У Маларыцкай раённай гімназіі прайшоў традыцыйны восеньскі лёгкаатлетычны крос “Усе на старт!”, у якім актыўна ўдзельнічалі вучні 5—11 класаў. Спрыт, вынослівасць, настойлівасць і сілу ў бегу на розных дыстанцыях паказвала больш за 150 дзяцей. Барацьба была нежартоўная. Перамаглі самыя хуткія і падрыхтаваныя.
Лепшыя вынікі паказалі: на дыстанцыі 300 м — пяцікласнікі Софія Барысюк і Ілья Гаральчук, шасцікласнікі Марыя Бурштын і Аляксандр Балюк, на дыстанцыі 500 м — сямікласнікі Аліна Саўчук і Андрэй Горбік, васьмікласнікі Кацярына Кучарук і Арцём Шыманчык, дзевяцікласнікі Марыя Дзямчук і Глеб Гімчынскі. Дыстанцыю 1000 м першымі пераадолелі дзесяцікласнікі Вераніка Алесік і Мікіта Піпко, адзінаццацікласнікі Вікторыя Супрунчук і Андрэй Вярэніч.
— Я таксама ўдзельнічала ў кросе, але ў лік прызёраў не трапіла, — гаворыць шасцікласніца Вера Чуль. — Мяне гэта крыху засмуціла, але ў той жа час натхніла на будучыя перамогі. Планую ў гэтым навучальным годзе абараняць гонар класа на розных спаборніцтвах і перамагаць. А для таго каб дасягаць высокіх вынікаў, неабходна пастаянна трэніравацца. Я і мае аднакласнікі атрымалі ад кросу задавальненне, станоўчы зарад энергіі і эмоцый.
— У нашай установе вялікая ўвага ўдзяляецца фізічнаму выхаванню вучняў і ўмацаванню іх здароўя, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі Наталля Асіпук. — Восеньскі лёгкаатлетычны крос — гэта не разавае і не адзінае мерапрыемства. Традыцыйнымі ўжо сталі калядныя спартыўныя вечары, спаборніцтвы па гульнявых відах спорту паміж вучнямі гімназіі і яе выпускнікамі, вучнямі і бацькамі, вучнямі і настаўнікамі.
Розныя спартыўныя спаборніцтвы ва ўстанове адукацыі праводзяцца раз у месяц для вучняў усіх класаў на працягу ўсяго навучальнага года. Запланаваны тыдні спорту і здароўя, спартландыі “Вясёлыя старты”, першынство сярод гімназістаў па настольным тэнісе, плаванні і іншае.
Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.