Уступная кампанія: даты, лічбы, магчымасці

- 11:31Вышэйшая школа

Набліжаецца ўступная кампанія. Менш як два тыдні засталося да пачатку рэгістрацыі на цэнтралізаванае тэсціраванне і менш як два месяцы да саміх экзаменаў. Мы сабралі для вас самую актуальную інфармацыю аб прыёме-2021. 

Прыём у лічбах

Як паведаміў начальнік Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Каспяровіч, сёлета ўступная кампанія істотна не зменіцца. Захаваюцца ўсе традыцыйныя падыходы ў парадку прыёму на ўсіх узроўнях атрымання адукацыі.

Што да лічбаў, то на ўзровень вышэйшай адукацыі плануецца прыняць каля 54,9 тысячы абітурыентаў. Прыём будзе ажыццяўляцца больш чым на 320 спецыяльнасцей у 50 устаноў. “За кошт сродкаў бюджэту плануецца прыняць каля 27,8 тысячы чалавек, што больш чым на адзін працэнт перавышае план прыёму 2020 года; на платную форму — 27,1 тысячы, што крыху ніжэй леташняга плана”, — адзначыў Сяргей Каспяровіч.

План прыёму на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі — 39,6 тысячы чалавек (з іх 25,8 тысячы — за кошт бюджэту, амаль 14 тысяч — на платнай аснове).

Лічбы прыёму на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі сфарміраваны ў межах фактычнага прыёму мінулага года. Так, сёлета плануецца залічыць на вучобу каля 26,7 тысячы чалавек, амаль усе — за кошт сродкаў бюджэту.

Дарэчы, сёлета выпуск 11 класаў меншы за леташні прыкладна на 800 чалавек.

Мінімальныя прахадныя балы цэнтралізаванага тэсціравання засталіся на ўзроўні мінулага года. Будуць прымацца сертыфікаты па рускай і беларускай мовах — ад 10 балаў (для будучых філолагаў — ад 25 балаў); па матэматыцы, фізіцы, хіміі, біялогіі — ад 20 балаў; па гісторыі, грамадазнаўстве, геаграфіі, замежных мовах — ад 25 балаў. Гэта тычыцца першых профільных прадметаў. Для другіх профільных прадметаў парог зніжаны да 10 і 15 балаў адпаведна.

Рэгістрацыя на ЦТ

Рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэсціраванне пачнецца 2 мая і будзе доўжыцца цэлы месяц — да 1 чэрвеня ўключна. Прайсці яе можна ў адной з устаноў адукацыі, якія вызначаны пунктамі рэгістрацыі (як правіла, гэта і пункты правядзення ЦТ).

“Пры рэгістрацыі абітурыент падае заяву на адной з дзяржаўных моў. Зрабіць гэта можна асабіста, а таксама праз электронную форму на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў, — патлумачыў Сяргей Каспяровіч. — Пасля аплаты за прыём і афармленне дакументаў абітурыент павінен не пазней 1 чэрвеня прыйсці ў прапанаваны пункт рэгістрацыі і асабіста забраць пропуск (або пропускі) на ЦТ па выбраных прадметах”.

Усяго будзе працаваць 41 пункт рэгістрацыі на ЦТ у Мінску і рэгіёнах. Сяргей Каспяровіч адзначыў, што ва ўсіх пунктах запланавана дастатковая колькасць месцаў для абітурыентаў па ўсіх вучэбных прадметах. Павялічыцца колькасць аўдыторый для правядзення ЦТ, будуць забяспечаны іншыя меры эпідэмічнай бяспекі. Абітурыентам рэкамендуецца мець ахоўныя маскі.

Рэгістрацыя на ЦТ у рэзервовыя дні, калі абітурыент па ўважлівай прычыне не зможа прайсці іспыты ў асноўным патоку, будзе праходзіць з 2 па 9 ліпеня. Пунктамі рэгістрацыі і, адпаведна, правядзення рэзервовага тэсціравання вызначаны 6 устаноў у Мінску і рэгіёнах: Белдзяржуніверсітэт, Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт, Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П.В.Сухога, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, Беларуска-Расійскі ўніверсітэт у Магілёве.

Вычарпальная інфармацыя аб правядзенні цэнтралізаванага тэсціравання размешчана на сайце РІКВ.

Уступныя выпрабаванні

Цэнтралізаванае тэсціраванне пачнецца 16 чэрвеня іспытам па беларускай мове.

“У сувязі з неабходнасцю захавання санітарна-эпідэмічнага рэжыму па самых масавых прадметах (рускай мове і матэматыцы) ЦТ будзе праводзіцца ў два дні, — паведаміў Сяр гей Каспяровіч. — Як паказаў вопыт мінулага года, такі падыход правільны і абгрунтаваны. Асцярогі (маўляў, тыя, хто здае экзамен у другі дзень, маюць перавагу) не знайшлі пацвярджэння. Аналіз вынікаў ЦТ першага і другога дня сведчыць, што ўсе абітурыенты былі ў роўных умовах”.

Сяргей Каспяровіч запэўніў, што тэсты па ўсіх прадметах адпавядаюць праграме агульнай сярэдняй адукацыі.

“Тэсты складаюцца з часткі А, дзе дадзены варыянты адказаў, і часткі В, дзе трэба сфармуляваць адказ самастойна, — патлумачыў Сяр гей Антонавіч. — У нас паэтапна адбываюцца скарачэнне часткі А і павелічэнне часткі В, што зніжае верагоднасць угадвання. Таксама сёлета па 11 з 15 вучэбных прадметаў зменшана даўжыня тэста. Так, на 12 заданняў скарочаны тэст па замежнай мове (з 60 да 48), на 6 — па біялогіі, хіміі, геаграфіі, грамадазнаўстве, гісторыі Беларусі і сусветнай гісторыі (з 50 да 44). Не зменіцца колькасць заданняў па рускай і беларускай мовах (40), а таксама па фізіцы і матэматыцы (32). Хачу заўважыць, што для абітурыентаў, якія сур’ёзна адносяцца да справы, структура тэста — зусім не значны момант. Калі абітурыент падрыхтаваны, то для яго ўсё роўна, знаходзіцца заданне ў частцы А ці ў частцы В. У любым выпадку трэба атрымаць правільны адказ, а потым альбо выбраць яго з прапанаваных, альбо ўпісаць самастойна”.

Начальнік Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Каспяровіч: 

“Калі абітурыент падрыхтаваны, то для яго ўсё роўна, знаходзіцца заданне ў частцы А ці ў частцы В. У любым выпадку трэба атрымаць правільны адказ, а потым альбо выбраць яго з прапанаваных, альбо ўпісаць самастойна”.

Прыём дакументаў

Прыём дакументаў на ўзроўні вышэйшай адукацыі пачнецца 20 ліпеня і працягнецца на бюджэтную форму (а таксама на платную форму, калі прадугледжаны ўнутраныя экзамены) да 26 ліпеня, на ўмовах аплаты — да 9 жніўня. Унутраныя ўступныя экзамены па асобных спецыяльнасцях (спартыўныя, творчыя, інтэграваныя — для тых, хто паступае на скарочаную форму) пройдуць з 27 ліпеня па 4 жніўня. Адпаведна залічэнне на бюджэтную форму завершыцца да 5 жніўня, на платную форму — да 11 жніўня.

“Хачу звярнуць увагу абітурыентаў, што на некаторыя спецыяльнасці сельскагаспадарчых, творчых і сілавых устаноў адукацыі ўстаноўлены асобныя тэрміны. Уся інфармацыя ёсць на сайтах адпаведных устаноў”, — адзначыў Сяргей Каспяровіч.

Прыём дакументаў на ўзровень прафтэхадукацыі пачнецца 15 чэрвеня; на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі — 20 ліпеня.

Ёсць з чаго выбіраць

Як паведаміў Сяргей Каспяровіч, сёлета на ўзроўні вышэйшай адукацыі запланавана павялічыць бюджэтны набор на медыцынскія спецыяльнасці (на 160 месцаў), а таксама некаторыя спецыяльнасці педагогікі, архітэктуры і будаўніцтва. Крыху скарочаны набор па шэрагу IT- і тэхнічных спецыяльнасцей на платнай аснове.

Сёлета ўстановы вышэйшай адукацыі заявілі 15 новых спецыяльнасцей. Зрэшты, у большасці выпадкаў яны новыя для канкрэтных устаноў. Аднак ёсць 4 спецыяльнасці, падрыхтоўка па якіх пачынаецца ў краіне ўпершыню.

Так, у БДУ адкрываюцца спецыяльнасці “Рэгіёназнаўства” і “Эканамічная бяспека”; у БНТУ — “Прамысловы дызайн транспартных сродкаў і вытворчага абсталявання”. А ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі з’явіцца спецыяльнасць “Лётная эксплуатацыя паветраных судоў грамадзянскай авіяцыі” з кваліфікацыяй “спецыяліст па лётнай эксплуатацыі грамадзянскіх судоў. Інжынер-пілот”. Гэта значыць, фактычна пачынаецца падрыхтоўка грамадзянскіх пілотаў з вялікім інжынерным складнікам.

“Ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі аб’ём і структура бюджэтнага прыёму сфарміраваны на ўзроўні плана прыёму 2020 года, — заўважыў Сяргей Каспяровіч. — Павялічаны набор па запатрабаваных эканомікай спецыяльнасцях для высокатэхналагічных вытворчасцей. У той жа час плануецца скарачэнне платнай падрыхтоўкі па IT- і эканамічных спецыяльнасцях”.

У Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі ўпершыню будзе ажыццяўляцца прыём па новай для ўзроўню ССА спецыяльнасці — “Інфармацыйныя кабельныя сеткі”. У цэлым, больш за 30 устаноў адукацыі гэтага ўзроўню пашыраюць пералік спецыяльнасцей, па якіх будуць весці падрыхтоўку.

“У структуры прафтэхадукацыі захоўваюцца тэндэнцыі мінулых гадоў. Тэхнічныя спецыяльнасці, спецыяльнасці для рэальнага сектара эканомікі (прамысловасці, сельскай гаспадаркі, іншых галін у сферы матэрыяльнай вытворчасці) складаюць амаль 75%, — адзначыў Сяргей Каспяровіч. — Для гнуткага рэагавання на зменлівыя патрэбы рэгіянальных рынкаў працы штогод удасканальваецца структура падрыхтоўкі. Так, сёлета плануецца прыпыніць прыём па 150 прафесіях і, наадварот, адкрыць падрыхтоўку па 133 прафесіях у адпаведных рэгіёнах”.

Мэтавы прыём

Завяршаецца фарміраванне лічбаў прыёму на мэтавую падрыхтоўку. Як паведаміў Сяргей Каспяровіч, да 1 мая будуць вядомы лічбы прыёму і заказчыкі мэтавай падрыхтоўкі па канкрэтных спецыяльнасцях. Адпаведная інфармацыя будзе размешчана на сайтах дзяржаўных органаў кіравання, мясцовых органаў улады і ўстаноў адукацыі.

“Мэтавая падрыхтоўка сёння вядзецца для абмежаваных сфер дзейнасці: для аховы здароўя (штогод больш за 800 чалавек на ўзроўні вышэйшай адукацыі), сельскай гаспадаркі (600 і больш чалавек у год), адукацыі і іншых спецыяльнасцей, па якіх вядуць падрыхтоўку ўстановы, падпарадкаваныя Міністэрству адукацыі (больш за 600 у год). У астатніх сферах мэтавая падрыхтоўка носіць кропкавы характар, — патлумачыў Сяргей Каспяровіч. — Падыходы да мэтавай падрыхтоўкі ў 2021 годзе захаваліся. Заказчыкам можа быць толькі арганізацыя, размешчаная ў сельскай мясцовасці, малых гарадах з колькасцю насельніцтва да 20 тысяч, а таксама на тэрыторыях, якія пацярпелі ў выніку аварыі на ЧАЭС. Але гэта тычыцца толькі ўзроўняў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Што да прафтэхадукацыі, заказчыкамі мэтавай падрыхтоўкі могуць быць любыя арганізацыі — і сталічныя, і размешчаныя ў абласных гарадах. У праекце новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі прадугледжана зняцце абмежавання па месцы знаходжання заказчыка”.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і БелТА.