З любоўю да жыцця

- 11:12Педагог назаўжды

Людмілу Васільеўну Саванец на Дзятлаўшчыне ведаюць усе: не толькі настаўнікі, але і грамадскасць раёна, бацькі і проста гараджане. 

Ведаюць як шчырага чалавека, які гатовы ў любы час, днём і ноччу, прыйсці на дапамогу. Ведаюць як прафесіянала, да якога можна звярнуцца з любым цяжкім пытаннем ці то па методыцы выкладання прадмета, ці то па вядзенні школьнай дакументацыі, а зараз і па прыёмах выкарыстання камп’ютарных тэхналогій. Гэтая жанчына ў свае 70 гадоў ідзе ў нагу з часам, актыўна асвойвае новыя тэхналогіі, вучыць школьнікаў і калег-настаўнікаў. Яе энтузіязму, любові да жыцця, актыўнай настаўніцкай пазіцыі можна толькі пазайздросціць. 

Людміла Васільеўна працуе ў Раклевіцкім дзіцячым садзе — базавай школе Дзятлаўскага раёна. Дабіраецца кожны дзень да работы на школьным аўтобусе або з калегамі на машыне. Не было такога дня, каб яна спазнілася, прымусіла каго-небудзь чакаць сябе. Бывае, што і здароўе падводзіць, іншая ўзяла б ліст непрацаздольнасці, але толькі не настаўніца матэматыкі. Яна заўсёды ў страі, таму што валодае незвычайнай працаздольнасцю і вялікай сілай волі, што да­дзена ёй ад нараджэння. А яшчэ — неймавернай адказнасцю. “Настаўнік старой загартоўкі”, — гавораць пра яе калегі. А я скажу так: ні старой, ні новай загартоўкі не бывае. Проста чалавек знайшоў сябе ў школе, у адукацыі, знайшоў сваё сапраўднае месца ў жыцці.

Працоўны шлях Людмілы Васільеўны, маладой і прыгожай настаўніцы матэматыкі, пачаўся ў 1972 го­дзе, калі яна скончыла Гро­дзенскі педагагічны інстытут. Натхнёная, поўная сіл і жадання хутчэй сустрэцца са сваімі вучнямі, прыехала яна па размеркаванні ў Навасёлкаўскую сярэднюю школу Слонімскага раёна. Тут трапіла ў дружны, зладжаны калектыў. Яе найлепшым сябрам і дарадчыкам стала заслужаная настаўніца Беларусі Соф’я Канстанцінаўна Радзевіч. Менавіта яна паставіла методыку, дапамагала ліквідаваць памылкі, вучыла прыёмам вя­дзення ўрока, падтрымання дысцыпліны. На старэйшых сяброў Людміле шанцавала ўсё жыццё. Такім сябрам у роднай школе была для яе настаўніца матэматыкі Лі­дзія Лявонцьеўна Хомчык. Менавіта па шляху любімай настаўніцы вырашыла ісці Людміла ў выпускным класе. Настаўніцкая прафесія тады была вельмі прэстыжнай, многія хацелі вучыцца ў педагагічных ВНУ, але паступалі самыя моцныя, асабліва на факультэты, звязаныя з фізікай і матэматыкай.

Людміла Васільеўна працавала з натхненнем і жаданнем, бо па-іншаму не ўмела і не магла. Маладую настаўніцу хутка заўважылі, запрасілі на пасаду настаўніка матэматыкі ў Казлоўшчынскае ПТВ Дзятлаўскага раёна. Працавала і ў школе рабочай моладзі. Пазней сям’я пераехала ў Дзятлава, і настаўніцу запрасілі працаваць інспектарам у раённы аддзел адукацыі. Курыравала ўсенавуч і дакладныя дысцыпліны. 

Педагог лічыць, што тут ёй таксама пашанцавала: аддзел узначальваў мудры педагог, энтузіяст, прыхільнік усяго новага і перадавога ў педагогіцы Ула­дзімір Антонавіч Гаўрон. На пасадзе інспектара Людміла Васільеў­на працавала 24 гады. Калі пайшла на заслужаны адпачынак, канчаткова не адпусцілі. Папрасілі застацца і вучыць маладых, перадаваць свой шматгадовы вопыт тым, хто толькі паглыбляецца ў работу метадыста ці інспектара, бо справа гэтая значна цяжэйшая, чым нават працаваць з дзецьмі ў класе. Вучыць даводзіцца дарослых людзей, часта са складаным характарам і сваімі прафесійнымі амбіцыямі. Але трэба абавязкова знайсці агульную мову, падтрымаць, накіраваць на правільны шлях, а галоўнае, не адбіць ад работы, не даць чалавеку схібіць і збегчы ад цяжкасцей.

За добрасумленную працу ў педагогіцы, прафесіяналізм і высокі метадычны ўзровень Людміла Васільеўна Саванец была ўзнагаро­джана нагрудным знакам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Выдатнік адукацыі”. 

Людміла Васільеўна — шчаслівая маці і бабуля. У яе два сыны і дачка, шасцёра ўнукаў. Яна падымала дзяцей адна, муж даўно памёр. Дала ўсім вышэйшую адукацыю, накіравала ў жыццё. Двое з яе дзяцей ма­юць вышэйшую педагагічную адукацыю, педагогамі працуюць дзве нявесткі: адна — у Гродне, другая — у Ашмянах. Ёсць спадзяванне, што настаўніцкую дынастыю працягнуць унукі.

У вольны час Людміла Васільеўна (і гэта не дзіва) рашае складаныя алімпіядныя задачы, бо менавіта матэматыка стала яе на­дзейным сябрам на ўсё жыццё. Сёлета педагагічны стаж настаўніцы склаў 50 гадоў. 

Жанна ЖЫХ, 
настаўніца Раклевіцкага дзіцячага сада — базавай школы Дзятлаўскага раёна.