Усё пачынаецца з любові

- 10:25Навіны рэгіёнаў

Штогод у Мінскай вобласці шчырым працаўнікам розных галін дзейнасці прысуджаецца ганаровае званне “Чалавек года Міншчыны”. Сёлета спіс людзей, ушанаваных гэтым высокім званнем, папоўніўся 22 прозвішчамі. Чалавекам года Міншчыны стала і настаўніца рускай мовы і літаратуры Крупскай раённай гімназіі Святлана Леанідаўна Хадатовіч.

Традыцыя прысваення ганаровага звання была распачата ў 2011 годзе, яно прысуджаецца ў трох намінацыях: “Вытворчая дзейнасць”, “Невытворчая сфера” і “Грамадска-палітычная дзейнасць”. Чалавекам года становяцца прадстаўнікі розных прафесій, якія працуюць плённа, актыўна, з душою, тым самым робячы свой важкі ўклад у развіццё вобласці. Сёлета ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання адбылася ў Клецку, узнагароды годным працаўнікам уручыў старшыня Мінаблвыканкама Сямён Барысавіч Шапіра.

— Некалькі гадоў назад на абласной жнівеньскай педагагічнай канферэнцыі разам з граматай мне адрасавалі пажаданні, каб наступную ўзнагароду мне ўручаў губернатар. Я тады і не думала, што гэта магчыма, а сёння атрымліваецца, што тыя словы былі прарочыя, — расказвае Святлана Леанідаўна Хадатовіч і дадае: — Містычная гісторыя.

Хаця няма ў гэтай гісторыі нічога містычнага, а ёсць шматгадовая самаадданая праца і яе заканамерны вынік. Дарэчы, сёлета ў Святланы Леанідаўны яшчэ адна нагода для святкавання — 30 гадоў яна працуе ў Крупскай раённай гімназіі. У родны Крупскі раён яна вярнулася працаваць пасля заканчэння філфака БДУ. Крыху больш за год працавала ў Худавецкай сярэдняй школе, а потым перайшла ў сярэднюю школу ў Крупках, якая пазней стала гімназіяй. Тры дзясяткі гадоў праляцелі як імгненне, і сёння педагог вучыць дзяцей сваіх колішніх выпускнікоў.

Святлана Леанідаўна выкладае рускую мову і літаратуру. Акрамя філалагічнай адукацыі, яна пазней атрымала яшчэ і спецыяльнасць псіхолага. Гэтыя веды і сёння дапамагаюць знайсці падыход да дзяцей, прывіць ім любоў да слова, цікавасць да мовы. У яе педагагічным арсенале мноства разнастайных прыёмаў, каб дзеці не сумавалі на ўроках. Так, вучням сярэдняга звяна падабаецца ствараць разнастайныя праекты. Працуючы над імі, дзеці, самі таго не заўважаючы, паглыбляюцца ў мовазнаўства, закранаюць надзвычай складаныя тэмы і вывучаюць іх без складанасцей. А неабходнасць прадстаўляць і абараняць свой праект вучыць дзяцей прыгожа гаварыць, рыхтаваць яркія выступленні. Прапаноўвае настаўніца сваім вучням і гульнявыя моманты. Напрыклад, праводзіць штогод мовазнаўчыя “алімпійскія гульні”. Са старшакласнікамі, якім ужо не да гульняў, — свая методыка работы. За многа гадоў у Святланы Леанідаўны назапасіліся свае напрацоўкі для паўтарэння і замацавання матэрыялу. Вучні складаюць апорныя схемы, канспекты, вядуць даведачныя сшыткі.

Святлана Леанідаўна не першы год паспяхова рыхтуе вучняў да ўдзелу ў алімпіядзе. Толькі за апошнія 8 гадоў навучэнцы старшых класаў пад кіраўніцтвам педагога заваявалі 17 дыпломаў раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўню. Сёлета на абласным этапе алімпіяды адразу дзве яе вучаніцы апынуліся на п’едэстале гонару, былі ўзнагароджаны дыпломамі І і ІІІ ступені. І калі Святлана Леанідаўна атрымлівала ганаровае званне, яе вучаніца рыхтавалася да рэспубліканскага этапу прадметнай алімпіяды, адкуль прывезла сёлета дыплом ІІІ ступені. Дар’я Вараб’ёва разам з настаўніцай плённа працавала з 5 класа. І ўжо ў 8 класе спаборнічала ў алімпіядзе з дзевяцікласнікамі і мела немалы поспех: дайшла да рэспубліканскага этапу, дзе атрымала пахвальны водзыў. У наступным годзе дзяўчыне скарылася і гэтая вышыня — яна атрымала дыплом І ступені заключнага этапу алімпіяды. Таксама Дар’я ў мінулым годзе атрымала дыплом ІІІ ступені на алімпіядзе школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”. Цікава, што ў Дар’і таксама ёсць ганаровае званне — “Вучань года Мінскай вобласці”. Вось такі надзвычай паспяховы творчы тандэм вучня года і чалавека года Мінскай вобласці.

Свае поспехі і дасягненні ў прафесіі Святлана Леанідаўна тлумачыць проста:

— Трэба любіць дзяцей і сваю прафесію, каб быць паспяховым настаўнікам. І трэба абудзіць у дзецях любоў да прадмета, каб яны мелі поспех у навучанні і ў інтэлектуальных спаборніцтвах.

І калі ў рабоце з дзецьмі ўсё пачынаецца з любові, то і працяг будзе добры.

Дар’я РЭВА.
Фота Аляксандра БУЦЬКО.