Урок павінен быць цікавы вучню і настаўніку

- 12:05Суразмоўца

Сяргей Яўгенавіч Сяргееў працуе ў гімназіі Глуска, дзе выкладае гісторыю і грамадазнаўства. Маё знаёмства з гэтым настаўнікам пачалося з вывучэння праграмы VІ Рэспубліканскага каляднага фестывалю педагагічнага майстэрства. Зачапіла новае імя, рэгіянальная навучальная ўстанова і сучасны тэрмін “медыяадукацыя”. Сяргей Яўгенавіч на фестывалі праводзіў майстар-клас, дзе расказваў, як можна фарміраваць грамадзянска-патрыятычныя кампетэнцыі з дапамогай медыяадукацыі. На майстар-клас трапіць не ўдалося. Затое атрымалася гаворка цяпер, падчас якой Сяргей Яўгенавіч зноў разбурыў стэрэатып “правінцыяльнага настаўніка”.

Сяргей Яўгенавіч СЯРГЕЕЎ — настаўнік гісторыі і грамадазнаўства гімназіі Глуска, настаўнік-метадыст; кіраўнік раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў прадметаў гісторыка-грамадазнаўчага цыкла; прызёр абласнога конкурсу “Настаўнік года — 2012”. Уладальнік дыплома ІІ ступені абласнога завочнага конкурсу відэаўрокаў “Культуралагічны аспект у выкладанні прадметаў сацыяльна-гуманітарнага кірунку” (2015 год).

Удзельнік інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання ключавых адукацыйных кампетэнцый вучняў у працэсе вывучэння інтэграванага сацыяльна-гуманітарнага прадмета “Грамадазнаўства”; член рэспубліканскай творчай групы настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства, пазаштатны лектар Магілёўскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Тэма педагагічнага вопыту — выкарыстанне мультымедыятэхналогій як сродку рэалізацыі дзейнаснага падыходу ў выкладанні грамадазнаўства.

— Сяргей Яўгенавіч, давайце знаёміцца. Раскажыце, калі ласка, пра сваё станаўленне ў педагогіцы. Чым вас прыцягнула настаўніцтва і што прыцягвае ў гісторыі і грамадазнаўстве?

— Пытанне можна падзяліць на два складнікі: настаўніцтва, гісторыя і грамадазнаўства. Вучыць, дапамагаць мне падабалася з дзяцінства. Наогул лічу высакароднай справай вучыць іншых таму, што ўмееш сам.

Чаму гісторыя і грамадазнаўства? Мне са школы падабаліся гуманітарныя прадметы. Гісторыя — гэта людзі, цікавыя падзеі, хоць, калі казаць праўду, грамадазнаўства мяне прываблівае больш. Для фізіка або матэматыка займальны інтэлектуальны занятак — рашэнне задач, а для мяне інтэлектуальнае захапленне — разбірацца ў тонкасцях эканомікі, палітыкі, права. Вось па гэтых прычынах з мяне і атрымаўся настаўнік гісторыі і грамадазнаўства, якім працую больш за 20 гадоў.

— Што змянілася за гады выкладання ў вас як у настаўніку, як у чалавеку?

— Як вядома, чалавек — гэта нязменнае ў зменах. Галоўнае, што не змянілася, дык гэта жаданне вучыцца і ісці ў нагу з часам. Толькі так можна быць цікавым для вучняў, і гэта — фундаментальная, на мой погляд, якасць настаўніка. Больш стала разумення, менш радыкалізму ў ацэнках як вучняў, так і падзей у жыцці. Прыйшло разуменне, што асоба важнейшая за ацэнку, прычым як у дзеяннях чалавека, так і настаўніка. Наогул любое ацэньванне, на маю думку, рэч вельмі суб’ектыўная. Складана аб’ектыўна ацаніць чалавека або адказ на ўроку, нягледзячы на ўсе распрацаваныя крытэрыі і правілы ацэньвання.

Безумоўна, я імі кіруюся, але па вялікім рахунку адзнакі не патрэбны. Я працую ў гімназіі, дзе дзеці дастаткова матываваныя і разумеюць, што для дасягнення поспеху трэба шмат і карпатліва вучыцца. Акрамя таго, складана ацаніць думкі і погляды вучня, яго стаўленне да пэўнай з’явы ці факта.

— Якім, на ваш погляд, павінен быць сучасны ўрок гісторыі, грамадазнаўства? Вызначце асноўныя складнікі яго паспяховага правядзення.

— Першае, урок павінен быць цікавы вучням, другое — самому настаўніку. Трэцяе — настаўнік павінен разумець, чаму і для чаго вучыць. Чацвёртае — урок павінен быць заснаваны на дэмакратычных адносінах паміж усімі ўдзельнікі адукацыйнага працэсу. І пятае — урок павінен быць заснаваны на дзейнасным падыходзе, калі перавага аддаецца самастойнай працы вучняў пад кіраўніцтвам і каардынацыяй настаўніка.
Гаворачы пра структуру свайго ўрока, магу сказаць, што яна даволі гібкая і залежыць ад мэт і задач, якія я абазначыў. На маім уроку дзеясловамі, што абазначаюць дзеянні вучняў, з’яўляюцца такія: знайдзіце, растлумачце, параўнайце, складзіце, стварыце, выступіце, прапануйце. І яны пераважаюць над дзеясловамі, якія абазначаюць дзеянне настаўніка: паслухайце, запішыце і г.д.

Я працую з дзецьмі, якія абралі профіль па грамадазнаўстве, а там па праграме шмат увагі ўдзяляецца праектнай дзейнасці навучэнцаў. У сувязі з гэтым актыўна прымяняю метад праектаў. І калі на першым этапе формай прадстаўлення праектаў была простая прэзентацыя са слайдамі, то цяпер гэта больш складаныя праекты, звязаныя з медыяадукацыяй. Напрыклад, відэаінтэрв’ю з людзьмі, якія адказваюць за развіццё нашага раёна, або відэафільм на пэўную тэму з жыцця школы і раёна. У працэсе работы над праектам навучэнцы фарміруюць розныя кампетэнцыі і ўменні.

Апошнія гады я захапляюся інфармацыйнымі тэхналогіямі. Тры гады назад наша гімназія ўключылася ў інавацыйны праект па ўкараненні ключавых адукацыйных кампетэнцый праз грамадазнаўства. На ўзбраенне былі ўзяты інфармацыйныя, камунікацыйныя кампетэнцыі. У гімназіі з’явілася інтэрактыўная дошка. Усё гэта дало штуршок і для майго развіцця ў абазначаным кірунку.

— Сяргей Яўгенавіч, а з чаго пачалося ваша захапленне медыяадукацыяй? На якім прадмеце яна найбольш прымяняльная?

— Маё захапленне медыяадукацыяй мела дзве прычыны: першая — гэта пошук новых форм і метадаў навучання цікавых як вучням, так і мне. Другая — мы з вамі ў век медыя жывём малую частку свайго жыцця, а нашы дзеці жывуць у ім з нараджэння. І вось жаданне дапамагчы ім разабрацца ў тым велізарным моры інфармацыі, у якім яны жывуць, навучыць іх разумець, працаваць з гэтай інфармацыяй і прывяло мяне да медыяадукацыі. Акрамя таго, мне самому падабаецца гэты кірунак. Можна сказаць, што я захоплены інтэрнэтчык.

Тут я хацеў бы патлумачыць, што хаваецца за тэрмінам “медыяадукацыя”. Гэта працэс развіцця асобы на матэрыяле сродкаў масавай камунікацыі з мэтай фарміравання культуры зносін з медыя, крытычнага мыслення, уменняў успрымаць, аналізаваць і ацэньваць розныя віды інфармацыі, якая падаецца ў выглядзе медыятэкстаў. Яшчэ адно тлумачэнне тэрміна “медыяадукацыя”: любое паведамленне ў любым жанры і ў любым выглядзе медыя.

Скажыце, калі ласка, хіба гэта не адны з самых важных кампетэнцый сучаснага чалавека? Медыяадукацыя мае на ўвазе выкарыстанне фатаграфій, плакатаў, газетных артыкулаў, рознага роду відэа. Як бачыце, гэта і ёсць вялікая частка такога паняцця, як “залатое правіла дыдактыкі” — нагляднасць. І гісторыя, і грамадазнаўства маюць прыдатную глебу для выкарыстання медыя-адукацыі.

А ў якасці медыятэкстаў на ўроках выкарыстоўваю самыя розныя рэчы, напрыклад, грошы, а дакладней — выявы на грашовых купюрах. Яны могуць расказаць вельмі многа аб сістэме каштоўнасцей краіны. Можна прапанаваць навучэнцам прааналізаваць, якія сістэмы каштоўнасцей можна знайсці на купюрах савецкіх грошай і грашовых знаках нашай краіны. Навучэнцы зразумеюць, як з фарміраваннем нашай дзяржаўнасці фарміравалася і новая сістэма каштоўнасцей.

Важным складнікам у выкладанні гісторыі і грамадазнаўства з’яўляецца фарміраванне патрыятызму і разумення беларускай нацыянальнай ідэалогіі. Для гэтага выкарыстоўваю тэкст Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь. Прапаную прааналізаваць яго прыёмамі медыяадукацыі, каб вызначыць, якія ідэі і каштоўнасці ў ім закладзены. Такім чынам, выкарыстоўваючы выяву на грашовых купюрах і тэкст Дзяржаўнага гімна краіны, можна сфарміраваць разуменне ідэалогіі нашай дзяржавы.

— Як вы ставіцеся да іншых новых методык і тэхналогій і наколькі лёгка адгукаецеся на новае?

— Перавернуты ўрок, на мой погляд, прагрэсіўная тэхналогія, і яе элементы я выкарыстоўваю ў сваёй працы. Што тычыцца актыўнай ацэнкі, то я знаёмы з яе элементамі, але пакуль не прыйшоў да яе прымянення. Да новага стаўлюся лёгка і з разуменнем, некаторыя элементы прымяняю ў сваёй педагагічнай дзейнасці.

—Тут жа хочацца спытаць і пра самаадукацыю настаўніка: яна стымулюе настаўніка ці прыгнятае пэўнымі рамкамі?

— У самаадукацыі ключавая частка “сама”. Калі настаўнік хоча быць сучасным і запатрабаваным, то без самаадукацыі ніяк. На мой погляд, самаадукацыя ў нашай сістэме не абмежавана ніякімі рамкамі і прыгнятаць чалавека не можа па азначэнні.

— Сяргей Яўгенавіч, а што хвалюе ў адукацыі?

— Хвалюе многае, напрыклад, зварот да кампетэнтнаснага падыходу ў навучанні. Нам трэба адыходзіць ад “знаниевой” парадыгмы і пераходзіць да дзейнаснага падыходу. Вучням неабходны не проста веды, а навыкі па выкарыстанні іх у жыцці. У сувязі з гэтым нам патрэбны і падручнікі новыя, і вучэбныя праграмы. Сістэмы пакуль няма, але радуе, што работа ў гэтым напрамку вядзецца.

Хочацца больш дакладных тлумачэнняў ці алгарытмаў па напісанні падручнікаў. Настаўнікаў запрашаюць да такой дзейнасці, але ў нас няма неабходнага інструментарыя. І, канечне, было б выдатна, калі б гэты алгарытм меў адзін падыход, каб не было, што адзін аўтар піша так, а другі свае думкі развівае ў іншым кірунку.

Патрэбны методыкі работы з дзецьмі ў сацыяльных сетках. Тое, што вучні там сядзяць дзень і ноч, — факт вядомы. Але іх трэба вучыць абараняцца ад шкоднай інфармацыі, вучыць не паддавацца маніпуляцыям. Насамрэч, гэта глабальная праблема, якую ніхто не вывучае. Сёння мы маем наступствы ад “Сіняга кіта”. Тут гаворкамі з псіхолагамі не абыдзешся. Патрэбны спецыяльныя курсы для настаўнікаў-прадметнікаў, каб яны маглі адпаведную работу праводзіць і падчас сваіх урокаў. У сувязі з гэтым развіццё медыяадукацыі становіцца вельмі актуальным, бо яна можа стаць асновай такіх курсаў.

— Адкуль чэрпаеце натхненне для работы?

— Натхненне чэрпаю ў поспехах сваіх вучняў, іх паступленні на самыя прэстыжныя факультэты краіны, што для дзяцей з маленькіх гарадоў важная ўмова далейшай сацыялізацыі ў жыцці. Дарэчы, мая вучаніца ў мінулым годзе набрала 100 балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні па грамадазнаўстве.

А сем выпускнікоў нашай гімназіі сталі студэнтамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прычым прэстыжных факультэтаў. Пагадзіцеся, для правінцыяльнай гімназіі — гэта вялікае дасягненне. Акрамя таго, вучні гімназіі амаль штогод выступаюць на абласных алімпіядах па гісторыі і грамадазнаўстве, адкуль прывозяць дыпломы ІІ, ІІІ ступені, заахвочвальныя водзывы.

Натхняюся сваімі поспехамі ў конкурсе “Настаўнік года”, здачай экзамену на катэгорыю “настаўнік-метадыст”, падтрымкай маёй сям’і. Натхняльнай з’яўляецца работа ў складзе рэспубліканскай творчай групы настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства, а таксама ў якасці лектара ў абласным інстытуце развіцця адукацыі. Калі цябе слухаюць калегі, то хочацца развівацца і рухацца далей.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.