх землях з’явіліся з распаўсюджваннем хрысціянства. Першым кніжнікам сярод усходнеславянскіх князёў летапісцы называюць Ізяслава, унука Рагвалода, старэйшага сына Рагнеды і Уладзіміра, які княжыў у Полацку з 988 па 1001 год. Ніканаўскі летапіс згадвае, што менавіта ён увёў у Полацку пісьменства і навучанне грамаце. Пячатка з яго імем, якой замацоўваліся княжацкія граматы, лічыцца самым старажытным помнікам беларускага пісьменства і другім па часе ва ўсіх усходніх славян. Захаваліся надпісы на прасліцах, на помніках “Рагвалодаў камень”, “Барысаў камень”, таксама знойдзены пры раскопках прыстасаванні для пісьма (“пісалы”) і кніжныя зашпількі ў Полацку, Менску, Браславе і іншых гарадах, пячаткі князёў Усяслава і Барыса. Усё гэта сведчыць аб шырокім распаўсюджванні пісьменства сярод насельніцтва, пачынаючы з канца Х стагоддзя.

Экскурсавод 1. Роля рукапіснай кнігі ў культурным і канфесійным жыцці старажытных княстваў на беларускіх землях была вялікай. Манастыры і цэрквы сталі першымі культурнымі цэнтрамі, у якіх былі заснаваны школы і перапісваліся кнігі, а таксма першымі кнігасховішчамі, бібліятэкамі. Славутымі прадстаўнікамі хрысціянскай кніжнай асветы і адукацыі на Беларусі з’яўляюцца Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Клімент Смаляціч і іншыя.

Экскурсавод 2. Для таго каб уявіць нялёгкі працэс стварэння рукапісных кніг, запрашаем вас у скрыпторый — майстэрню перапісчыка кніг.

Інсцэніроўка

За сталом сядзіць заклапочаны манах-перапісчык з гусіным пяром у руках.

Манах. Сёння яшчэ неабходна зрабіць чарніла, а справа гэтая складаная.

Патрэбна дробна стаўчы чарнільныя арэшкі і прасеяць іх праз сіта, затым паліць кіслым і прэсным мёдам і змяшаць з вішнёвым, пасля — апусціць у раствор 12 пласцінак жалеза і паставіць посуд у цёплае месца на тры дні. Пры гэтым сумесь варта тройчы ў дзень размешваць, спрабуючы яе слодыч языком, і працэджваць. Толькі так колер чарніла атрымаецца вельмі стойкім і не зменіцца на працягу стагоддзяў. Затым патрэбна пакласці пад прэс пергамент, как разгладзіўся, і завастрыць гусінае пяро. Працы шмат.

Экскурсавод 2. Галоўным матэрыялам, які выкарыстоўваўся для стварэння кніг на беларускіх землях да сярэдзіны XVI стагоддзя быў пергамент. Перапісчыкі карысталіся часцей за ўсё гусінымі ці надрэзанымі трысняговымі палачкамі для пісьма. У якасці чарніла выкарыстоўвалі адвары раслін цёмна-карычневага і чорнага колеру. Мініяцюры стваралі тэмпернымі фарбамі. Завяршала аздабленне кнігі вокладка, якая ўяўляла сабой дзве абцягнутыя скурай дошчачкі. Дадаткова выкарыстоўвалася цісненне на скуры, разнастайныя металічныя накладкі, эмалевыя ўстаўкі.

Экскурсавод 1. Для напісання старажытных славянскіх рукапісных кніг выкарыстоўваліся дзве славянскія азбукі — кірыліца і глаголіца. Аднак паступова галоўныя пазіцыі заняла кірыліца. Перапісванне кніг было сапраўдным каліграфічным мастацтвам. Кнігі маглі стварацца пад заказ. Іх як вялікую каштоўнасць перадавалі з аднаго манастыра ў іншы, ахвяравалі, завяшчалі.

Экскурсавод 2. Найбольш старажытным помнікам беларускай рукапіснай кнігі з’яўляецца Тураўскае Евангелле. Яно было перапісана ў XI стагоддзі. Выпадкова ў скрыні з-пад вугля знойдзена толькі 10 лісткоў гэтага выдання. У 1865 годзе знаходка была дастаўлена ў Віленскую публічную бібліятэку.

Экскурсавод 1. Першая друкаваная кніга, якая з’явілася ў свеце, выдадзена ў Кітаі пад назвай “Алмазная Сутра”. Падзея датуецца 868 годам. Стварыў кнігу майстар па імені Ван Чы.

Экскурсавод 2. Тытул першага кнігадрукара Еўропы па праве належыць немцу Іагану Гутэнбергу. З’яўленне адной з першых надрукаваных кніг Бібліі Гутэнберга (каля 1445 года) азнаменавала новую эпоху.

Экскурсавод 1. Мінула амаль стагоддзе, пакуль на Белаpyci з’явілася першая друкаваная кнiгa. Пачынальнікам кнігадрукавання сярод усходніх славян быў Францыск Скарына.

Экскурсавод 2. А зараз прапаную вам наведаць Музей беларускага кнігадрукавання.

Музей беларускага кнігадрукавання адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў 8 верасня 1990 года падчас святкавання 500-годдзя з дня нараджэння беларускага і ўсходнеславянскага першадрукара — славутага Ф.Скарыны. Музей прысвечаны кнізе ва ўсіх яе выявах, пачынаючы ад першых рукапісных скруткаў да сучаснай кнігі, знаёміць наведвальнікаў з гісторыяй узнікнення пісьменства, пісьмовых прыстасаванняў, кніжнай ілюстрацыі, паліграфіі. Гэта адзіны ў краіне музей такога тыпу.

Самую вялікую частку музейных экспанатаў складаюць кнігі — рукапісныя, старадрукаваныя, а таксама сучасныя выданні. Тут жа можна ўбачыць таксама розныя прыстасаванні для пісьма і кнігадрукавання: друкарскі станок, папяровы прэс, падсвечнікі, пісьмовыя прылады розных часоў і інструменты для пісьма, пачынаючы ад пісала і гусінага пяра да сучасных аўтаматычных ручак.

Прапаную вам паглядзець відэаролік аб полацкім Музеі беларускага кнігадрукавання (http://book.polotsk.museum.by).

(Затым вучням можна прапанаваць, калі дазволіць час, напісаць старабеларускія літары пра дапамозе чарніл і гусінага пяра або завостранай палачкі.)

Зала 2. “Светачы зямлі беларускай”

Экскурсавод 1. Прадоўжым нашу экскурсію. Запрашаем вас у залу “Светачы зямлі беларускай”.

Экскурсавод 2. Беларусь — старажытная краіна. Яна мае багатую гісторыю. Веды аб мінулым — поспех у будучыні. Чалавек, які не ведае сваё мінулае, гісторыю сваёй Радзімы, — не ведае нічога пра сябе.

Экскурсавод 1. Наша мінулае — славутыя імёны Бацькаўшчыны, гонар беларускага народа. Мы заўсёды будзем памятаць імя асветніцы Ефрасінні Полацкай, якая выбрала шлях служэння Богу і народу.

Ефрасіння Полацкая(1101 (1104) — 1173) — полацкая князёўна, святая, нябесная апякунка беларускай зямлі. Прыняла манаскі пострыг, каб прысвяціць жыццё духоўнаму ўдасканаленню і асвеце. Была адной з самых адукаваных жанчын Еўропы. Заснавала ў Полацку жаночы і мужчынскі манастыры, у якіх дзейнічалі скрыпторыі — майстэрні па перапісванні кніг, а таксама школы для дзяцей. Па яе заказе дойлід Іван пабудаваў сусветна вядомую царкву Святога Спаса, якая захавалася да нашых дзён, а майстар-ювелір Лазар Богша ў 1161 годзе зрабіў для Ефрасінні крыж — першы неацэнны твор старажытнабеларускага мастацтва.

Ефрасіння Полацкая карысталася вялікай павагай у сучаснікаў. Выступала супраць міжусобных войнаў. На тэрыторыі Беларусі яна адна з самых шаноўных святых. Дапамагала пакрыўджаным, была суцяшэннем для смуткуючых.

Экскурсавод 2. Кірыла Тураўскі (каля 1130 — каля 1182) — адзін з першых пісьменнікаў і прапаведнікаў на беларускіх землях, святы. Прыняўшы манаскі чын, ён зачыніўся ў высокай драўлянай вежы на беразе Прыпяці і пісаў свае натхнёныя “Словы”, прытчы і павучанні. Яго творы перапісвалі, чыталі і вучылі на памяць ва ўсіх усходнеславянскіх княствах. Кірылу Тураўскага называлі Залатавустам.

Экскурсавод 1. Побач з партрэтамі Е.Полацкай і К.Тураўскага ў нашай зале вісяць партрэты мысліцеля-гуманіста, рэфарматара, асветніка, філосафа Сымона Буднага, асветніка-гуманіста пісьменніка Васіля Цяпінскага, паэта-гуманіста міратворцы Міколы Гусоўскага, педагога-выхавальніка, філосафа-асветніка,грамадскага і царкоўнага дзеяча Сімяона Полацкага і тытана эпохі Адраджэння Францыска Скарыны.

Экскурсавод 2. Гэта людзі, імёны якіх дайшлі да нас праз стагоддзі. Яны жылі, змагаліся і марылі пра тое, каб наша Радзіма займала пачэснае месца сярод іншых краін свету. Усіх гэтых асветнікаў у розны час турбавалі ідэі адукацыі і выхавання, духоўнай чысціні і гуманізму, патрыятызму і бескарыслівага служэння сваёй Айчыне.

Зала 3. “Францыск Скарына — асветнік, гуманіст, патрыёт”

Абсталяванне: відэаролік “500 гадоў гісторыі беларускага кнігадрукавання”, прызы для пераможцаў віктарыны (школьныя прыналежнасці: алоўкі, ручкі, сшыткі і інш.).

Экскурсавод 1. Вы ўжо здагадаліся: экспазіцыя гэтай залы прысвечана Францыску Скарыну — беларускаму першадрукару і асветніку, заснавальніку ўсходнеславянскага кнігадрукавання.

Экскурсавод 2. 2017 год — асаблівы год у нашай гісторыі. 500 гадоў назад, 6 жніўня 1517 года, у Празе выйшла ў свет Біблія на старажытнабеларускай мове — “Псалтыр”, якую выдаў Ф.Скарына з Полацка. Біблію Скарыны чыталі не толькі ў Вялікім Княстве Літоўскім, але і ў многіх іншых краінах свету. Пачэсны патрыятычны абавязак беларускага грамадства — годна сустрэць гэтую вялікую падзею ў нашай гісторыі. Ф.Скарына пакінуў яркі след як філолаг, перакладчык, філосаф, пісьменнік- публіцыст, пачынальнік новых жанраў літаратурнай творчасці.

Экскурсавод 1. Што ведаем сёння мы, яго нашчадкі, пра жыццё генія эпохі Адраджэння, пра лёс нашага славутага земляка?

Экскурсавод 2. Давайце ўспомнім найважнейшыя старонкі біяграфіі і творчага шляху Ф.Скарыны і разам створым “Скарынаўскі каляндар”. Для гэтага неабходна адказаць на пытанні нашай віктарыны. Пераможцы атрымаюць прызы.

А ці ведаеце вы:

  1. Дзе і калі нарадзіўся Ф.Скарына?
  2. У якім годзе і на які факультэт паступіў у Кракаўскі ўніверсітэт?
  3. У якім годзе і ў якім універсітэце Ф.Скарына бліскуча здаў экзамен на ступень доктара медыцыны?
  4. Як называлася першая кніга, якую надрукаваў Ф.Скарына? Дзе і калі яна выйшла?
  5. Якія кнігі надрукаваў Ф.Скарына ў Вільні?
  6. Колькі кніг Бібліі выдаў Ф.Скарына?
  7. Чым суправаджалася кожная кніга Ф.Скарыны?
  8. Якую пасаду займаў Ф.Скарына ў чэшскага караля Фердынанда I Габсбурга?
  9. Калі і дзе памёр Ф.Скарына?
  10. Якія дзяржаўныя ўзнагароды Беларусі названы ў гонар Ф.Скарыны?
  11. Дзе за мяжой пастаўлены помнікі Ф.Скарыну?

Вынікам работы з’яўляецца “Скарынаўскі каляндар”, які складаецца з адказаў вучняў і дэманструецца на слайдзе. Пераможцы віктарыны атрымліваюць прызы.

Экскурсавод 1. Дзякуючы Ф.Скарыну, беларускі народ і ўсе славяне сталі багацейшымі адразу на тысячы новых кніг, кніг незвычайных, друкаваных, шырокадаступных, адрасаваных простаму чытачу. Дзякуючы нашаму першадрукару, усходнеславянская кніга атрымала сучасны выгляд: тытульны ліст, пранумараваныя старонкі, змястоўная прадмова і пасляслоўе, ілюстрацыі.

Экскурсавод 2. Да нашана часу дайшло ўсяго чатыры сотні кніг Ф.Скарыны. Усе выданні вельмі рэдкія, асабліва віленскія. Рарытэты захоўваюцца ў бібліятэках і кнігасховішчах Мінска, Масквы, Санкт-Пецярбурга, Кіева, Вільнюса, Львова, Лондана, Прагі, Капенгагена, Кракава.

500-годдзе беларускага кнігадрукавання мае сусветнае значэнне і ўнесена ў каляндар памятных дат ЮНЕСКА.

Спадчына Ф.Скарыны — наш гонар, нацыянальны скарб і візітоўка Беларусі.

Настаўнік. Звярніце, калі ласка, увагу на карткі, якія ляжаць у вас на сталах. Карткі са сказамі. Карткі пранумараваны. Прачытайце іх услых, пачынаючы з нумара 1, і г.д. Калі мы іх прачытаем, то атрымаецца наш тэкст-зварот да ўсіх вучняў школы, настаўнікаў, бацькоў.

  1. Ключ да ведаў пачынаецца з нас саміх.
  2. Мы павінны ўсёй краінай адсвяткаваць 500-годдзе заснавання беларускага кнігадрукавання.
  3. Гэта справа не толькі палітыкаў і дыпламатаў, гэта справа кожнага чалавека.
  4. Гэтае свята павінна прыйсці ў кожны дом.
  5. Мы павінны праявіць ініцыятыву дзеля папулярызацыі імя і творчасці Ф.Скарыны, а таксама дасягненняў беларускай культуры ва ўсім свеце.
  6. Мы павінны падкрэсліваць веліч асобы Ф.Скарыны, яго еўрапейскі маштаб.
  7. Права на гэта даў нам Ф.Скарына.
  8. Правядзём год Ф.Скарыны ў Беларусі і свеце з надзеяй на лепшую трывалую будучыню.

Экскурсавод 1. Будзем спадзявацца, што сёння вы змаглі паглыбіць свае веды і адкрыць для сябе шмат новага пра нашага знакамітага земляка. Біяграфія Францыска Скарыны хавае ў сабе яшчэ шмат таямніц. Але вядома галоўнае: з яго імем звязана выдатная інтэлектуальная падзея ў жыцці не толькі беларускага народа, але і ўсіх усходніх славян — выданне ў пачатку XVI стагоддзя значнай часткі Бібліі. А таму пераацаніць уклад вялікага беларускага асветніка і першадрукара ў нашу культуру немагчыма.

Настаўнік. Славу краіне і народу прыносяць таленавітыя людзі. Яны, дзеці зямлі беларускай, наш гонар і сумленне. Вялікія і славутыя людзі стварылі і ствараюць імідж нашай Бацькаўшчыны ў свеце. Іх імёны, безумоўна, трэба ведаць і шанаваць.

Ала ЖЫЛІЧ,
настаўніца гісторыі, класны кіраўнік 11 класа
Азярніцкай сярэдняй школы Слонімскага раёна.