Індывідуалізацыя навучання і дыферэнцыраваны падыход, візуалізацыя і прыёмы мадэлявання, змешанае навучанне і лічбавыя інструменты — гэтыя і многія іншыя пытанні былі ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў V Міжнароднага фестывалю прафесійнага майстэрства педагогаў “Пазнанне ў сутворчасці”, які праходзіў у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі на працягу трох дзён.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел 109 педагогаў, у тым ліку прадстаўнікі Расійскай Федэрацыі (Смаленск). У межах фестывалю ладзіўся конкурс адукацыйных праектаў. Тэматыка кожны раз новая. Сёлета педагогам была прапанавана тэма “Індывідуалізацыя адукацыйнага працэсу як аснова асобаснага росту”. Яна з’яўлялася скразной пры правядзенні ўсіх мерапрыемстваў фестывалю.
Арганізатарам фестывалю выступіў аддзел творчых методык навучання моладзі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Начальнік аддзела заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь Святлана Дзмітрыеўна Шакура расказала:
— Да нас прыехалі не толькі канкурсанты, але і госці, якія прысутнічалі на розных фестывальных мерапрыемствах. Многія пажадалі наведаць майстар-класы педагогаў, азнаёміцца з іх падыходамі, формамі і метадамі работы. Той, хто ўпершыню становіцца ўдзельнікам фестывалю, на наступны год ужо хоча паўдзельнічаць у конкурсе. Такім чынам, у нестандартнай форме педагогі павышаюць сваю кваліфікацыю.
Праграма конкурсу прадугледжвала на першым этапе завочны ўдзел. Педагогі дасылалі свае адукацыйныя праекты для рэцэнзавання і экспертнай ацэнкі. Аўтараў лепшых работ запрашаюць паўдзельнічаць у вочнай абароне, якая ўключае прэзентацыю вопыту (на 7 мінут), стэндавы даклад і правядзенне міні-даследавання ў групах па прапанаванай тэме. Так, сёлета падчас міні-даследавання педагогі распрацоўвалі індывідуальную праграму асобаснага росту педагога па ўдасканаленні прадметных, метапрадметных і асобасных кампетэнцый пры асваенні сучасных развіццёвых педагагічных тэхналогій.
Індывідуалізацыю адукацыйнага працэсу не варта блытаць з індывідуальным падыходам. І ў тым, і ў іншым выпадку ўлічваюцца патрэбы і магчымасці канкрэтнага дзіцяці. Але індывідуалізацыя прадугледжвае навучанне не па агульнай для ўсяго класа праграме, а складанне для кожнага дзіцяці індывідуальнай праграмы развіцця, а таксама цьютарскае суправаджэнне. Цьютар — гэта памочнік, які складае разам з навучэнцам асобасную рэсурсную карту, а на яе аснове — індывідуальную праграму і дапамагае рэалізаваць яе. У праграме пазначаецца мэта, да якой імкнецца вучань, і спосабы яе дасягнення. Напрыклад, адзін вучань на пэўным этапе хоча паглыблена займацца фізікай, другі — падрыхтавацца да алімпіяды або навукова-практычнай канферэнцыі, трэці — атрымаць канкрэтную прафесію. Цьютар — ім можа стаць педагог або хтосьці з бацькоў — накіроўвае працэс самаадукацыі дзіцяці, кансультуе яго, дапамагае вызначыцца з жыццёвай траекторыяй.
У сваіх праектах педагогі прапаноўвалі розныя спосабы і сродкі індывідуалізаваць працэс навучання дзіцяці. У выніку 36 канкурсантаў атрымалі дыпломы і пахвальныя лісты.
Узнагароджваючы пераможцаў, старшыня журы конкурсу, доктар педагагічных навук, прафесар, загадчыца кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі АПА Таццяна Андрэеўна Лапацік адзначыла: “Наша адукацыя, якая перш была ўрокацэнтрычнай, усё больш становіцца вучняцэнтрычнай. Індывідуалізацыя — трэнд сучаснай адукацыі. Падчас конкурсу вы распрацоўвалі індывідуальныя адукацыйныя праграмы для вучняў і для сябе. Мы бачым, што вы адкрыты новаму, пашыраеце свае магчымасці і ствараеце ўмовы для развіцця вучняў. У сувязі з гэтым хочацца ўспомніць выдатную і заўсёды актуальную цытату Льюіса Кэрала: “Трэба бегчы з усіх ног, каб толькі заставацца на месцы, а каб кудысьці трапіць, трэба бегчы як мінімум удвая хутчэй!” Інтэнсіўнасць нашага прафесійнага, асабістага і сацыяльнага жыцця не дазваляе нам дзейнічаць па-іншаму. Ад сябе дадам, галоўнае — бегчы ў правільным кірунку”.
Тэма наступнага VІ Міжнароднага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў — “Адукацыйная падзея і яе роля ў развіцці асобы”.
На анлайн-платформе Edmodo
Дыпломам І ступені V Міжнароднага фестывалю прафесійнага майстэрства педагогаў “Пазнанне ў сутворчасці” ўзнагароджана настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 4 Салігорска Вольга Мікалаеўна Круглова. Яна абараніла праект “Індывідуалізацыя навучання англійскай мове з дапамогай змешанага навучання на адукацыйнай анлайнплатформе Edmodo ў 9—11 класах”.
— Змешаным навучаннем я займаюся на працягу 7 гадоў. У сусветнай практыцы гэты кірунак даволі новы. Сутнасць такога навучання ў аб’яднанні магчымасцей традыцыйнага ўрока з анлайн-урокам. Дзеці ўзаемадзейнічаюць з настаўнікам, кнігамі і падручнікамі. Разам з тым ім прапануюцца інтэрактыўныя анлайн-заданні для індывідуальнай работы. Змешанае навучанне рэалізуецца на базе нашага школьнага лінгафоннага кабінета, дзе ўсталяваны 10 персанальных камп’ютараў з выхадам у інтэрнэт. На адукацыйнай анлайн-платформе Edmodo арганізавана электроннае вучэбнае асяроддзе, створаны віртуальныя класы з магчымасцю дыстанцыйнай работы вучняў, у тым ліку з дома на планшэтах, смартфонах або камп’ютарах. Кожнае дзіця працуе ў сваім тэмпе, можа мяняць па жаданні парадак заданняў, якія выконвае. Мой падыход дазваляе працаваць нават з адным дзіцем, якога я рыхтую, напрыклад, да алімпіяды або міжнароднага іспыту TEFL. На Edmodo магчыма выконваць розныя віды работ, у тым ліку рэалізоўваць праектную і даследчую дзейнасць.
Вольга Мікалаеўна практыкуе розныя формы работы. Гэта можа быць работа ў змешаным рэжыме: на ўроку ў віртуальным класе і дыстанцыйна пры выкананні дамашніх заданняў. Настаўніца размяшчае на анлайн-платформе індывідуальныя праектныя заданні для вучняў, інтэрактыўныя тэсты, віктарыны, праводзіць агульныя анлайн-дыскусіі і апытанні. У асяроддзі Edmodo паміж вучнямі і педагогам ідзе абмен паведамленнямі, у віртуальным класе вучні размяшчаюць свае праекты, якія могуць каменціраваць аднакласнікі. Гэтая сучасная платформа дазваляе загружаць файлы рознага фармату, спасылкі, відэа, аўдыё, малюнкі і ўбудоўваць іх у паведамленні на сцяне і ў заданні, а таксама ствараць бібліятэку, індывідуальныя віртуальныя партфелі, каляндар мерапрыемстваў/падзей.
— Пры вывучэнні розных граматычных структур выкарыстоўваю кароткія відэаролікі з тлумачэннем граматычных правіл і наступным тэстам (з сайта www.engvid.com). Вучні працуюць за камп’ютарамі ў індывідуальным рэжыме з аўтэнтычнымі відэаматэрыяламі, — расказвае педагог. — Для індывідуальных і групавых праектаў выкарыстоўваю рэсурсы Padlet, Miro, Jamboard, якія таксама можна ўбудаваць у заданні на Edmodo. Дакументы Google, убудаваныя ў Edmodo, дазваляюць групе навучэнцаў стварыць агульны дакумент, а настаўніку пасля выправіць памылкі, ацаніць і пракаменціраваць работу вучняў або арганізаваць узаемаправерку. Так, пры вывучэнні тэмы “Маладзёжныя арганізацыі” вучні стварылі сцяну Padlet, на якой кожны пакінуў свой пост са знойдзенай інфармацыяй па пэўнай арганізацыі. Затым прайшла вусная дыскусія па тэме. Пры вывучэнні тэмы “Сучаснае мастацтва” з дапамогай Google Docs вучні стварылі агульны дакумент, у якім па плане апісвалі карціны абстрактных мастакоў і каменціравалі адно аднаго. Я таксама ацаніла іх работу, выправіла памылкі і пакінула каментарыі і пажаданні індывідуальна кожнаму.
Эфектыўная форма работы — анлайн-дыскусія ў пісьмовай форме. Так, пры вывучэнні тэмы “Разумны дом” вучні падзяліліся сваімі ідэямі разумных дамоў на старонцы групы ў Edmodo. Работа з матываванымі і менш паспяховымі вучнямі ажыццяўляецца пры дапамозе індывідуальных заданняў. З дапамогай Edmodo можна з лёгкасцю выкарыстоўваць тэхналогію “Перавернуты клас”, калі ў якасці дамашняга задання задаю прагляд відэа па тэме наступнага ўрока з нейкім пытаннем па ім. На наступным уроку вучні ўжо маюць уяўленне аб яго тэме, з’яўляецца больш часу для абмеркавання матэрыялу. Для падрыхтоўкі вучняў да алімпіяды створана асобная група на Edmodo, дзе размяшчаюцца індывідуальныя заданні. Прымяняецца методыка пастаноўкі SMART-мэт у выглядзе коўчынг-тэхнікі “4 пытанні планавання” для развіцця навыкаў планавання вучнямі сваёй вучэбнай дзейнасці, павышэння адказнасці за сваё навучанне.
Падрабязна азнаёміцца з работай на платформе Edmodo можна ў відэазапісе вэбінара Вольгі Кругловай: https://www.youtube.com/watch?v=xnJsDZ5SKt8&t=333s.
Вопыт работы з вучнямі ў рэжыме змешанага навучання спатрэбіўся настаўніцы ў чацвёртай чвэрці мінулага навучальнага года падчас пандэміі каранавіруса. Гэта дазволіла ёй паспяхова перайсці на дыстанцыйнае навучанне. Да звыклага фармату былі дададзены відэаканферэнцыі ў Zoom.
“Англійская мова для мяне не проста інструмент зносін, прафесія, гэта маё натхненне. Вучні адчуваюць гэта, — адзначае педагог. — Мая мэта, каб яны маглі размаўляць на замежнай мове, любілі яе. Таму ніколі не даю ім вучыць гатовыя тэмы. Часта мы пішам эсэ. Папярэдне прапаную план па тэме, напрыклад, “Абарона навакольнага асяроддзя”, і адпаведны набор лексікі. Мяне цікавіць, як вучні думаюць, разважаюць. У нас няма правільных пытанняў і адказаў, я хачу чуць іх, даю ім магчымасць праявіць сябе”.
Па выніках выпускнога экзамену па англійскай мове ў мінулым годзе ўсе 10 навучэнцаў профільнага 11 “А” класа, дзе выкладала Вольга Круглова, атрымалі 10 балаў. Усе паспяхова здалі ЦТ і паступілі ў ВНУ.
Матэрыялы Надзеі ЦЕРАХАВАЙ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.