Урокі ў музеі

- 12:05Выхаваўчая прастора

Развіццё ў дзяцей і падлеткаў цікавасці да гісторыі малой радзімы, традыцый, культуры і людзей, якія праслаўляюць яе сваёй працай, талентам, — галоўная мэта асветніцкай дзейнасці Бярозаўскага гісторыка-краязнаўчага музея і яго філіяла — галерэі мастацтваў. Нашы супрацоўнікі рыхтуюць цікавыя, змястоўныя, карысныя для навучання і самаразвіцця мерапрыемствы: аглядныя і тэматычныя экскурсіі, музейна-педагагічныя заняткі, адукацыйныя праграмы, вулічныя квест-гульні.

Музей плённа супрацоўнічае з адукацыйнымі ўстановамі Бярозы і Белаазёрска, сельскімі школамі. Асабліва ўважліва мы ставімся да запытаў настаўнікаў-прадметнікаў: яны дапамагаюць вылучыць запатрабаваныя тэмы. Напрыклад, вялікі попыт на экскурсіі “Старажытныя гарады краю”, “Бярозаўскі картэзіянскі манастыр”, “Першыя баі Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Бярозаўскага раёна”, “Трагедыя Броннай гары”, “Салдаты Перамогі — беразаўчане”, “Здзітаўская абарона — гераічная старонка ваеннай гісторыі”.

6000 школьнікаў і дашкольнікаў наведваюць музей і галерэю мастацтваў штогод.

У этнаграфічнай зале праходзяць музейна-педагагічныя заняткі “Бярозаўскі кірмаш”, “Адкуль з’явілася кашуля”, “Як хлеб да стала дайшоў”. Ветлівая бабуля Ганна ў нацыянальным строі запрашае хлопчыкаў і дзяўчынак да калаўрота і прадзільнага станка, з прымаўкай ды песняй расказвае пра лён і ручное ткацтва, паказвае верацяно, аб якое ўкалолася казачная Сонная прыгажуня, і кош, у якім мядзведзь нёс кемлівую Машу. У гэтай зале дзеці гуляюць у кірмаш па-бярозаўску, каб азнаёміцца з прадметамі побыту вясковага і гарадскога жыхара мінулага, даведацца, што такое рагулька ці клямка. Рэчы захоўваюць атмасферу старажытнасці і дапамагаюць праз матэрыяльнае асэнсаваць нематэрыяльную культуру нашых продкаў — традыцыі, фальклор.

Любяць юныя беразаўчане і іх настаўнікі чаяваць-самаварнічаць падчас музейных заняткаў “Гісторыя самавара”, на якіх даследуюць чайныя традыцыі народаў свету і любуюцца багатай музейнай калекцыяй самавараў. Музейна-педагагічныя заняткі не толькі ствараюць дабратворнае асяроддзе для адукацыйнага працэсу, але і фарміруюць у саміх настаўнікаў уменне і жаданне знаходзіць цікавую інфармацыю да ўрокаў, рабіць іх нагляднымі, насычанымі.

Ведаюць у навучальных установах раёна і пра адукацыйную праграму “Музей гасціць у дзяцей”, калі культурна-асветніцкі праект сам прыязджае ў класы гарадскіх і сельскіх школ, аздараўленчыя лагеры. Так, на музейных занятках “Скарбы бярозаўскай зямлі” школьнікі атрымліваюць веды пра мінералы і паўкаштоўныя камяні, знойдзеныя на тэрыторыі раёна і за яго межамі, пра іх паходжанне і ўласцівасці, прымяненне ў тэхніцы, мастацтве, побыце і нават астралогіі. Усе экспанаты перасоўнай выставы дзеці могуць патрымаць у руках.

Гістарычныя веды засвойваюцца нашмат лягчэй, калі тэатралізаваныя заняткі па радзімазнаўстве праводзяць першыя ўладальнікі мястэчка Бярозы — Ян і Барбара Гамшэі — у шыкоўных старажытных строях ці, напрыклад, сярэдневяковы рыцар у даспехах з фонду музея. Смелыя могуць паўдзельнічаць у рыцарскім турніры, на памяць пра перамогу застаюцца фотаздымкі.

Музейныя спецыялісты ўзнаўляюць і рэканструююць ваенную гісторыю краю. Так, старшы навуковы супрацоўнік Галіна Сяргееўна Краўчук — дарэчы, аўтар-складальнік многіх музейна-педагагічных заняткаў — на ўроку “Пад разрывамі снарадаў” становіцца настаўніцай лясной партызанскай школы, якая дзейнічае як частка музейнай экспазіцыі перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Сучасныя школьнікі акунаюцца ў атмасферу суровага ваеннага ліхалецця, пішуць пісьмо-трохкутнік воіну Чырвонай Арміі, знаёмяцца з імёнамі і ўспамінамі землякоў, у мінулым — вучнямі лясной школы, з ваеннымі малюнкамі палітрука партызанскага атрада С.Н.Бельскага, спяваюць знакамітую “Кацюшу”. Гэты праект бярозаўскіх музейшчыкаў быў адзначаны дыпломам I ступені Рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшы музей года па патрыятычным выхаванні моладзі ў намінацыі “Музей і новыя адукацыйныя праграмы”.

Падчас летніх канікул папулярныя квест-гульні, якія музей праводзіць сумесна з аддзелам ідэалагічнай работы і па справах моладзі Бярозаўскага райвыканкама: удзельнікі з азартам вандруюць па вуліцах і гістарычных аб’ектах роднай Бярозы. У мінулым навучальным годзе квест “Па слядах Вялікай Айчыннай…” быў прысвечаны 74-годдзю вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ва ўсіх пунктах маршруту ўдзельнікаў “вызваленчай аперацыі” чакалі героі ў ваеннай форме з зашыфраванымі заданнямі. Хлопчыкі і дзяўчынкі ахвотна дасылалі свае фотаздымкі з кожнага гістарычнага аб’екта. Школьнікам цікава сумяшчэнне гісторыі горада, дынамічнай гульні і сучасных электронных сродкаў.

Супрацоўнікі Бярозаўскага гісторыка-краязнаўчага музея адчуваюць, што іх праца ўдала ўпісваецца ў сістэму дадатковай адукацыі. Каб замацаваць поспех, у жніўні мы правялі семінар для настаўнікаў школ раёна. Спадзяёмся, гэта дапаможа нам прарэкламаваць свае паслугі, раскрыць багацце фондавых калекцый і ў выніку прыцягнуць у музей яшчэ больш дзяцей і падлеткаў.

Ала ДРАГАН,
супрацоўніца Бярозаўскага гісторыка-краязнаўчага музея.