Ушаноўвалі Ламаносава

- 16:15Нам пішуць

У лістападзе споўнілася 305 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Васільевіча Ламаносава. Гэтай знамянальнай даце быў прысвечаны літаратурны вечар для навучэнцаў, які правяла Вольга Уладзіміраўна Царова, настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 1 Скідзеля Гродзенскага раёна. Пасля прагляду відэафільма пра жыццё і творчасць Ламаносава школьнікі адказалі на пытанні віктарыны.

Навучэнцы прадставілі на суд журы і гледачоў хатняе заданне: самастойна намаляваныя партрэты Ламаносава, паведамленні аб яго адкрыццях. А сфера навуковых інтарэсаў Міхаіла Васільевіча была сапраўды шматграннай: хімія, фізіка, астраномія, горная справа, тэорыя літаратуры і паэзія – невыпадкова А.С.Пушкін назваў яго «першым нашым універсітэтам». Выразнае чытанне вершаў Ламаносава паказала, што яго творы, нягледзячы на вялікую колькасць састарэлай лексікі, зразумелыя і цікавыя сучаснаму чытачу.

Наталля ЧАРКЕС,
настаўнік-метадыст, настаўнік рускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 1 Скідзеля Гродзенскага раёна.

Фота аўтара.