Увайсці ў IT

- 10:50Якасць адукацыі

Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў у галіне тэхналогій інфарматызацыі і кіравання БДУ правёў дзень адкрытых дзвярэй “Стань профі ў IT v3.0”.

Абмеркаванню належаў шэраг аспектаў, сярод якіх перакваліфікацыя ў айцішніка, пошук працы ці стажыровак у сферы ІТ, актуальнасць дысцыплін, якія выкладаюць у інстытуце, магчымасць стварэння ўласнай крыптавалюты. На пытанні прысутных адказвалі выкладчыкі, бізнесмены, распрацоўшчыкі, бізнес-аналітыкі і патэнцыяльныя работадаўцы.

Сёлета Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў у галіне тэхналогій інфарматызацыі і кіравання БДУ запрашае на перападрыхтоўку па дзвюх праграмах: “Праектаванне праграмнага забеспячэння інфармацыйных сістэм” (кваліфікацыя “праграміст”) і “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных сістэм” (кваліфікацыя “інжынер-праграміст”). Адрозненні паміж імі, па словах намесніка дэкана факультэта перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі Барыса Лесуна, у тым, што першую праграму лепш выбіраць людзям, якія валодаюць ідэяй нешта змяніць, а другую — схільным да матэматыкі ці інжынерам-канструктарам, бо яна цалкам пабудавана на праграмаванні. Барыс Уладзіміравіч сцвярджае, што лекцыі займаюць не больш за 20% вучэбнага працэсу, усё астатняе — практычныя заняткі.

— Прамежак часу ад узнікнення ідэі і да яе рэалізацыі на пачатку мінулага стагоддзя складаў 47 гадоў, а ўжо ў 90-я гады гэты адрэзак займае менш за 3 гады, — падзяліўся намеснік дырэктара па навуковай і вучэбнай рабоце, дэкан факультэта перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі, эксперт па інфармацыйнай бяспецы Яўген Свірскі. — Прагрэс рэзка пайшоў наперад, і прыкладныя веды пачалі хутка абнаўляцца, дзякуючы ІТ.

Па словах Яўгена Анатольевіча, поспехі ў сферы інфармацыйных тэхналогій дасягаюцца фанатамі сваёй справы. Для новых дасягненняў, на думку эксперта, патрэбна вялікая колькасць ведаў, якія будуць няспынна абнаўляцца.

— Для таго каб застацца ў ІТ, павінна быць моцная матывацыя, бо інтэлектуальная дзейнасць больш напружаная і працяглая за фізічную, — перакананы Яўген Свірскі.

З дакладам аб тым, як пачаць кар’еру праз лічбавае валанцёрства, выступіў вэб-распрацоўшчык, каардынатар праекта “Лічбавая майстэрня” (адзін з кірункаў ГА “Фаланстар”, які злучае патрэбы грамадства з магчымасцямі ІТ-спецыялістаў) Міхаіл Волчак. Малады чалавек расказаў пра дзейнасць лабараторыі, падзяліўся вопытам і пазнаёміў прысутных з праграмамі, якія ў межах папулярызацыі ІТ-валанцёрства можа прапанаваць пачаткоўцам аб’яднанне “Фаланстар”. Акрамя таго, Міхаіл азнаёміў прысутных з магчымасцямі праходжання практыкі і ўдзелу ў праектах “Лічбавай майстэрні”.

З прэзентацыяй “Як я правёў год у IT” перад гасцямі выступіў бізнес-аналітык Віктар Лобан, які падтрымаў папярэдняга выступоўцу ў пытанні праходжання практыкі.

— Кампаніі чакаюць ад вас пацвярджэння прафесійных кампетэнцый. І кожны шукае месца, дзе можна набыць неабходныя веды. Як правіла, наведваючы кароткатэрміновыя курсы, мы атрымліваем кароткатэрміновы вынік. Звычайна гэта толькі знаёмства з прафесіяй, якое аказваецца не заўсёды ўдалым. А ў доўгатэрміновых курсаў ёсць перавага, бо яны больш поўна ўводзяць слухачоў у сутнасць канкрэтных працэсаў, замацоўваюць веды на практыцы, — выказаўся Віктар Вадзімавіч. Ён параіў будучым спецыялістам асвойваць не толькі курс выбранай спецыяльнасці, але і сачыць за праграмамі суседніх напрамкаў, каб у далейшым было прасцей наладжваць зносіны з калегамі.

Карысным стала выступленне бізнесмена і выкладчыка Аляксандра Мялешчанкі “PRO StartUp і працаўладкаванне ў IT”. Лектар падзяліўся вопытам работадаўцы, які выбірае вартых спецыялістаў, параіў, як правільна скласці рэзюмэ, адзначыў, чаго ў такім выпадку рабіць нельга.

Завяршыў традыцыйны OpenDay старшы распрацоўшчык кампаніі “Яндэкс” Сяргей Жгіроўскі. Малады чалавек прадставіў гасцям “крыптадэсерт”: расказаў пра актуальнасць блакчэйн-тэхналогій, патлумачыў, што такое крыптавалюта і як яе можна стварыць.

— ІТ — гэта мільён магчымасцей, — сказаў на пачатку сустрэчы Барыс Лясун. І ў размове з запрошанымі экспертамі прысутныя чарговы раз пераканаліся ў гэтым.

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.