Усё жыццё працуе над сабой

- 9:21Педагог назаўжды

Галіну Васільеўну Скакавец ведае не адно пакаленне педагогаў Брэста: на працягу 18 гадоў яна ўзначальвала аддзел адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна горада. 

На гэтай пасадзе праявіліся яе лепшыя чалавечыя і прафесійныя якасці, пра што красамоўна сведчаць цёплыя ўспаміны і паважлівыя адносіны да яе тых, каму пашчасціла працаваць з адказным і прыстойным кіраўніком.

Хто ці што паўплывала на выбар жыццёвай дарогі Г.В.Скакавец, сёння цяжка адназначна сказаць, але лёсавызначальных выпадковасцей на ёй было шмат. У школе Галіна Васільеўна вучылася ў класе старшых піянерважатых (накшталт сённяшніх педагагічных). Да гэтага часу яна з вялікай павагай успамінае куратара вытворчага навучання Лілію Аляксандраўну Хархалёву, якая выкладала педагогіку і псіхалогію, вяла педпрактыку. Гэта быў выдатны арганізатар, захоплены любімай работай. Яе прыклад натхняў, падштурхоўваў да самаразвіцця, актыўнай пазакласнай дзейнасці.

Тым не менш звязваць далейшае жыццё з педагогікай дзяўчына не планавала, на здзіўленне многіх выбраўшы для працягу адукацыі прафесію, звязаную з тэхналогіяй скураной вытворчасці. Ледзь адгаварылі: маўляў, не жаночая гэта справа. Тады Галіна вырашыла за кампанію з сяброўкай паступаць на хімфак БДУ. Не атрымалася. Вярнулася на родную Драгічыншчыну, дзе ўладкавалася старшай піянерважатай у Антопальскую сярэднюю школу.

Пачынаць было і цікава, і складана адначасова. Сумаваць учарашняй выпускніцы не даводзілася. Але яна з радасцю акунулася ў гушчыню савецкага школьнага жыцця. Да сённяшняга часу яна ўспамінае, як дзяўчом у адзіночку арганізавала трохдзённы паход па мясцінах партызанскай славы, у якім удзельнічалі больш за 100 вучняў. Цяпер такое могуць уявіць толькі ў страшным сне і бацькі, і адміністрацыя школы. Але тады гэта была звычайная справа. За поспехі ў рабоце на пасадзе старшай піянерважатай Галіна Васільеўна была адзначана граматай ЦК ЛКСМБ.

Далей — цікавей. У 20-гадовым узросце студэнтку завочнага аддзялення фізіка-матэматычнага факультэта тагачаснага Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна назначаюць дырэктарам Антопальскага дома піянераў. Пачынаць працоўную дзейнасць давялося адразу з рамонтных работ, у якіх прыйшлося разбірацца, як кажуць, з нуля. Справілася!

Пасля кіраўніцкай пасады Галіна Васільеўна захацела, нарэшце, паспытаць настаўніцкага хлеба і ўладкавалася ў Равінскую васьмігодку. Працавала з вялікім задавальненнем, атрымлівала радасць ад зносін з дзецьмі і іх бацькамі. Але доўга ў школе не затрымалася: прапанавалі стаць метадыстам па выхаваўчай рабоце ў метадычным кабінеце раённага аддзела адукацыі. Пагадзілася, а ўсяго праз 3 месяцы ўзначаліла раённы метадычны кабінет.

Праз некалькі гадоў Галіну Васільеўну назначылі інспектарам школ абласнога аддзела народнай адукацыі, а яшчэ праз некаторы час — загадчыцкам аддзела адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна Брэста, на пасадзе якога працавала да 2005 года. На пенсію адразу не выйшла. Яшчэ 10 гадоў шчыравала метадыстам у раённым вучэбна-метадычным кабінеце. 

— Ніколі свядома кар’еру не рабіла, — усміхаецца Галіна Васільеўна. — Усё атрымлівалася неяк само па сабе. Прапаноўвалі, думала-разважала, пагаджалася ці адмаўлялася… Цяжкасцей не пужалася. Нават узначальваючы аддзел адукацыі, працавала настаўніцай у школе, каб не страціць прафесійную кваліфікацыю. Лічыла, што для кіраўніка гэта недаравальна.

Сярод заслуг Г.В.Скакавец — дакладна выбудаваная сістэма спецыяльнай адукацыі ў Ленінскім раёне Брэста. Дзякуючы намаганням Галіны Васільеўны, 30 гадоў назад у горадзе з’явіліся першыя спецыяльныя класы ў дзіцячых садах і школах, а ў 2003-м адкрылася дапаможная школа. За гэты час назапашаны каштоўны вопыт інтэграванага навучання, запатрабаваны на ўзроўні краіны. 

Сярод іншых заслуг — кадры. У адносінах да іх Г.В.Скакавец заўсёды была ўважлівай, строгай і патрабавальнай. Яна дала пуцёўку ў кіраўніцкае жыццё многім таленавітым педагогам. У іх ліку былы дырэктар гімназіі № 3 сённяшні начальнік гарадскога аддзела па адукацыі Анатоль Міхайлавіч Наскоў. 

Г.В.Скакавец — часты і жаданы госць раённага аддзела па адукацыі, дзе карыстаецца заслужаным аўтарытэтам і павагай. Сённяшні кіраўнік аддзела Таццяна Аляксееўна Савіч і яе падначаленыя годна працягваюць лепшыя традыцыі, закладзеныя папярэднікамі.

— Мне вельмі пашанцавала: усё жыццё працавала з прыстойнымі людзьмі, — прызнаецца Галіна Васільеўна. 

І гэта нядзіўна, побач з ёй іншыя не прыжыліся б. За 20 гадоў не чуў ніводнага негатыўнага слова ў адрас Г.В.Скакавец, якая заўсёды адносілася да справы з душой, вырашала праблемы з жаночай мудрасцю і ніколі не спынялася на дасягнутым. 

За доўгае жыццё Галіна Васільеўна пабачыла не адно пакаленне настаўнікаў і не падзяляе частыя нараканні ў адрас сённяшняга. “Сучасныя педагогі ў прафесійным плане не сталі горшымі, — гаворыць Г.В.Скакавец. — Не хапае іншага: душэўнасці, шчырай любові да дзяцей…”

Галіна Васільеўна і на заслужаным адпачынку жыве праблемамі адукацыйнай галіны. А інакш быць не можа: яна любіць актыўнае жыццё і з’яўляецца непапраўнай аптымісткай, нягледзячы ні на што. Удзельнічае ў жыцці гарадской ветэранскай арганізацыі, дзе ўзначальвае клуб “Кіраўнік”, куды ўваходзяць каля 35 былых кіраўнікоў, якія на забываюць адно аднаго ні ў святочныя, ні ў будныя дні. 

У клубе рэалізоўваецца цікавы праект “Лета на дачы”. Штогод дачнікі рыхтуюць агародныя справаздачы, якія прэзентуюцца падчас выязных сустрэч. Падрыхтоўкай мультымедыйных прэзентацый з энтузіязмам займаецца Галіна Васільеўна. Яе сяброўству з камп’ютарам могуць пазайздросціць нават маладыя педагогі. 

— Узрост — не перашкода для самаразвіцця, — упэўнена 73-гадовая Г.В.Скакавец. — Працаваць над сабой трэба ўсё жыццё.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ. 
Фота аўтара.