Узнагароды за творчасць

- 13:29Адукацыйная прастора

Узнагароды штогадовага абласнога конкурсу імя А.І.Дубко за творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва ўручылі ў Гродне. Сярод лаўрэатаў — педагогі ўстаноў адукацыі Гродзенскай вобласці.

Стала ўжо добрай традыцыяй напярэдадні дня нараджэння Аляксандра Іосіфавіча Дубко, які пакінуў значны след у гісторыі Гродзеншчыны, называць імёны творцаў, якія на працягу года адзначыліся сваёй адметнай дзейнасцю. Ва ўрачыстай цырымоніі, як і ў папярэднія гады, прыняла ўдзел жонка Аляксандра Іосіфавіча Эма Нічыпараўна Дубко.

Яшчэ адной адметнай урачыстасцю і прыемнай новай традыцыяй стала ўручэнне заахвочванняў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Уручаючы заслужаныя ўзнагароды дзеячам культуры і мастацтва, педагогам вобласці, старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Каранік адзначыў:

— Амаль чвэрць стагоддзя напярэдадні дня нараджэння А.І.Дубко ўручаецца прэмія яго імя таленавітым людзям. Гэта сапраўды знакавая падзея для нашай вобласці, якая, як і ўся краіна, багатая сваімі культурнымі традыцыямі, што на працягу стагоддзяў ствараліся выбітнымі дзеячамі нашага народа. Прэмія стала своеасаблівым сувязным звяном, дазваляючы адзначыць і заахвоціць людзей, якія не толькі захоўва­юць гістарычную спадчыну, а ў Год гістарычнай памяці гэта асабліва важна, але і сваім талентам, працай прыўносяць новае ў культуру і мастацтва нашай краіны, ствараюць творы, якімі мы захапляемся. Прыемна, што з 14 узнагароджаных трое не першы раз атрымліваюць прэмію. Відавочна, што прэмія — гэта не толькі ўзнагарода за заслугі, але і сур’ёзны стымул для далейшых здзяйсненняў. З кожным годам журы ўсё цяжэй выбіраць лаўрэатаў, таму што ўсё больш праектаў прадстаўляецца на конкурс. Я ўпэўнены як у будучыні гэтага конкурсу, так і ў цэлым у будучыні культуры і мастацтва нашай краіны.

 У намінацыі “Выкладчык года” прэмію імя А.І.Дубко атрымала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце выкладчык Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа Алена Сечка.

Выхаванка педагога Таццяна Канарская ў мінулым годзе на рэспубліканскім конкурсе выканаўцаў на народных інструментах імя І.І.Жыновіча атрымала дыплом III ступені. Алена Эдуардаўна з 1982 года працуе выкладчыкам, за гэты час многія выпускнікі каледжа скончылі кансерваторыю, Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі. Двое з яе навучэнцаў вярнуліся ў Лідскі каледж і выклада­юць тут музыку.

Алена Эдуардаўна кіруе заслужаным аматарскім калектывам Рэспублікі Беларусь аркестрам рускіх народных інструментаў Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа, які атрымаў больш як дзесяць гран-пры на розных міжнародных і рэспубліканскіх конкурсах, неаднаразова заваёўваў першыя месцы, выступаў з канцэртамі ў шматлікіх краінах Еўропы.

Перамогу ў намінацыі “Настаўнік школы мастацтваў года” атрымала настаўніца Свіслацкай дзіцячай школы мастацтваў Таццяна Вайцяхоўская.

Таццяна Казіміраўна прызналася, што намінацыя на такую знакавую прэмію стала для яе вельмі прыемнай падзеяй, аднак гэта дае стымул для далейшага росту, абавязвае ставіць новыя задачы і дабівацца іх ажыццяўлення. Яна вучыць дзяцей іграць на гітары і домры, арганізавала і ўзначальвае ўзорны калектыў народных інструментаў “Калінка”. У мінулым годзе навучэнка педагога Дар’я Іванчук прыняла ўдзел у рэспубліканскім конкурсе выканаўцаў на народных інструментах імя І.І.Жыновіча, які праводзіцца раз у тры гады, і стала лаўрэатам II ступені. У 2020 годзе калектыў “Калінка” стаў лаўрэатам рэспубліканскага радыёконкурсу “Маладыя таленты Беларусі”.

— Педагогам я марыла стаць з дзяцінства, прыкладам была мая мама — настаўніца пачатковых класаў, а калі ўбачыла аб’яву, што запрашаюць дзяцей у музычную школу, мне было не важна, на якім інструменце іграць, так хацела займацца музыкай. Мне прапанавалі домру, я на той час не ведала, што гэта за інструмент. Спадабалася, і стала вучыцца. Вучоба ў школе, затым музычным каледжы, завочна ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. І вось я ўжо выкладаю па класе домры і гітары. Домра даволі ўнікальны інструмент, але дзеці займаюцца з задавальненнем. Я лічу, гэта цудоўны музычны інструмент, — расказала Таццяна Казіміраўна.

Прыемным працягам урачыстай цырымоніі стала ўручэнне стыпендый спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі юным талентам вобласці. За дасягнутыя высокія вынікі ў творчай і культурна-асветніцкай дзейнасці ўзнагароды атрымалі навучэнцы Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа Паліна Акуневіч, Настасся Гуранкова і Настасся Жук, навучэнка Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Лізавета Маркоўская.

Усяго з моманту заснавання спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі 948 навучэнцаў дзіцячых школ мастацтваў і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў Гродзенскай вобласці атрымалі заахвочванні.

Ірына АНІКЕВІЧ.