Пяцідзённы бязвізавы рэжым для грамадзян 80 краін пачне дзейнічаць у Беларусі праз месяц. Указ Прэзідэнта Беларусі № 8 “Аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян” афіцыйна апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 11 студзеня.
Ужо ў сярэдзіне лютага грамадзяне васьмі дзясяткаў дзяржаў змогуць скарыстацца перавагамі новаўвядзення. Як паведамлялася, дакументам устанаўліваецца бязвізавы парадак уезду ў Беларусь на тэрмін не больш як 5 сутак пры ўездзе праз пункт пропуску праз Дзяржаўную граніцу Нацыянальны аэрапорт Мінск.
Указ распаўсюджваецца на 39 краін Еўропы, уключаючы ўвесь Еўрасаюз, а таксама Бразілію, Інданезію, ЗША, Японію і іншыя дзяржавы.
У першую чаргу гэта добранадзейныя ў міграцыйным плане краіны, стратэгічныя партнёры Беларусі, дзяржавы, якія ў аднабаковым парадку ўстанавілі бязвізавы рэжым у адносінах да беларускіх грамадзян. Новыя правілы ахопліваюць таксама такую катэгорыю, як неграмадзяне Латвіі і асобы без грамадзянства Эстоніі.
Дакумент накіраваны на актывізацыю падарожжаў бізнесменаў, турыстаў, прыватных асоб, якія маюць агульнаграмадзянскія пашпарты, і не будзе распаўсюджвацца на іншаземцаў, што робяць афіцыйныя паездкі: дыпламатычныя, службовыя, спецыяльныя і іншыя прыраўнаваныя да іх пашпарты пад увагу прымацца не будуць.
Для ўезду ў бязвізавым рэжыме неабходна мець пры сабе дзеючы пашпарт або іншы дакумент, які яго замяняе, для выезду за мяжу, грашовыя сродкі (на кожны дзень знаходжання суму ў валюце або беларускіх рублях, эквівалентную не менш як дзвюм базавым велічыням), медыцынскі страхавы поліс на суму не меншую за 10 тысяч еўра, што дзейнічае ў Беларусі.
Парадак бязвізавага перамяшчэння, што ўстанаўліваецца, не распаўсюджваецца на асоб, якія прыбываюць у Беларусь авіярэйсамі з Расіі, а таксама маюць намер ажыццявіць вылет у аэрапорты Расіі (гэтыя рэйсы з’яўляюцца ўнутранымі, пагранічны кантроль на іх не распаўсюджваецца).
“Міністэрства спорту і турызму прагназуе павелічэнне наведванняў Беларусі на 20 працэнтаў. Перш за ўсё мы арыентуемся на краіны Еўропы, Паўночнай Амерыкі, Персідскага заліва, адштурхоўваючыся ад гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, якое існуе цяпер з гэтымі дзяржавамі”, — адзначыў намеснік дырэктара дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Віталь Грыцэвіч на брыфінгу “Увядзенне пяцідзённага бязвізавага рэжыму для іншаземцаў у Беларусі” ў прэс-цэнтры БелТА.
Раней Беларусь увяла бязвізавы рэжым з Ізраілем, Турцыяй і некаторымі іншымі краінамі. “З моманту адмены віз колькасць уездаў грамадзян Ізраіля павялічылася ў два разы, з Турцыі — у паўтара”, — сказаў Віталь Грыцэвіч.
Міністэрства прагназуе, што рост колькасці турыстаў будзе ў асноўным за кошт індывідуальных падарожнікаў, таму плануе весці работу, накіраваную на паляпшэнне якасці абслугоўвання, развіццё інфраструктуры не толькі Мінска, але і абласных, раённых цэнтраў для турыстаў, якія знаходзяцца ў краіне без суправаджэння работнікаў турагенцтваў.