Сярэднюю школу № 55 Мінска ведаюць далёка за межамі нашай краіны. Безумоўна, інтэрнэт робіць сваю справу, але сённяшніх спажыўцоў сусветнай сеткі здзівіць цяжка, а педагогі ўвогуле вельмі скептычна ставяцца да многіх рэсурсаў. Але прасоўванне адукацыйных праектаў у ХХІ стагоддзі немагчыма ды і не запатрабавана без выкарыстання інтэрнэту. Гэта яшчэ раз пацвердзілася на ўрачыстым узнагароджанні пераможцаў інтэрнэт-праекта “Я — педагог”, старт якому быў дадзены ў 2012 годзе, а рэалізоўваўся ён дзякуючы падтрымцы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама і Цэнтра інфармацыйных рэсурсаў сістэмы адукацыі МГІРА. Ініцыятарам і арганізатарам названага праекта, вядома, стаў педагагічны калектыў сярэдняй школы № 55.
“Наша школа ўжо трэці год запар праводзіць дыстанцыйныя інтэрнэт-праекты. Наш першы інтэрнэт-праект “Да вытокаў” быў арганізаваны сумесна з сярэдняй школай № 123 Мінска і быў прысвечаны пытанням духоўна-маральнага выхавання навучэнцаў. Другі – “Я — грамадзянін” праводзіўся з мэтай пашырэння зместу, метадаў і тэхналогій грамадзянска-патрыятычнага выхавання на аснове ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі і абмену вопытам паміж імі. Геаграфія гэтага праекта значна пашырылася. У ім прынялі ўдзел 54 установы адукацыі са 120 работамі. На заключнай канферэнцыі прысутнічалі прадстаўнікі ўсіх абласцей нашай рэспублікі. Работы пераможцаў папоўнілі дыстанцыйны рэсурс “Метадычная скарбонка класнага кіраўніка”.
І вось у 2012 годзе ў адпаведнасці з планам работы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама з мэтай прыцягнення ўвагі грамадскасці да сучасных задач сістэмы адукацыі, павышэння сацыяльнай значнасці прафесіі настаўніка, выхавання павагі да педагагічнай дзейнасці, фарміравання станоўчага іміджу настаўніка ў грамадскай свядомасці і эфектыўнасці выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе пачаўся інтэрнэт-праект “Я — педагог”. Нас вельмі радуе, што педагагічная грамадскасць не толькі горада Мінска, але і ўсёй рэспублікі актыўна ўключылася ў работу. На адрас праекта паступілі 194 работы са 103 устаноў адукацыі нашай краіны і 11 работ з розных рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі”, — расказала Рыта Яўгенаўна Андрэенка, настаўніца інфарматыкі сярэдняй школы № 55 Мінска, адміністратар праекта.
І, як было адзначана на цырымоніі ўзнагароджання, якая праходзіла ў прыгожай і ўтульнай актавай зале 55-й школы, вопыт работы па арганізацыі і правядзенні інтэрнэт-праектаў сведчыць пра тое, што такая форма ўзаемадзеяння запатрабавана педагагічнай грамадскасцю, а таму своечасовая і актуальная.
“Вынікам удзелу ў такіх інтэрнэт-праектах з’яўляецца стварэнне творчых суполак педагогаў, вучняў і іх бацькоў, школ-партнёраў. З аднаго боку, такія суполкі з’яўляюцца віртуальнай адукацыяй, але дзейнасць людзей, якія ў іх уваходзяць, уносіць рэальныя змены ў жыццё не толькі асобных устаноў адукацыі, але і грамадства ў цэлым.
Рэалізоўваючы гэты праект, мы паспрабавалі па-новаму паглядзець на прафесію педагога, паказаць яе значнасць, неабходнасць і першараднасць. Мэта праекта — пашырэнне зместу метадаў і тэхналогій педагагічнай дзейнасці на аснове ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі і абмену вопытам паміж імі ў сучаснай медыяпрасторы”, — зазначыў дырэктар сярэдняй школы № 55 Мікалай Вячаслававіч Сачко.
А падчас урачыстай цырымоніі гучалі словы падзякі арганізатарам мерапрыемства, якія дзеля пераможцаў здолелі арганізаваць сапраўднае свята. У праекце было заяўлена 9 намінацый, якія дапамаглі разабрацца ў педагагічнай сутнасці паняцця “прызванне”. Мы ж пазнаёмім вас з самымі-самымі — тымі, хто быў удастоены дыпломаў І ступені.
Намінацыя “Сакрэты педагагічнага майстэрства” прынесла поспех настаўніцы беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны Мінска Святлане Мікалаеўне Шугніла, якая прадставіла пяцігадовы вопыт работы па тэхналогіі дыстанцыйнага навучання як сродку павышэння вучэбнай матывацыі школьнікаў.
А вось настаўніца геаграфіі сярэдняй школы № 139 Мінска Аксана Віктараўна Новік не проста сістэматызавала багаты матэрыял па прадмеце, але і стварыла сайты “Геаклас” і “Геаграфія прафесій”.
У сучасных умовах мяняюцца стасункі ў сістэме “педагог — вучань”, што патрабуе новых падыходаў да арганізацыі вучэбнай дзейнасці. Сваім вопытам выкарыстання праектнай тэхналогіі на ўроках гісторыі падзялілася Таццяна Сцяпанаўна Татарынец, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 Стоўбцаў.
Настаўніцы англійскай мовы сярэдняй школы № 55 Мінска Таццяна Мікалаеўна Манюк і Нэлі Аляксандраўна Чудзянкова падзяліліся вопытам выкарыстання інтэрактыўных метадаў навучання і рэсурсаў мультымедыя — лінгафоннага кабінета.
Ян Каменскі казаў: “Спяшайся ў школу як на гульню”. І сапраўды, якое дзіця не любіць гуляць? Настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 1 Пінска Наталля Мікалаеўна Шаламіцкая паказала, як гульні, конкурсы і віктарыны могуць дынамічна пераплятацца з сур’ёзнымі навуковымі пытаннямі і рабіць адукацыйны працэс займальным і жаданым.
Наступная намінацыя называлася “Педагог — творца чалавечай душы”. Пераможцы менавіта ў гэтай намінацыі ведаюць адказ на пытанне: “Настаўнік — гэта прафесія альбо прызванне?” Трэці год у інтэрнэт-праектах 55-й школы ўдзельнічае настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 101 Мінска Алена Барысаўна Амосава. У сваёй рабоце “Жывое слова” яна сканцэнтравалася на актуальнай праблеме чысціні мовы падрастаючага пакалення і падрыхтавала серыю прэзентацый па гэтай тэматыцы.
Таццяна Анатольеўна Бучынская, Марына Рыгораўна Жукава, Аксана Яўгенаўна Лук’янчук, Ірына Віктараўна Папова, выхавальнікі групы прадоўжанага дня гімназіі № 4 Мінска, таксама былі ўдастоены дыплома І ступені за прадстаўлены вопыт работы па выхаванні агульначалавечых каштоўнасцей у малодшых школьнікаў.
“Навучанне — гэта зносіны, гэта ўзаемадзеянне вучня і настаўніка. А як яго арганізаваць? Гэта залежыць не толькі ад настаўніка, але і ад вучня, з якім ён узаемадзейнічае. А вучню трэба, каб яго прымалі, паважалі, любілі, каб яму давяралі; яму трэба, каб яго падбадзёрвалі, падтрымлівалі, натхнялі, каб далі магчымасць даследаваць, эксперыментаваць, дабівацца вынікаў. Інтэрнэт-праект паказаў, што ў розных кутках нашай рэспублікі педагогі назапасілі багаты вопыт работы з адоранымі дзецьмі”, — далей гучала са сцэны. Зразумела, пераможцы ў намінацыі “Настаўнік і адораныя дзеці: працуем разам”, як ніхто іншы, ведаюць, што адоранага школьніка трэба сапраўды і любіць, і падбадзёрваць, і натхняць.
У гэтай намінацыі лепшымі былі прызнаны праекты настаўнікаў, якія не першы год працуюць з адоранымі навучэнцамі. Кацярына Мікалаеўна Сюркова, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства гімназіі № 27 Мінска, уразіла сістэмай падрыхтоўкі вучняў да алімпіяд па грамадазнаўчых дысцыплінах. Кіраўнік метадычнага аб’яднання сярэдняй школы № 55 Мінска Кацярына Анатольеўна Федарынчык прадставіла шматгадовы вопыт правядзення інтэграваных заняткаў па тэме “Глабальныя праблемы экалогіі”, суаўтарамі якіх па праве можна лічыць навучэнцаў профільных класаў.
Дыплом І ступені атрымала і Галіна Рыгораўна Новак, педагог дадатковай адукацыі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Першамайскага раёна Віцебска (за абагульненне вопыту работы гуртка “Краязнаўства”), а таксама Наталля Аляксееўна Жук, настаўніца біялогіі, і Таццяна Мікалаеўна Калацей, педагог-псіхолаг гімназіі Іванава Брэсцкай вобласці, якія падзяліліся вопытам уліку індывідуальных асаблівасцей навучэнцаў пры арганізацыі адукацыйнага працэсу.
Намінацыя “Роля сацыяльнага педагога ў жыцці “праблемнай” сям’і” носіць асаблівы характар. Нездарма лічыцца, што праца сацыяльнага педагога не столькі прафесія, колькі лёс. І гэтыя людзі выратавалі не адну сям’ю.
За праект “Узаемадзеянне сям’і і школы ў вырашэнні праблемы выхавання” дыплом І ступені атрымала Юлія Уладзіміраўна Целагуз, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, і Вераніка Казіміраўна Іванаўская, сацыяльны педагог сярэдняй школы № 47 Мінска. Дарэчы, Юлія Уладзіміраўна ўжо працуе дырэктарам сярэдняй школы № 139 сталіцы.
Дыплома першай ступені была ўдастоена і Рыта Яўгенаўна Андрэенка, настаўніца інфарматыкі сярэдняй школы № 55, за распрацоўку рэабілітацыйнай праграмы “Сям’я, якая папраўляецца”.
Намінацыя “Што рабіць? Дзе знайсці правільны адказ?” была прыдумана спецыяльна для псіхолагаў, без актыўнага ўдзелу якіх не абыходзіцца ні адна школьная падзея. Насамрэч, кожны дырэктар марыць, каб у штаце быў добры псіхолаг, таму кіраўнікам навучальных устаноў, дзе працуюць пераможцы, пашанцавала.
За распрацоўку сайта “Бацькоўская старонка”, з дапамогай якога праводзіцца актыўная асветніцкая і прафілактычная работа з бацькамі навучэнцаў і наладжаны інтэрактыўны дыялог, была ўзнагароджана педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 36 Мінска Аляксандра Валер’еўна Мысліцкая. Дыплом першай ступені быў уручаны Вользе Аляксандраўне Іванашка, педагогу-псіхолагу гімназіі № 27 Мінска, якая звярнула ўвагу на механізмы фарміравання пазітыўна арыентаванай асобы і раскрыла праблемы суіцыду. Свой дыплом вышэйшай ступені атрымала Жанна Іосіфаўна Чарнавіцкая, педагог-псіхолаг Радунскай гімназіі Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці, якая прадставіла адрэцэнзаваную брашуру па прафарыентацыі, дзе сабраны псіхолага-педагагічныя матэрыялы, неабходныя для прафесійнага самавызначэння і суправаджэння навучэнцаў. Гэтак жа высока была ацэнена і работа Ірыны Захараўны Алеўскай, сацыяльнага педагога сярэдняй школы № 55, якую настаўніца прысвяціла ўплыву гендарных адрозненняў на псіхалагічную культуру школьнікаў і на сацыяльную адаптацыю да неспрыяльных фактараў асяроддзя.
Сваім вопытам стварэння аншлагавых спектакляў падзяліліся педагогі-арганізатары і кіраўнікі гурткоў, таму наступная намінацыя так і называецца — “Я сцэнарыст, рэжысёр і акцёр”. Педагог-арганізатар сярэдняй школы № 37 Мінска Дзіяна Ігараўна Суліма прапанавала сцэнарныя распрацоўкі, відэа- і фотаматэрыялы сваіх мерапрыемстваў, якія і далі падставу для атрымання першага дыплома.
Педагог-арганізатар з Пінскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната Мікалай Дзмітрыевіч Клюско з’яўляецца аўтарам некалькіх кніг: “Каралеўства цікавых спраў”, “Бязмежныя прасторы” і розных сцэнарыяў. І ўсім гэтым ён шчодра падзяліўся з калегамі. Намаганні настаўніка ацанілі не толькі калегі, але і журы, якое прысудзіла яму дыплом першай ступені.
Творчы дуэт Настассі Бірскай і Алеся Байкова прапанаваў сістэму работы педагога-арганізатара па прыцягненні навучэнцаў да творчай дзейнасці. Да работы прыкладаюцца сцэнарыі па асноўных напрамках дзейнасці педагога-арганізатара. Парадавала, што сцэнарыстамі, рэжысёрамі і акцёрамі адчуваюць сябе і настаўнікі-прадметнікі. Як Ганна Ігнацьеўна Згурская, настаўнік тэатра сярэдняй школы № 3 Мінска, якая прадставіла вопыт тэатральнага гуртка “Ілюзія”, за што і атрымала дыплом І ступені.
Намінацыя “Настаўнік у маім лёсе” стала самай кранальнай, бо на адрас праекта былі дасланы работы, напоўненыя шчырымі словамі падзякі, вялікай павагі да людзей, якія прысвяцілі жыццё педагогіцы. У выніку дыпломы першай ступені атрымалі Жанна Юльянаўна Вераціла, настаўніца геаграфіі сярэдняй школы № 1 гарадскога пасёлка Рось Гродзенскай вобласці, і Алена Мікалаеўна Бондар, настаўніца інфарматыкі і англійскай мовы Радашковіцкай школы-інтэрната.
А вось намінацыя “Я малады настаўнік” была прысвечана праблемам маладога педагога. На жаль, некаторыя з іх губляюць веру, іх пакідае надзея. Іншыя патрабуюць рэформ, а радыкальна настроеныя спрабуюць нешта змяніць самі. Сапраўды, жыццё ў школе рухомае і вельмі зменлівае: ёсць дзеці, якіх трэба вучыць, бацькі, якіх трэба супакойваць, і дырэктары, з якімі неабходна лічыцца. Усе яны прэтэндуюць на час педагога і на яго энергію, таму для настаўніка-пачаткоўца пытанне “Як выжыць у гэтай сітуацыі?” не з’яўляецца рытарычным. Але на яго адказала ўладальніца дыплома І ступені Вольга Сяргееўна Самайловіч, настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 5 Пружан Брэсцкай вобласці.
З хваляваннем была прадстаўлена намінацыя “Педагагічныя дынастыі”. І хваляванне было апраўдана. 568 гадоў — больш за пяць стагоддзяў, складае агульны педагагічны стаж дынастыі, якую прадстаўляла Таццяна Валяр’янаўна Пархамчук, дырэктар комплексу “дзіцячы сад — сярэдняя школа” вёскі Гнеўчыцы Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Амаль усе прадстаўнікі гэтай дынастыі працавалі і працуюць ва ўстановах адукацыі Брэсцкай вобласці і “… годна папаўняюць велізарную скарбонку сакрэтаў асаблівай планеты, якая называецца Настаўніцтвам, дзе жывуць людзі асаблівай прафесіі — святой і вечнай!” — як адзначыла сама Таццяна Валяр’янаўна.
А аўтар наступнага праекта, таксама адзначанага дыпломам І ступені, — педагог у чацвёртым пакаленні. Віталія Барысаўна Атліванава, настаўнік пачатковых класаў гімназіі № 1 Пінска, лічыць, што настаўніцтва — гэта дарога даўжынёй у цэлае жыццё. І гэтая дарога прывяла яе да чарговай перамогі.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.
dubowska@ng-press.by