Урокі духоўнага выхавання

- 10:27Навіны рэгіёнаў, Рознае

У Навагрудскім раёне цеснае супрацоўніцтва сістэмы адукацыі і Беларускай Праваслаўнай Царквы ажыццяўляецца на працягу апошніх дзесяці гадоў. За гэты час у раёне склалася сістэма духоўна-маральнага выхавання навучэнцаў. Аб гэтай рабоце мы гутарым з метадыстам Навагрудскага вучэбна-метадычнага кабінета Г.Я.КАРАТАЙ.

— Галіна Яўгенаўна, а хто быў першапраходцам у супрацоўніцтве школы з Беларускай Праваслаўнай Царквой? З чаго пачыналі гэтую работу ў раёне?

— Першапачаткова традыцыі супрацоўніцтва былі закладзены ў сярэдняй школе № 2 Навагрудка. Духоўна-маральнае выхаванне навучэнцаў з 2002 года з’яўляецца выхаваўчым прыярытэтам школы, складае аснову школьнай праграмы выхавання. З 1 верасня 2011 года школа з’яўляецца рэспубліканскай інавацыйнай пляцоўкай, якая працуе па тэме “Укараненне мадэлі арганізацыйна-метадычнага забеспячэння праграм духоўна-маральнага выхавання вучняў на праваслаўных традыцыях беларускага народа”. На базе школы прайшлі рэспубліканскі семінар “Рэалізацыя інавацыйнага праекта духоўна-маральнага выхавання дашкольнікаў і школьнікаў на праваслаўных традыцыях беларускага народа ў Гродзенскай вобласці”, канферэнцыя для педагогаў “Духоўна-маральнае выхаванне: традыцыі, праблемы, вопыт” падчас наведвання Навагрудчыны Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі мітрапаліта Паўла.

— У школах раёна арганізаваны факультатывы “Асновы праваслаўнай маральнасці”. Раскажыце, калі ласка, аб іх рабоце.

— З 2005 года ва ўстановах адукацыі Навагрудскага раёна праводзіцца факультатыў “Асновы праваслаўнай маральнасці”. На сённяшні дзень у 16 установах агульнай сярэдняй адукацыі гэты факультатыў наведваюць 282 вучні другой і трэцяй ступені навучання. Усяго ж у 2016/2017 навучальным годзе ў школах Навагрудчыны пачалі работу 64 факультатывы духоўна-маральнай накіраванасці. Павелічэнне колькасці факультатываў выклікана тым, што з мінулага навучальнага года на першай ступені навучання стаў выкладацца факультатыў “Асновы праваслаўнай культуры”. У 2016/2017 навучальным годзе факультатыў “АПК” выкладаецца ў 15 першых класах з удзелам 112 чалавек і ў 17 другіх класах з ахопам 134 вучні.

Пачалася работа па стварэнні рэсурснага цэнтра духоўна-маральнага выхавання дашкольнікаў на праваслаўных традыцыях беларускага народа на базе ясляў-сада № 3 Навагрудка. У маі 2014 года тут быў арганізаваны і праведзены семінар для кіраўнікоў устаноў дашкольнай адукацыі “Праваслаўныя сустрэчы”. У гутарках-занятках “Урокі дабрыні” ў дашкольных установах прымае ўдзел больш за 80 працэнтаў дзяцей 4—5-гадовага ўзросту.

Дзевяць гурткоў духоўна-маральнай накіраванасці арганізавана ў 4 установах адукацыі (“Тэатр “Батлейка”), “Дабраталюбства”, “Вакальны” — у сярэдняй школе № 2, два гурткі бальнага танца — у сярэдняй школе № 7 і пры храме святых Барыса і Глеба і інш. У сямі ўстановах адукацыі горада арганізавана работа 27 апорных класаў, у якіх сістэматычна (два разы ў месяц) праводзяць заняткі выкладчыкі праваслаўнага сястрынства па васьмі спецыяльна распрацаваных праграмах (“Карыснае слова”, “Час з карысцю для душы”, “Урокі дабраталюбства”, “Добрае сэрца”, “Праваслаўная культура і этыка”, “Вера. Надзея. Любоў”, “Асновы хрысціянскай этыкі”, “Будзь прыгожай і шчаслівай”).

— Валанцёрства і дабрачыннасць з’яўляюцца асновай духоўнага выхавання дзяцей. А яшчэ якія кірункі дзейнасці распаўсюджаны ў раёне?

— На працягу апошніх гадоў разам з Навагрудскім благачыннем праводзяцца дабрачынныя акцыі “Нашы дзеці”, “Клопат”, “Падары радасць блізкаму”, “Захавай дзіцяці жыццё!”, сустрэчы для дзяцей з мнагадзетных сем’яў, дзяцей-сірот. Асаблівая ўвага ўдзяляецца дзецям з аддзялення прытулку пры сацыяльна-педагагічным цэнтры, для якіх сям’я не стала тым цёплым, утульным і камфортным месцам, дзе яны могуць знайсці спакой і паразуменне.

Не застаюцца ўбаку і бацькі. Акрамя традыцыйных сустрэч на бацькоўскіх сходах, вельмі плённым стала адкрыццё праваслаўнага бацькоўскага клуба “Кантакт”, які дзейнічае ўжо 13 гадоў на базе сярэдняй школы № 1 Навагрудка. У яслях-садзе № 6 працуе сямейнае аб’яднанне “Пакроў” для мнагадзетных сем’яў.

Краязнаўчая работа ва ўстановах адукацыі па вывучэнні гістарычных помнікаў беларускага і іншых народаў раскрывае не толькі іх культурную, але і духоўную значнасць, іх месца і ролю ў духоўным жыцці краіны. На рэгіянальным этапе Міжнароднага конкурсу дзіцячай творчасці “Прыгажосць Божага свету” ў Слоніме даследчая работа “Праваслаўныя абразы храмаў горада Навагрудка” вучняў сярэдняй школы № 7 Віталя Рытуса і Аляксея Кур’яна заняла першае месца ў намінацыі “Даследаванне”. Усяго ж на гэтым конкурсе вучні Навагрудскага раёна занялі 16 прызавых месцаў з 36, з іх 4 — першыя, 7 — другія і 5 — трэція.

Рэалізацыя праграмы супрацоўніцтва ажыццяўляецца праз мерапрыемствы ў рамках Тыдня маці, Дня сям’і, святочных і велікодных сустрэч, акцый “У абарону жыцця на зямлі”, месячніка грамадзянска-патрыятычнага выхавання. Актывізавана сумесная работа з благачыннем па прапагандзе здаровага ладу жыцця, па прафілактыцы наркаманіі і алкагалізму сярод моладзі. Змест гэтай дзейнасці ўключае інтэрактыўныя гульні, семінары, круглыя сталы, сустрэчы, дэкады дабрыні і міласэрнасці, творчыя майстэрні, арганізацыю выстаў і экспазіцый у музеях устаноў адукацыі, шэфства над ветэранамі, пажылымі людзьмі і інвалідамі, догляд магіл і іншыя мерапрыемствы.

Найбольш значнымі мерапрыемствамі духоўна-маральнай і грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці, праведзенымі па ініцыятыве благачыння за апошнія гады, з’яўляюцца штогадовы малебен-благаславенне выпускнікоў з уручэннем прэміі святых роўнаапостальных Кірылы і Мяфодзія выпускнікам — актыўным удзельнікам духоўна-асветніцкіх мерапрыемстваў, а таксама падзячны малебен аб здароўі вучняў у пачатку навучальнага года; штогадовыя дзіцячыя Свята-Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні, штогадовыя праваслаўныя балі, якія сталі візітнай карткай Навагрудка, праваслаўныя алімпіяды “Святыя і святыні зямлі навагрудскай”, фестывалі хрыстаславаў, выставы дзіцячай творчасці.

— Галіна Яўгенаўна, каб весці такую рознабаковую дзейнасць, трэба і настаўнікам быць да яе падрыхтаванай. Якая работа право-дзіцца з педагогамі?

— Так, без накіраванасці педагогаў да такой дзейнасці працаваць было б немагчыма. У раёне праводзіцца сістэматычная духоўна-асветніцкая работа з педагагічнымі кадрамі: штогадовыя праваслаўныя Свята-Елісееўскія педагагічныя чытанні, сустрэчы, епархіяльныя семінары па пытаннях духоўна-маральнага выхавання, паломніцкія паездкі настаўнікаў, якія выкладаюць курсы “АПМ” і “АПК”.

31 педагог задзейнічаны ў выкладанні факультатыўных курсаў “Асновы праваслаўнай маральнасці” і “Асновы праваслаўнай культуры”. Трэба адзначыць, што выкладанне “АПМ” і “АПК” — справа нялёгкая, патрабуе ад педагога шмат часу, сіл і поўнай самааддачы. Плённа працуе раённае метадычнае аб’яднанне педагогаў “АПМ” і “АПК” (кіраўнік настаўнік вышэйшай катэгорыі Тамара Мікалаеўна Сурага). Пры праваслаўным сястрынстве створана школа праваслаўнага педагога для педагагічных работнікаў Навагрудскага раёна з графікам заняткаў адзін раз у месяц. На базе праваслаўнага сястрынства працуюць бібліятэка, метадычны кабінет, дзе можна атрымаць дапамогу і кансультацыю па правядзенні мерапрыемстваў духоўна-маральнай накіраванасці. У Навагрудскай епархіі распрацаваны паўрочныя заняткі для 1—4-х класаў. Старшая сястра сястрынства Ірына Уладзіміраўна Кокаш забяспечыла настаўнікаў метадычнымі дапаможнікамі і ўрокамі з прэзентацыямі ў электронным выглядзе. У студзені 2016 года адбыліся выязныя курсы павышэння кваліфікацыі для настаўнікаў устаноў адукацыі Навагрудскага раёна, якія вядуць факультатыўныя заняткі “АПМ” і “АПК”. 25 педагогаў атрымалі пасведчанні дзяржаўнага ўзору, што было арганізавана ўпершыню ў Гродзенскай вобласці.

Творча і самааддана на працягу многіх гадоў працуюць Т.М.Сурага (Валеўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа), А.Б.Сталярчук, Н.Г.Марцуль, Н.А.Пашкевіч, Н.В.Клок (сярэдняя школа № 2 Навагрудка), Д.У.Няўжынская (сярэдняя школа № 7 Навагрудка), М.П.Ляўша (Любчанская сярэдняя школа), А.М.Золатава (Навагрудская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат для дзяцей з ЦПМ), Л.В.Прахарэвіч (гімназія № 1 Навагрудка), А.А.Чысцякова (сярэдняя школа № 5 Навагрудка), В.М.Падалянчык (сярэдняя школа № 1 Навагрудка) і інш. Дырэктар сярэдняй школы № 2 Навагрудка Ала Барысаўна Сталярчук, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 2 Навагрудка Наталля Генадзьеўна Марцуль, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Валеўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Тамара Мікалаеўна Сурага ўзнагароджаны медалём РПЦ “У памяць 1000-годдзя прастаўлення роўнаапостальнага вялікага князя Уладзіміра”.

— Навучэнцы Навагрудчыны маюць магчымасць удзельнічаць і ў мерапрыемствах, якія праводзяцца і па-за межамі раёна. Вынікова выступаюць са сваімі даследаваннямі на розных алімпіядах і конкурсах.

— Навучэнцы і педагогі ўстаноў адукацыі Навагрудскага раёна прынялі ўдзел у трох конкурсах, прысвечаных 1000-годдзю прастаўлення роўнаапостальнага князя Уладзіміра. У конкурсе сачыненняў “Вера ў сэрцы маім” вучні Навагрудскага раёна атрымалі 6 прызавых месцаў (1 дыплом I ступені, 2 дыплом II ступені, 3 дыплом III ступені), а таксама 7 падзячных лістоў. У конкурсе навуковых работ навучэнцаў “Біблейскія сюжэты ў сусветным мастацтве” 3-е месца атрымала вучаніца сярэдняй школы № 7 Навагрудка Настасся Маслоўская. Пераможцы былі запрошаны ў Мінск для ўзнагароджання. Дэлегацыя нашага раёна была самай шматлікай.
У конкурсе метадычных распрацовак і вучэбна-метадычных матэрыялаў 8 педагогаў раёна прызнаны пераможцамі і запрошаны ў Мінск для ўзнагароджання і абмену вопытам на Першыя беларускія калядныя чытанні, якія адбыліся 2 снежня 2015 года. Пераможцы таксама былі заахвочаны бясплатнай паломніцкай паездкай у Пскова-Пячэрскую лаўру.

Нашы педагогі прымаюць удзел у навуковых канферэнцыях і чытаннях рознага ўзроўню. Педагогі разам з вучнямі былі запрошаны ў Маскоўскі дзяржаўны абласны ўніверсітэт для абмену вопытам работы на пасяджэнне круглага стала “Традыцыйныя сямейныя каштоўнасці: дыялог пакаленняў”. Настаўнікі Навагрудчыны прадстаўлялі вопыт работы на Полацкіх чытаннях, Тураўскіх чытаннях, на Першых беларускіх калядных чытаннях у Мінску, Пінскіх калядных чытаннях, на V Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Праваслаўны вучоны ў сучасным свеце”. Выкладчыкі факультатыву “Асновы праваслаўнай культуры” прымалі ўдзел у рабоце Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Цывілізацыйныя асновы духоўна-маральнага выхавання асобы” ў Маскве.

— Разам з традыцыйнымі мерапрыемствамі ажыццяўляецца і пошук новых форм у духоўна-маральным выхаванні моладзі. Раскажыце аб гэтым і найбліжэйшых планах.

— Адным з апошніх значных мерапрыемстваў стала рэалізацыя праекта “Свет веры, ці Прыгажосць выратуе свет” на першай змене духоўна-маральнай накіраванасці аздараўленчага лагера “Свіцязь”. Такая змена ладзілася ў раёне ўпершыню. Старшым выхавальнікам і галоўным ініцыятарам усіх спраў з’яўлялася Т.М.Сурага. Адпачынак дзяцей быў насычаны цікавымі мерапрыемствамі: паломніцтвамі, экскурсіямі, наведваннем храма, сустрэчамі, конкурсамі, міласэрнымі і працоўнымі справамі. Дзеці не толькі адпачылі, умацаваліся фізічна, але, маючы зносіны са святарамі ў нязмушанай атмасферы, многае запазычылі для душы. У дзень развітання ў лагеры была закладзена алея веры.

Наперадзе чарговае пасяджэнне метадычнага аб’яднання педагогаў па тэме “Сям’я і сямейныя каштоўнасці”, XIV Свята-Елісееўскія педагагічныя чытанні, удзел у шэрагу конкурсаў і іншых мерапрыемствах.

— Што вы лічыце галоўным дасягненнем у такой рабоце з дзецьмі?

— Аналізуючы сумесную дзейнасць адукацыі і царквы, можна сказаць, што гэтая праца дае свае вынікі. Свет праваслаўя прапаноўвае вучням пазнаць сябе, зрабіць свой маральны выбар. Вучні адчуваюць сваё дачыненне да гісторыі, задумваюцца над праблемамі навакольнага свету, у іх з’яўляецца патрэба ўдасканальваць сябе і сваё жыццё, яны становяцца больш памяркоўнымі адно да аднаго, больш праяўляюць павагі да дарослых, аднагодкаў.

Спадзяёмся, што разам з праваслаўнай царквой мы здолеем выхаваць у навучэнцаў устойлівае перакананне, што паводзіны — гэта люстэрка, у якім кожны паказвае сваё аблічча, што дабрачыннасць развіваецца добрымі справамі, а не пустымі размовамі.

Гутарыла Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.