Урокі для мамы і таты

- 14:42Псіхолаг у школе, Сацыяльны ракурс

Адукацыйны праект “Бацькоўскі ўніверсітэт”, які рэалізуецца ў школах краіны, накіраваны на павышэнне не толькі педагагічных, але і псіхалагічных кампетэнцый бацькоў. Падрабязнасцямі падзялілася педагог-­псіхолаг сярэдняй школы № 2 Бялыніч Зоя САГІНА. 

Маўклівая згода

У школе не толькі навучанне, але і ўзаема­дзеянне настаўнікаў, псіхолага, сацыяльнага педагога з навучэнцамі стане больш эфектыўным, калі дзеці будуць адчуваць, што паміж імі і школай створаны дружалюбныя, партнёрскія адносіны. Не менш важна стварыць такую ж атмасферу ў адносінах з сям’ёй навучэнца.

“Безумоўна, сёння сувязным звяном паміж школай і сям’ёй з’яўляюцца спецыялісты сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы, — разважае педагог-псіхолаг Зоя Сагіна. — Менавіта ад нашай работы залежыць, ці ўба­чаць бацькі, што робіць школа для выхавання і навучання дзяцей. Упэўнена, што менавіта сям’я павінна быць першым і галоўным сябрам настаўнікаў у выхаванні дзяцей, а сумесныя намаганні  педагогаў і бацькоў здольны ства­рыць спрыяльныя ўмовы для развіцця дзіцяці. Дарэчы, менавіта на дапамогу ў гэтай справе накіраваны праект “Бацькоўскі ўніверсітэт”, які ўжо амаль 3 гады рэалізуецца ў школах краіны. У праграме праекта распісаны тэмы, якія мы або звужаем, або пашыраем. Гэта залежыць ад таго, наколькі актуальнай праблема з’яўляецца менавіта для нашай установы адукацыі, для нашых навучэнцаў і іх баць­коў. Увогуле, праект накіраваны на тое, каб праца­ваць выключна з бацькамі. Але паколькі бацькі і дзеці — гэта цэласная сістэма, зна­чыць, дзеці таксама маюць да яго дачыненне, бо калі мяняецца адзін член сям’і, змены адбываюцца і з іншымі”.

Мэта бацькоўскага ўніверсітэта — павышэнне педагагічнай і псіхалагічнай культуры дарослых, фарміраванне адказнага, пазітыўнага бацькоўства. Акрамя гэтага, праект накіраваны на тое, каб даць бацькам новыя веды і практычныя ўменні, якія тычацца як выхавання, так і ўзаемадзеяння з дзецьмі. 

Увесь перыяд пераходнага ўзросту пабудаваны на максімалізме і жаданні самавыявіцца. У самапашкоджанні, ці шраміраванні, дзеці бачаць не небяспеку, а магчымасць адчуць моцныя эмоцыі, перажыванні. 

“Універсітэт педагагічных ведаў для бацькоў павінен працаваць на ўстанаўленне кантактаў са школай, узаемадзеянне бацькоў і педагогаў у выхаванні, развіцці і сацыя­лізацыі дзіцяці, — тлумачыць асноўныя напрамкі дзейнасці праекта педагог-псіхолаг. — На большасці пасяджэнняў універсітэта павінен прысутнічаць псіхолаг, каб праводзіць заняткі. Так, падчас адной з апошніх сустрэч мы з бацькамі размаўлялі на адну вельмі важную тэму. Я расказвала дарослым, як падчас зносін з дзіцем правільна выкарыстоўваць “я-выказванне”, сутнасць якога ў тым, каб гаварыць малому аб сваіх пачуццях, а не вінаваціць дзіця, сцвярджаючы, што яно дрэннае, не прыбрала свой пакой. Замест звыклых абвінавачанняў будзе правільна сказаць сыну альбо дачцэ, што вы засмучаны, бо ў пакоі брудна. Карацей кажучы, я спрабую наву­чыць бацькоў тым навыкам, што дазволяць пабудаваць паміж усімі членамі сям’і лепшую камунікацыю. Атрымліваецца, што мэта праекта і нашага ўзаемадзеяння з дарослымі больш глабальная. Яна накіравана на стварэнне даверлівых і паважлівых адносін. Вострыя перыяды і крызісы заўсёды былі і будуць у жыцці кожнага навучэнца. Пераход у 5 клас, пераходны ўзрост, выбар далейшага жыццёвага шляху — гэта ўсё накладвае адбітак на сістэму зносін у сям’і. Таму ства­рыць камфортныя ўмовы для камунікацыі з дзіцем не проста важна, гэта неабходна. У праекце падрабязна распісана, па якіх тэмах трэба ў першую чаргу размаўляць з бацькамі. Зразумела, што для навучэнцаў пачатковых класаў актуальнай з’яўляецца адаптацыя ў школе, а для тых, хто вучыцца ў выпускных класах, — прафесійнае самавызначэнне. Што тычыцца тэм, на якія наша школа звяртала асаб­лівую ўвагу, то гэта ў першую чаргу гвалт у адносінах да дзяцей. Што хаваць, у навучальных установах ён заўсёды быў, прычым дзякуючы маўклівай згодзе дарослых. Але апошнім часам з’явіліся фактары, якія яшчэ больш спрыя­юць росту праяў гвалту. У першую чаргу сюды адносяцца сацыяльныя сеткі. Часцей за ўсё ўдзель­нікамі цкавання з’яўляюцца вучні 5—7 класаў. Але бацькі гэтых дзяцей часта не падазра­юць аб тым, што такая праблема існуе. Дзеці таксама не абмяркоўваюць гэта з бацькамі, бо баяцца, што стане горш, калі дарослыя прыйдуць разбірацца ў школу.

Сучасныя бацькі часта шукаюць інфармацыю ў інтэрнэце. Таму падчас пасяджэння ўніверсітэта мы разам спрабуем яе абмерка­ваць і актуалізаваць, бо не заўсёды тое, што чытаюць мамы і таты,  трэба ўспрымаць сур’ёзна. Напрыклад, калі разглядалі тэму суіцыдальнай рызыкі з бацькамі 7—8 класаў, мы вызначалі іх індыкатары, а таксама закранулі тэму дапамогі дзіцяці. Сем’ям, дзе растуць дзеці 13—14 гадоў, важна ведаць, на што звяртаць увагу ў дачыненні да дзіцяці, як і пра што размаўляць, калі выявіліся змены ў паводзінах”. 

Сустрэчы бацькоўскага ўніверсітэта ў школе праводзяцца і ў анлайн-фармаце. Псіхолаг кажа, што такія формы ўзаемадзеяння з бацькамі вельмі зручныя і даюць магчымасць дарослым падключыцца да абмеркавання праблемы ў любы момант. Акрамя работы з мамамі і татамі, праект “Бацькоўскі ўніверсітэт” накіраваны на аказанне метадычнай дапамогі педагогам у падрыхтоўцы матэрыялу для сустрэч, баць­коўскіх сходаў і класных гадзін. 

“Сёлета я правяла 14 сустрэч самастойна, а яшчэ былі 3 сумесныя, да іх далучыліся ўсе паралелі. Падчас іх мы абмеркавалі тэму “Уплыў сям’і на эмацыянальны стан дзіцяці”. Вялікую цікавасць у бацькоў выклікала тэма суіцыдальнай рызыкі, і гэта ня­дзіўна, — працягвае Зоя Сагіна. — Да яе абмеркавання далучыліся многія. Таксама мам і татаў хвалюе тое, як пабудаваць з дзецьмі больш эмацыянальныя, адкрытыя зносіны. Калі ўдасца ўстанавіць давер, гэта дазволіць заўважаць нават самыя дробязныя змены ў паво­дзінах непаўналетніх”.

Наталля САХНО.