Усе жаданні за пяць гадоў!

- 14:52Якасць адукацыі

Свае перамогі і поспехі падчас навучання ва ўніверсітэце надоўга запамінаюць і ў далейшым з пяшчотай успамінаюць многія маладыя спецыялісты. Выключэннем не сталі і выбітныя выпускнікі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, ушанаванне якіх адбылося на ўрачыстай цырымоніі 21 чэрвеня.

Сёлета мерапрыемства прайшло пад адкрытым небам, таму сонечны дзень стаў добрым дапаўненнем да ўрачыстасці. Узнагароды за выдатную вучобу, актыўную навукова-даследчую дзейнасць, удзел у жыцці ўніверсітэта, а таксама за поспехі ў творчасці, спорце і грамадскай рабоце атрымалі 76 маладых людзей. У ліку ўшанаваных ганаровымі граматамі, падзякамі БНТУ і падзякамі адміністрацыі Савецкага раёна сталіцы былі адзначаны лаўрэаты і стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, пераможцы Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў, навучэнцы, якія ўваходзяць у банкі даных адоранай і таленавітай моладзі, майстры спорту міжнароднага класа, а таксама прызёры чэмпіянатаў краіны, Еўропы і свету.

Падтрымаць выпускнікоў прыйшлі бацькі, супрацоўнікі ўніверсітэта і запрошаныя госці. Так, з віншаваннем да маладых людзей выйшлі выпускнікі мінулых гадоў — прадстаўнікі творчых калектываў Ганна Навумчык, Дзмітрый Нікіцін, спявак Шыр і артыст, а па сумяшчальніцтве выкладчык БНТУ, Іван Вабішчэвіч (Дзядзя Ваня).

У гонар падзеі выдатнікі БНТУ запусцілі ў неба паветраныя шары. “Загадайце самыя вялікія са сваіх жаданняў, — звярнуўся да прысутных Дзядзя Ваня. — Цяпер яны дакладна здзейсняцца! За ўсе пяць гадоў! Паехалі!”

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.