1 верасня ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь адбыўся прафсаюзны ўрок “Беларусь — мая Айчына” для будучых педагогаў.
Навучэнцы другога курса Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа сустрэліся з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, членамі Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Аксанай Уладзіміраўнай Няхайчык і Ірынай Аркадзьеўнай Дарафеевай, а таксама старшынёй Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ларысай Леанідаўнай Волкавай.
Запрошаным на сустрэчу будучым настаўнікам пачатковых класаў падрабязна расказалі пра дзейнасць і прыярытэтныя напрамкі галіновага прафсаюза, зрабіўшы асаблівы акцэнт на рабоце з маладымі спецыялістамі.
— Наша непасрэдная задача — абарона правоў і інтарэсаў работнікаў галіны. Чаму сёння асаблівую ўвагу ў сваёй працы мы ўдзяляем менавіта моладзі? Справа ў тым, што да нас прыходзіць шмат маладых спецыялістаў, каля 640—650 чалавек штогод. За апошнія тры гады вырас працэнт маладых спецыялістаў, якія застаюцца ў галіне. Мы не саромеемся пра гэта казаць, таму што гэта сапраўды была бяда, калі 4 гады назад амаль 50% маладых спецыялістаў па розных прычынах сыходзілі з галіны, — паведаміла Ларыса Леанідаўна Волкава. — Ужо не для каго не сакрэт, што педагогі сёння дасягаюць пэўнага кар’ернага росту практычна ва ўсіх галінах. Толькі хіба што хірургамі не працуюць. Прэзідэнт нашай краіны — гісторык, два настаўнікі ў мінулым — міністры сёння, кіраўнікі сур’ёзных структур таксама маюць педагагічнае мінулае. Настаўнік можа вельмі шмат. І калі развіваць у сабе гэтую стараннасць, працавітасць, творчы і лідарскі патэнцыял, не баяцца набіваць шышкі, то дасягнуць можна вельмі многа.
Для навучэнцаў было вялікім гонарам не толькі ўпершыню пабываць у такім месцы, як Нацыянальны сход, але і пагутарыць з дэпутатамі. Разумеючы ступень занятасці гэтых людзей, моладзь была асабліва ўдзячна за праведзены разам з ёй час, цёплую, шчырую размову.
— Сёння ў парламенце 110 дэпутатаў, 39 з іх — педагогі: людзі, якія звязаны з выкладаннем у сярэдняй агульнаадукацыйнай школе, вышэйшых навучальных установах. Палітык сёння — гэта ў нейкай меры артыст, прамоўца, дыпламат. Улічваючы, якая колькасць педагогаў сёння ў парламенце, тое ж самае можна гаварыць і пра настаўніка, што ён і артыст, і прамоўца, і дыпламат. Гэтыя дзве сцежкі вельмі падобныя, — адзначыла Аксана Уладзіміраўна Няхайчык. — Хацелася б пажадаць вам як будучым педагогам, каб вы не спалохаліся першых цяжкасцей сваёй прафесіі. Калі на трэцім курсе ўніверсітэта моладзь часам заяўляе, што “гэта не маё”, то пытаюся: “А колькі ты працаваў па спецыяльнасці, каб зразумець, што гэта не тваё?” Каб гэта зразумець трэба “паварыцца” ў прафесіі. Вучоба — гэта адно, а праца — зусім іншае, зацягне — заўважыць не паспееце.
Напрыканцы прафсаюзнага ўрока для навучэнцаў Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа правялі экскурсію па будынку парламента, прадаставілі магчымасць задаць прадстаўнікам улады любыя пытанні.
Марына ПЫРКОВА.
Фота аўтара.