Услед за бацькамі

- 11:23Навіны рэгіёнаў

Над сумесным праектам “Пітная вада” юныя палачане працуюць разам з нямецкімі школьнікамі. Днямі ў горадзе знаходзілася маладзёжная дэлегацыя з Фрыдрыхсхафена.

— Мы імкнёмся, каб навучэнцы і педагогі прыязджалі ў горад-пабрацім (такі статус маюць Полацк і Фрыдрыхсхафен) не як турысты, а як удзельнікі сумеснай работы, — расказала начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама Ірына Драздова. — Праектная дзейнасць дазваляе ажыццявіць гэтую ідэю. Супрацоўніцтву ў сферы адукацыі паміж нашымі гарадамі ўжо больш за 20 гадоў, на працягу якіх быў рэалізаваны шэраг цікавых праектаў у галіне экалогіі, культуры, спорту, гісторыі, адукацыі, рэабілітацыі дзяцей з асаблівасцямі развіцця, энерга- і рэсурсазберажэння. Тэма сёлетняга праекта выбрана невыпадкова: работа менавіта ў гэтым напрамку з’яўляецца выдатным прыкладам эфектыўных міжнародных кантактаў.

Да ўвядзення ў эксплуатацыю водазабора “Заазер’е” Полацк спажываў ваду з Заходняй Дзвіны, на ачыстку якой выкарыстоўвалася да 200 тон хлору ў год. Нямецкія партнёры падтрымалі ініцыятыву па абсталяванні водазабора і ўдасканальванні тэхналогіі ачысткі пітной вады. На правядзенне будаўніча-мантажных работ, набыццё тэхналагічнага абсталявання і кансультаванне яны накіравалі больш за 1 млн еўра інвестыцый. Дзякуючы супрацоўніцтву палачане атрымалі якасную ачышчаную пітную ваду з падземных свідравін.

У праекце “Пітная вада” Полацк прадстаўляюць сярэднія школы № 16 і № 18, а таксама гімназія № 1. Дырэктар сярэдняй школы № 16 Ірына Зімніцкая патлумачыла, што выбар тэмы быў найперш абумоўлены актуальнасцю пытанняў аховы здароўя.

— Паколькі Фрыдрыхсхафен унёс як фінансавую, так і непасрэдна працоўную лепту ў забеспячэнне горада чыстай пітной вадой, нарадзілася ідэя паказаць нашым дзецям плён удалага супрацоўніцтва іх бацькоў, — адзначыла дырэктар. — Гэта трывалая аснова, на якой яны могуць далей сябраваць і працаваць. І да якіх праектаў гэта прывядзе, пабачым у будучыні.

Традыцыйна нямецкія школьнікі пражываюць у сем’ях іх беларускіх равеснікаў. Навучэнцы разам пабылі ў Прыродна-экалагічным музеі, дзе бліжэй пазнаёміліся з воднай экасістэмай раёна, у Бярэзінскім біясферным запаведніку. На экскурсіі ва УП “Полацкводаканал” яны пабачылі сістэму ачысткі пітной вады ў дзеянні. Палачане пастараліся паказаць замежным сябрам асаблівасці этнаграфіі Полаччыны, нацыянальнай кухні, побыту беларусаў. У Цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур для ўдзельнікаў праекта правялі майстар-класы па саломапляценні, выцінанцы, ткацтве і вырабе глінянай керамікі. Не застаўся без увагі і такі складнік здаровага ладу жыцця, як актыўнае правядзенне вольнага часу. Асабліва запомнілася гасцям наведванне раённага цэнтра дзяцей і моладзі, дзе яны ўдасканальвалі турысцкія навыкі, выязныя гульні ў пейнтбол, урачыстае адкрыццё першага этапу чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па ралі-рэйдах Баха “Беларусь”, што адбылося ў Полацку якраз у канцы мая. Аднак найбольшую цікавасць у замежных сяброў выклікала раённае свята апошняга званка. У маладзёжнай сталіцы нашай краіны гэта адно са знакавых і найбольш маштабных мерапрыемстваў з унікальнымі традыцыямі, у той час як у Германіі падобнага свята не існуе.

— У рамках праекта мы таксама знаёмім нямецкіх педагогаў і навучэнцаў з сістэмай адукацыі Беларусі, паказваем ім нашы дзіцячыя сады, вялікія і малыя агульнаадукацыйныя школы, вучэбна-педагагічныя комплексы, — паведаміла Ірына Зімніцкая. — Між тым асноўная задача ўсіх нашых сумесных праектаў застаецца нязменнай — развіццё камунікацый, сяброўскіх узаемаадносін, пераадоленне моўных і культурных бар’ераў.

Наладжванню кантактаў спрыяе і тое, што многія ўдзельнікі праекта з полацкага боку на добрым узроўні валодаюць нямецкай мовай. Напрыклад, сярэдняя школа № 16 мае афіцыйны статус школы міжнароднага партнёрства. Пастаяннай канферэнцыяй міністраў культуры і адукацыі зямель ФРГ яна прызнана навучальнай установай па падрыхтоўцы да экзамену на атрыманне дыпломаў па нямецкай мове. Акрамя таго, установа адукацыі ўдзельнічае ў міжнароднай ініцыятыве “Школы — партнёры будучыні”, якая ў цяперашні час аб’ядноўвае каля паўтары тысячы школ ва ўсім свеце. Практычна штогод лепшыя навучэнцы дэманструюць веданне нямецкай мовы, якое адпавядае ўзроўню А2, В1 і В2 па агульнаеўрапейскіх стандартах. Міжнародны дыплом па нямецкай мове навучэнец школы, якая далучылася да згаданай ініцыятывы, можа атрымаць бясплатна. У астатніх выпадках трэба паступаць на курсы пры Інстытуце Гётэ ў Мінску, аплачваць вучобу і два туры экзаменаў. Шпрахдыплом В1 дастатковы для залічэння на падрыхтоўчы курс універсітэтаў Германіі, а дыплом В2 — для залічэння на вучобу ў нямецкія ўстановы вышэйшай адукацыі. Калі ж уладальнік дыплома набывае вышэйшую адукацыю ў Беларусі і не арыентаваны на доўгатэрміновую вучобу за мяжой, ён можа прыняць удзел у міжнародным студэнцкім абмене, прычым такі студэнт мае першачарговае права на атрыманне гранта або стыпендыі на навучанне ў Германіі на працягу аднаго семестра.

Разам з тым у праекце задзейнічаны і полацкія навучэнцы, для якіх нямецкая мова не з’яўляецца першай замежнай. Для іх зносіны з нямецкімі равеснікамі — дзейсны стымул да вывучэння яшчэ адной мовы. Дарэчы, сярод гасцей таксама знайшліся знаўцы рускай мовы: пераважна гэта дзеці з сем’яў, якія пераехалі ў ФРГ з краін постсавецкай прасторы, у прыватнасці Казахстана.

— Мы ўсе стараемся чаму-небудзь карыснаму навучыць адно аднаго і чаму-небудзь навучыцца, — падзялілася ўражаннямі ўладальніца шпрахдыплома В1 дзесяцікласніца Таццяна Шунто. — У першай дзясятцы вывучаных нашымі гасцямі слоў — стандартныя “прывітанне”, “як справы”, “добра”, “вельмі добра”, “так”, “не”. Прыемна, што “вельмі добра” з нямецкім акцэнтам гучыць найчасцей.

— Мяне вельмі ўразілі Полацк і гасціннасць яго жыхароў, — па-руску прызнаўся нямецкі ўдзельнік праекта сямікласнік Стывен Смышляеў. — Цікава было параўнаць нашы побыт і падрыхтоўку ў школе, высветлілася, што маем шмат агульнага ў інтарэсах, хобі, поглядах на свет. Адрозненняў таксама багата, але так знаёміцца яшчэ цікавей. Думаю, гэта аснова моцных сяброўскіх адносін.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.