Узаемадзеянне для паразумення

- 11:44Навіны рэгіёнаў

Цесным колам шукалі шляхі вырашэння канфліктаў удзельнікі фестывалю практычнай медыяцыі “Вырашаем канфлікты пазітыўна”, які прайшоў у гродзенскай гімназіі № 5. Да ўдзелу ў ім запрасілі навучэнцаў сярэдніх школ №№ 16 і 23 і іх бацькоў, настаўнікаў.

Дзесяцікласнік 5-й гімназіі Сяргей Хаванскі не першы раз удзельнічаў у мерапрыемствах, прысвечаных медыяцыі. Як расказвае Сяргей, гэтая тэма яму цікавая таму, што дапамагае будаваць адносіны з равеснікамі, у вучэбным калектыве, таксама разглядае ён карысць ад такіх ведаў і для будучай прафесіі (хлопец збіраецца паступаць у Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў).

Стварэнне ўмоў для развіцця практыкі медыяцыі, прапаганда каштоўнасцей канструктыўных паводзін у канфліктах і спрэчных сітуацыях, фарміраванне культуры ўзаемаразумення сярод удзельнікаў школьнай супольнасці, адзначае педагог-псіхолаг гімназіі № 5 Анжэла Крыванос, і стала галоўнай мэтай фестывалю. Работа яго праходзіла ў некалькіх кірунках з рознымі мэтавымі групамі ўдзельнікаў. Семінар-трэнінг “Мастацтва дамаўляцца ў канфлікце” і групавыя заняткі “Пазітыўнае мысленне” былі арганізаваны для навучэнцаў 8—11 класаў. Педагогі-псіхолагі, педагогі сацыяльныя, класныя кіраўнікі 5—11 класаў удзельнічалі ў семінары-трэнінгу “Школьная медыяцыя: тэрыторыя ўзаемаразумення”. Для бацькоў правялі семінар-трэнінг “Сямейныя канфлікты: хто павінен выйграць?”.

— У Гродне ўжо ёсць станоўчы вопыт работы школьных службаў медыяцыі, — расказвае кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт, загадчык кафедры ўзроставай і педагагічнай псіхалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы Аксана Шульга. — Такія мерапрыемствы, як фестываль практычнай медыяцыі, дапамагаюць пазнаёміць з тэхнікамі медыяцыі і рознымі камунікатыўнымі тэхнікамі, а таксама падрыхтаваць дзяцей да новай місіі — самім стаць медыятарамі і прымаць удзел у рабоце школьных службаў.

У арганізацыі і рабоце фестывалю прынялі ўдзел спецыялісты Гродзенскага філіяла цэнтра “Медыяцыя і права”, выкладчыкі ГрДУ імя Янкі Купалы, педагогі-псіхолагі сярэдніх школ №№ 16 і 23.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.