Ушаноўваем загінуўшых і жывых

- 16:45Нам пішуць

Напярэдадні вялікага свята Дня Перамогі ў аграгарадку Лобжа, што на Магілёўшчыне, адбыўся мітынг каля абеліска загінуўшым землякам. Бо 9 Мая — гэта свята, якое важнае для ўсіх. Менавіта дзякуючы гэтаму дню мы зараз вольныя і валодаем уласным лёсам. Вялікая Айчынная вайна — самая народная і сапраўды самая свяшчэнная з усіх войнаў на зямлі, назаўжды застанецца вялікім урокам чалавечай мужнасці.

На мітынгу прысутнічалі работнікі райвыканкама, прадстаўнікі раённых службаў, раённага савета ветэранаў, ваенкамата, журналісты. Павіншавалі прысутных старшыня Лобжанскага сельскага выканаўчага камітэта Мікалай Васільевіч Пуцалеў і выконваючы абавязкі ваеннага камісара Дзмітрый Іванавіч Драздоў.

Метраном адлічыў хвіліну маўчання. Удзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць загінуўшых землякоў, усклалі кветкі да падножжа абеліска.

На тэрыторыі нашага сельскага савета пражывае ветэран Вялікай Айчыннай вайны Васіль Іванавіч Падліпскі. На вялікі жаль, па стане здароўя ён не змог прысутнічаць на мерапрыемстве. Але дзеці нашай школы з класным кіраўніком Уладзімірам Уладзіміравічам Новікавым і дырэктарам школы Міхаілам Пятровічам Пралыгіным наведалі і павіншавалі ветэрана са святам.

Ігар НОВІКАЎ,
навучэнец 10 класа
Лобжанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Клімавіцкага раёна.

Фота Надзеі САБІРАВАЙ.