Педагогу трэба заўсёды памятаць, што і ён калісьці быў дзіцем, лічыць маладая настаўніца англійскай мовы і інфарматыкі Алеся Барысюк з Дамашыцкай базавай школы Пінскага раёна. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
У прафесію дзяўчына прыйшла не выпадкова: яе бацькі — педагогі. Іх прыклад быў вырашальным пры выбары будучай сферы дзейнасці, а вось з профілем Алеся Мікалаеўна вызначылася дзякуючы паглыбленаму вывучэнню з 7 класа матэматыкі і англійскай мовы. Перавагу ў рэшце рэшт аддала апошняй.
Пасля заканчэння з адзнакай Пінскага каледжа БрДУ імя А.С.Пушкіна маладога спецыяліста накіравалі ў Дамашыцкую базавую школу, дзе яна працуе другі год. Дзяўчыну не палохала апынуцца ў сельскай установе адукацыі: ад яе да роднага Пінска рукой падаць.
— Вельмі рада, што першыя прафесійныя крокі пачала менавіта ў гэтай школе, — гаворыць Алеся Барысюк. — Тут атрымліваюць веды ўсяго 40 вучняў, з якімі можна працаваць амаль у індывідуальным рэжыме. Спачатку выкладала англійскую мову, а цяпер і інфарматыку. Сумяшчаю гэтыя прадметы без асаблівых цяжкасцей, бо іх якраз і яднае англійская мова, на базе якой пабудавана праграмаванне. Іншая справа, што рыхтавацца да заняткаў даводзіцца не толькі адразу па двух прадметах, але і ў розных класах.
Без перажыванняў у пачатку прафесійнай дарогі не абышлося. Дзяўчына вельмі хвалявалася, як прыме яе, маладога спецыяліста, вопытны калектыў і як хутка яна адаптуецца да работы. Аднак усе перажыванні аказаліся дарэмнымі. Адміністрацыя школы і педагогі з радасцю і цеплынёй прынялі маладую калегу, якой аказалі неабходную псіхалагічную і метадычную падтрымку, за што Алеся Барысюк ім вельмі ўдзячна.
— Ведаў, атрыманых у каледжы, было дастаткова, — заўважае Алеся Мікалаеўна. — Патрабавалася толькі адкарэкціраваць іх на практыцы. Акрамя таго, давялося ўсвядоміць іншы ўзровень адказнасці за дзяцей дзякуючы класнаму кіраўніцтву.
Нягледзячы на невялікую розніцу ва ўзросце з выхаванцамі, праблем з дысцыплінай у класе ў маладой настаўніцы няма. Выбудоўваць канструктыўныя адносіны з імі дапамагаюць станоўчыя ролевыя мадэлі любімых педагогаў. Выканальніцкая дысцыпліна, строгасць і прафесіяналізм — ад настаўніцы рускай мовы і літаратуры Святланы Пархуціч з сярэдняй школы № 18 Пінска, эрудыцыя, уменне бачыць добрыя якасці ў людзях і не рабіць паспешных вывадаў — ад выкладчыцы англійскай мовы Алены Сямёнавай і выкладчыцы педагогікі Наталлі Качаноўскай з Пінскага каледжа БрДУ імя А.С.Пушкіна.
— Дзеці не павінны адчуваць на ўроку дыскамфорту, — лічыць Алеся Мікалаеўна. — Да кожнага трэба знайсці правільны падыход і быць з выхаванцамі, як кажуць, на адной хвалі. Больш за ўсё падабаецца бачыць у дзіцячых вачах зацікаўленасць. Вучні вельмі цэняць, калі дарослыя лічацца з іх меркаваннем і ўспрымаюць як маленькіх асоб, а не як неразумных свавольнікаў. Без гнуткасці, дабрыні, разумення, эмпатыі і шырокай эрудыцыі сучаснаму настаўніку не абысціся.
Але дасягаць пастаўленых мэт і задач Алесі Барысюк дапамагае не толькі гэта. У сваёй рабоце педагог актыўна выкарыстоўвае тэхнічныя сродкі навучання і інфармацыйныя тэхналогіі.
— Добра павышаюць эфектыўнасць адукацыйнага працэсу мультымедыйныя прэзентацыі, інтэрактыўныя заданні і аўтарскія гульнявыя прыёмы на аснове анлайн-платформ, якія падбіраюцца з улікам індывідуальных асаблівасцей кожнага дзіцяці, — расказвае Алеся Барысюк. — А вось тэхналогіі “Вучымся разам” і “Мазаіка”, звязаныя з арганізацыяй парнай і групавой дзейнасці, дазваляюць за аднолькавы час ахапіць больш вучняў і авалодаць большым аб’ёмам матэрыялу, чым на звычайным уроку.
Малады педагог не расчаравалася ў прафесійным выбары і сваю будучыню звязвае са школай, для чаго атрымлівае вышэйшую адукацыю ў МДЛУ.
— Вельмі натхняе, калі бачу зацікаўленасць маёй работай з боку адміністрацыі, калег і бацькоў вучняў, — прызнаецца Алеся Мікалаеўна. — Хочацца не падвесці іх і стаць добрым спецыялістам.
У тым, што гэта па сілах мэтанакіраванай і жыццярадаснай дзяўчыне, сумнявацца не даводзіцца.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ