Усе ўдзельнікі саюза павінны прытрымлівацца адзіных правіл, якія выпрацавалі разам

- 10:34Інфармацыйная гадзіна

Беларусь выступае за фарміраванне аднолькавага канкурэнтнага асяроддзя для ўсіх сельгасвытворцаў у Еўразійскім эканамічным саюзе. Аб гэтым заявіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Расіі Ігар Петрышэнка ў інтэрв’ю “РІА Навіны”.

“Ёсць даручэнне на ўзроўні ўрадаў, актыўна працуюць нашы Мінсельгасы, і я думаю, што тыя так званыя непаразуменні, звязаныя з залішнімі абмежаваннямі, якія ўводзяцца адносна нашых прадпрыемстваў, будуць зняты. Мы за тое, каб на нашым еўразійскім эканамічным рынку функцыянавалі дакладныя зразумелыя ўмовы, аднолькавае канкурэнтнае асяроддзе было для ўсіх сельгасвытворцаў”, — падкрэсліў пасол.

Ігар Петрышэнка нагадаў, што Беларусь пастаўляе сельгаспрадукцыю больш як у 90 краін свету. “І нідзе мы не атрымлівалі столькі прэтэнзій, колькі мы атрымліваем ад Рассельгаснагляду. На нашу думку, яны не заўсёды адэкватныя і абгрунтаваныя з пункту гледжання дакладнага выканання норм, правіл і параметраў, якія існуюць у нашым Еўразійскім эканамічным саюзе. Гэта меркаванне не толькі маё, гэта меркаванне ЕЭК, якой дэлегаваны паўнамоцтвы забяспечваць маніторынг і кантроль выканання той прававой базы, што прынята ў сферы перамяшчэння паднагляднай прадукцыі, ветэрынарнага, фітасанітарнага кантролю. Мы гэтыя правілы пісалі разам, і давайце па іх разам дзейнічаць. Ёсць парадак”, — адзначыў ён і ўдакладніў, што дыялог паміж беларускай ветэрынарнай службай і Рассельгаснаглядам не спыняўся ні на хвіліну.

Ігар Петрышэнка таксама пракаменціраваў наступствы для Беларусі падатковага манеўру Расіі ў нафтавай галіне. “Вядома, гэта для нас адчувальна. У першую чаргу таму, што, у адпаведнасці з дамоўленасцямі, пры перапрацоўцы нафты экспартныя пошліны застаюцца ў бюджэце Беларусі. Мы ўважліва сочым за сітуацыяй з завяршэннем падатковага манеўру і, безумоўна, рыхтуемся да яго магчымых эканамічных наступстваў. У нас няма дастатковых магчымасцей для прымянення такіх экзатычных механізмаў, як зваротныя акцызы, таму мы будзем рабіць упор на павышэнне эфектыўнасці працы нафтаперапрацоўчых заводаў. Менавіта гэта павінна дазволіць галіне заставацца канкурэнтаздольнай на знешніх рынках”, — растлумачыў ён.

Пасол звярнуў увагу, што менавіта таму перад нафтаперапрацоўчай галіной стаіць задача па паскораным і якасным завяршэнні мадэрнізацыі прадпрыемстваў.