У Беларусі завяршылася дэкада “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця для ўсіх”, якая працягвалася з 2 па 12 кастрычніка і стала нагодай для правядзення больш чым 60 тэматычных мерапрыемстваў. Заключэннем дэкады стаў рэспубліканскі фестываль, які праводзіўся ў канцы мінулага тыдня ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка. На ім былі прадстаўлены лепшыя інавацыйныя практыкі ў адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця.
На адкрыцці мерапрыемства ў сваім прывітальным слове намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь нацыянальны каардынатар па дасягненні Мэт устойлівага развіцця Марыяна Акіндзінаўна Шчоткіна выказала ўдзячнасць усім, хто так ці інакш робіць крокі да ўстойлівых мэт і адзначыла, што толькі такой вялікай камандай, якая склалася ў краіне і аб’яднала людзей розных узростаў і прафесій, можна дасягнуць устойлівасці. Намеснік міністра адукацыі Аляксандр Уладзіміравіч Кадлубай падкрэсліў асаблівую ролю, якую выконвае моладзь, у прыватнасці студэнты — маладзёжныя паслы Мэт устойлівага развіцця. З прывітальным словам выступілі і пастаянны каардынатар ААН у Рэспубліцы Беларусь Іаанна Казана-Вішнявецкі, прадстаўнік Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь Рашыд Мустафа Сарвар, рэктар БДПУ старшыня савета Асацыяцыі “Адукацыя для ўстойлівага развіцця” Аляксандр Іванавіч Жук.
У рамках фестывалю прайшлі публічныя лекцыі кіраўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання і міжнародных арганізацый. Так, пра ролю моладзі для дасягнення МУР са студэнтамі пагутарыў Аляксандр Кадлубай. На тэму “Устойлівае развіццё сваімі рукамі: практыкі захавання прыроды, даступныя кожнаму” паразважаў з моладдзю кіраўнік офіса пастаяннага каардынатара ААН у Рэспубліцы Беларусь Ягор Новікаў. Для студэнтаў, будучых педагогаў, прайшла і серыя тэматычных майстар-класаў, дзе была раскрыта роля педагога ў рэалізацыі Мэт устойлівага развіцця, ідэя ўзаемадзеяння школы з мясцовай супольнасцю ў дасягненні МУР, абмеркаваны адаптацыя да кліматычных змен, экадружалюбныя паводзіны, захаванне гісторыка-культурнай спадчыны і інш.
Пра экалагічныя выклікі ў Рэспубліцы Беларусь і ў свеце будучым педагогам расказаў Яўген Лабанаў, дырэктар “Цэнтра экалагічных рашэнняў”, каардынатар па экалагічных пытаннях Партнёрскай групы па ўстойлівым развіцці. У прыватнасці, ён засяродзіўся на адной з самых актуальных тэм — праблеме пластыку, вытворчасць якога за апошнія 65 гадоў павялічылася ў 190 разоў. Так, прамоўца паведаміў, што асобны збор смецця асаблівага эфекту не дае, бо толькі 9% з агульнай масы пластыку можна перапрацаваць, прычым пасля паўторнага выкарыстання гэты пластык зноў апынецца на звалцы. З усяго штодзённага падобнага смецця другое жыццё ў нашай краіне даюць хіба толькі ПЭТ-бутэлькам. Таму Яўген Лабанаў заклікаў засяроджвацца не на асобным зборы пластыку, а на максімальнай адмове ад яго выкарыстання.
Наглядна ўбачыць крокі да ўстойлівых мэт можна было на інтэрактыўнай выставе, дзе сваім вопытам і найбольш паспяховымі практыкамі падзяліліся прадстаўнікі розных устаноў адукацыі: дзіцячых садоў, школ, універсітэтаў, цэнтраў дзіцячай творчасці, рэгіянальных інстытутаў развіцця адукацыі, рэгіянальных рэсурсных цэнтраў адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця і грамадскіх арганізацый.
Так, пра вопыт студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі “Адукацыйная практыка ў інтарэсах устойлівага развіцця ва ўстановах дашкольнай адукацыі” факультэта дашкольнай адукацыі кафедры методык дашкольнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка ўдзельнікам фестывалю расказала яе кіраўнік Алена Анатольеўна Рублеўская: “Наша лабараторыя займаецца распрацоўкай методыкі выхавання ў дзяцей дашкольнага ўзросту беражлівых адносін да прыродных рэсурсаў. Мы распрацоўваем дыдактычныя гульні, цацкі, дапаможнікі і інш. Студэнты нашай лабараторыі прымаюць актыўны ўдзел у напісанні навуковых работ, паспяхова прадстаўляюць іх у рэспубліцы і па-за яе межамі. У гэтым годзе нашы студэнты атрымалі грант Міністэрства адукацыі на распрацоўку зместу дыдактычных гульняў”.
На базе сярэдняй школы № 12 Віцебска створаны Цэнтр аховы здароўя. На калідорах і ў кабінетах першага паверха, адведзенага для малодшай школы, размешчаны рухальныя і гульнявыя пляцоўкі, развіццёвыя панэлі, трэнажоры, святлогукавы пясочны стол для малявання пяском, каб малодшыя школьнікі займалі сябе на перапынках. Старшакласнікі негарэльскай сярэдняй школы № 1 Дзяржынскага раёна ўкараняюць ідэю фінансавай падтрымкі навучэнцаў, якія вядуць экалагічны лад жыцця. Яны распрацоўваюць дадатак з шэрагам заданняў (пасадзіць дрэва, прыбраць нейкую тэрыторыю і інш.), за выкананне якіх удзельніку налічваюцца балы. Гэтыя балы можна ці абмяняць на прызы, завітаўшы да арганізатараў у школу, ці атрымаць зніжкі ў крамах пасёлка. У партнёрскай гандлёвай сетцы пасёлка 10 прыватных магазінаў, таксама ёсць дамоўленасць з іх гаспадарамі на прадастаўленне зніжак на ласункі, а таксама на саджанцы і насенне ў мясцовым садовым цэнтры.
Сярэдняя школа № 12 Наваполацка зрабіла асноўны ўхіл на ўстойлівую мабільнасць. “Мы праводзім велакросы, пешыя прагулкі, сэлфі-акцыі “Я і мой веласіпед” і “Бяспечны экстрым”, робім асвятленне на велапаркоўках, развіваем інфраструктуру, плануем устанаўліваць новыя велапаркоўкі. Ёсць ідэя пры школе пабудаваць велатрэк”, — гаворыць Алена Анатольеўна Кісялёва, настаўніца біялогіі.
Ініцыятыва “УРА Гродна” (Устойліваму развіццю — актыўнасць Гродна) аб’яднала сярэднюю школу № 12, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы і яслі-сад № 45. Універсітэт займаецца экаманіторынгам, у дзіцячым садку вывучаюць надвор’е, а ў школе ствараюць міні-цэнтры вады і энергіі, зялёны клас для аздараўлення на вуліцы, зялёныя майстэрні, дзе будзе выкарыстоўвацца другасная сыравіна, зялёнае фае з вадаспадам і раслінамі як прыклад зялёнага офіса. У Гродне гэта адзіная школа, дзе працуе Цэнтр бяспекі дарожнага руху і дзеці вучаць яздзе на веласіпедзе сваіх аднагодкаў, іх бацькоў і нават дзядуляў і бабуль. За два гады тут навучылі каля 3 тысяч чалавек.
Усяго ў рамках дэкады прайшло каля 60 мерапрыемстваў ва ўсіх рэгіёнах краіны. Гэта фестывалі дзіцяча-дарослых ініцыятыў, семінары, майстар-класы, акцыі, ток-шоу, сусветныя кафэ і інш. Напрыклад, у гімназіі Браслава адбылася рэгіянальная акцыя “Горад без пластыку”, у гімназіі № 1 Дзятлава прайшоў квест “Ствараем Чырвоную кнігу Дзятлаўшчыны разам”. Гімназія Шчучына арганізавала для ўстаноў адукацыі і партнёрскіх арганізацый раёна баркемп “Навуковая крама ў дзеянні”. Фестываль майстар-класаў “Дзень дасведчанага спажыўца” прайшоў на базе гімназіі Веткі. Інфармацыйна-адукацыйную сустрэчу “Інклюзіўны тэатр — шлях да роўнасці” арганізавалі навучэнцы педагагічных класаў сярэдняй школы № 203 Мінска.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара.