Уцекачы

- 16:54Нам пішуць

Адразу заўважу, што дзеці ўцякалі і ў ХХ стагоддзі, аднак менавіта ў ХХІ-м гэтыя ўцёкі ўсё часцей пачалі набываць рысы катэгарычнасці, нават абсурду. Вось і пакутуюць нярэдка бацькі, усё паўтараючы: “Чаго не хапала? Усё рабілі не горш, чым іншыя!..” І пачынаюць, п’ючы валяр’янку, тэлефанаваць у міліцыю, бальніцы і нават у моргі. Не ведаючы дакладна, з кім сябруе іх дзіця…

Калі жуцёкі адбыліся, не, не ўсё добра было ў вашай сям’і! А проста — нар-маль-на… Накормлены і апрануты — гэта яшчэ не выхаванне. Гэта ваш абавязак як бацькоў. Крыўды ды сваркі ў сям’і могуць дайсці да памераў невырашальнай праблемы, якая разрастаецца ўшырыню і ўглыбіню.

І усё ж уцёкі з дому — гэта хвароба, нават запаволенае паміранне самой сям’і, па якой нібы танкам праехаліся… Уцёкі — гэта крык аб дапамозе! Збягаюць, каб знайсці лепшае жыццё, дзецям здаецца, што недзе можа быць яно светлым і добрым, яны нярэдка помсцяць: няхай пашукаюць, памучаюцца… Адны дзеці да ўцёкаў рыхтуюцца, іншыя ўцякаюць імпульсіўна, пад наплывам эмоцый. І таму адны ўцякаюць у загадзя вызначанае месца, а іншыя — у нікуды…

Уцёкі дзіцяці — гэта сапраўдная трагедыя. Цяпла, дабрыні, павагі не хапае ў сучасных сем’ях. Замест гэтага абразы, тыранія, аўтарытарызм. Інстытут сям’і сёння парушаны, традыцыйная сям’я аганізуе, у так званых грамадзянскіх шлюбаў яшчэ больш праблем…

Паверце: у аснове такіх жудасных паводзін дзяцей ляжаць канфлікты, вялікія ці маленькія, нават калі бацькам і можа здавацца, што ніякіх канфліктаў у сям’і не было. Бацькі сёння занятыя рознымі бытавымі, прафесійнымі, нават псіхалагічнымі праблемамі, у іх нярэдка не знаходзіцца часу, каб проста пагаварыць па душах. Дарослым часта хочацца накрычаць, абразіць меншых, слабейшых.

Часцей за ўсё збягаюць менавіта падлеткі: у іх найбольш унутраных супярэчнасцей і думак пра свабоду-незалежнасць. Жорсткія меры з боку бацькоў тут някім чынам не дапамогуць, бунтары-адзіночкі ўсё роўна хоць у душы будуць пратэставаць. Вашы забароны наконт пагуляць, схадзіць да сяброў, пагуляць за камп’ютарам ні да чаго станоўчага не прывядуць. Маналог дзіцяці можа быць рэзкім, катэгарычным, нават абразлівым. Аднак на тое вы і бацькі, каб умець тактоўна выслухаць, прыняць рашэнне, што можна зрабіць, пакуль не позна, каб вогнішча сямейных сварак яшчэ больш не распальвалася. Бясспрэчна: дзецям бывае дрэнна, калі побач дрэнныя бацькі.

Трэба своечасова імкнуцца зразумець, што вы робіце не так. Калі дзіця ведае, што вы яго абавязкова падтрымаеце ў цяжкую хвіліну, яно ніколі не будзе збягаць. Часцей гаварыце сыну ці дачцы, што вы іх любіце. Тады свет вакол маленства, юнацтва адразу становіцца блакітным, нябесным.

Праблемы могуць з’явіцца там, дзе вы ніколі б не падумалі. Нават у выдатнікаў, вельмі паслухмяных дзяцей. Дзеці не любяць расказваць мамам і татам, які боль жыве ў іх душы. А ў многіх сем’ях наогул не прынята дзяліцца ўласнымі клопатамі, меркаваннямі. Мне думаецца, што менавіта давер — аснова ўсяго як у асобна ўзятай сям’і, так і наогул у жыцці.

Не павінна быць і супрацьлеглай сітуацыі: апатычнае “пакаёва” дзіця – гэта таксама вельмі дрэнна. Такім “батанікам” вельмі цяжка будзе ў дарослым жыцці. Нельга таксама адно дзіця любіць, а да другое ставіцца, як да Папялушкі. Апошнія збягаюць з-за крыўды і роспачы не толькі на баль…

Калі ўцёкі усё ж адбыліся, трэба зрабіць усё для таго, каб яны ніколі не паўтарыліся. Ды і пачынаць шукаць трэба адразу, каб падлетак не паспеў сутыкнуцца з сапраўднымі цяжкасцямі бадзяжнага існавання.

Скажу больш: нават калі вы сустрэлі на вуліцы вельмі засмучонае, недагледжанае дзіця, паспрабуйце з ім ветліва пагаварыць, распытаць пра цяжксці. Бо дзяцей чужых не бывае. Магчыма, вашага новага маленькага спадарожніка ўжо шукаюць бацькі.

Усё проста: будзьце побач са сваімі дзецьмі! Трэба не маралі дзеяцям чытаць, а раз-маў-ляць. Дзецям часцей за ўсё не хапае толькі бацькоў. Няўжо так цяжка часцей заходзіць у дзіцячы пакой?!

Канстанцін КАРНЯЛЮК.