Творчаму аб’яднанню па інтарэсах “Вулей” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі імя Хаіма Суціна, дзе вось ужо пяць гадоў школьнікі Чэрвеньскага краю спасцігаюць сакрэты жывапісу, прысвоена ганаровае званне “Узорная студыя”. Заслужаную высокую ацэнку педагагічны калектыў атрымаў за значны ўклад у развіццё аматарскай мастацкай творчасці і папулярызацыю нацыянальных культурных традыцый.
— Доўгія гады прыярытэтам работы нашай установы дадатковай адукацыі былі дэкаратыўна-прыкладны і мастацкі напрамкі. За гэты час у нас выбудавалася свая трохступеньчатая сістэма мастацкай адукацыі, — адзначае намеснік дырэктара Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі імя Хаіма Суціна Святлана Якаўлеўна Хасяневіч. — Дзеці ад 6 да 9 гадоў акадэмічныя асновы мастацкай творчасці вывучаюць у студыі выяўленчага мастацтва на першай ступені адукацыі. На працягу першых трох гадоў работы з пластылінам, гуашшу, цестам у дзяцей фарміруюцца пачатковыя ўменні і навыкі. Потым, у 10—12 гадоў, нашы выхаванцы ўдасканальваюць свае навыкі ў аб’яднанні “Дэкаратыўны роспіс”: на працягу яшчэ трох гадоў юныя мастакі набываюць новыя веды, займаючыся дэкаратыўным роспісам, паглыблена вывучаючы асноўныя напрамкі выяўленчага мастацтва, асвойваючы асновы кампазіцыі, законы колеразнаўства, прыёмы пэндзлевага роспісу прадметаў побыту, тканіны. Трэцяя ступень — падрыхтоўка падлеткаў на працягу двух гадоў у арт-цэнтры “Вулей” па асобнай адукацыйнай праграме павышанага ўзроўню. Каб навучацца ў “Вулеі”, трэба паспяхова прайсці ўступныя выпрабаванні. Сёння ў арт-цэнтры вучацца 28 хлопчыкаў і дзяўчынак.
Сістэма навучання ў арт-цэнтры будуецца не толькі з улікам выкладання базы — жывапісу, малюнка, дэкаратыўнага роспісу. Яна грунтуецца і на стратэгіях візуальнага мыслення: дзяцей вучаць бачыць мастацкі твор, ацэньваць яго, атрымліваць асалоду ад мастацтва ў разнастайных яго формах.
— Канцэпцыя была распрацавана спецыялістамі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, якія і сёння ажыццяўляюць метадычнае суправаджэнне адукацыйнага працэсу, — раскрывае сакрэты методыкі навучання кіраўнік “Вулея” Надзея Віктараўна Жогаль. — У аснове канцэпцыі ляжыць непасрэднае азнаямленне вучняў з творамі мастацтва, што магчыма пры наведванні музеяў, выстаў, прэзентацый. Пасля візуальнага знаёмства з рознымі напрамкамі жывапісу важна навучыць дзіця асэнсоўваць убачанае, будаваць дыялог так, каб хлопчыкі і дзяўчынкі дзяліліся сваімі ўражаннямі, выказвалі меркаванні, якія могуць адрознівацца адно ад аднаго. Важна навучыць вылучаць характэрныя рысы творчасці таго ці іншага жывапісца.
Акрамя гэтага, выхаванцы “Вулея” наведваюць творчыя сустрэчы з мастакамі, майстар-класы, пленэры, перфомансы, знаёмяцца з мастацтвам графіці, каліграфіяй. Вучні бываюць у розных музеях. Сярод іх “Замкавы комплекс “Мір”, музей-запаведнік “Нясвіж”, “Дом Ваньковічаў”, Музей народнай архітэктуры і побыту ў вёсцы Азярцо, Нацыянальны мастацкі музей, Палац мастацтваў, Музей беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах, музей “Лошыцкая сядзіба”. Падчас экскурсій у фармаце жывой гутаркі на тэму сучаснага, класічнага і традыцыйнага народнага мастацтва сінтэзуюцца вывучаемыя блокі: краязнаўства, сучаснае мастацтва, мастацкія стылі, аналіз мастацкіх работ, экскурсіі, пленэры. Разумовыя вобразы, якія ўзнікаюць пры гэтым, — зыходны пункт для дзіцячай творчасці.
Сузіраючы прыгожае, вывучаючы асаблівасці розных напрамкаў сусветнай мастацкай культуры, атрымліваючы новыя ўражанні, дзеці асэнсоўваюць візуальную інфармацыю, а затым дэманструюць свае эмоцыі і пачуцці ў яркіх і маляўнічых вобразах на палатне, паперы, тканіне ці ў працэсе напісання эсэ, стварэння фатаграфіі, калажу, карціны на шкле, манатыпіі, выцінанкі, арнаменту ручніка. Такім чынам адукацыйны працэс ніколі не бывае сумным.
Важна адзначыць, што ў “Вулеі” працуюць яшчэ два педагогі-мастакі. Гэта Вадзім Ігаравіч Дурко і Вікторыя Уладзіміраўна Ярэміч, якія, з’яўляючыся прыхільнікамі розных напрамкаў мастацтва, вучаць падлеткаў адмысловым тэхнікам і манеры выканання, у тым ліку адрозніваць, разумець, адчуваць розныя плыні сучаснага мастацтва.
Яшчэ адзін сакрэт поспеху дзейнасці арт-цэнтра — цеснае супрацоўніцтва з музеем “Прастора Хаіма Суціна”, які існуе ў цэнтры з 2008 года. Тут хлопцы і дзяўчаты знаёмяцца з жыццём і творчасцю мастакоў Парыжскай школы Хаіма Суціна, Шрагі Царфіна. Прыклад землякоў, якія дасягнулі сусветнай вядомасці, акрыляе і натхняе “вульеўцаў”.
Музей — своеасаблівы каардынацыйны цэнтр, дзе дзякуючы разнапланавай адукацыйнай рабоце дзеці праяўляюць сябе ў пошукавай, даследчай, турыстычнай і, вядома ж, мастацкай сферах. Займаючыся даследчай дзейнасцю, вывучаючы ўводзіны ў мастацтва, выхаванцы арт-цэнтра чытаюць артыкулы пра жыццё і творчасць мастакоў Парыжскай школы, чые карані ў Беларусі. Унікальны матэрыял пра Якава Балглея, Шрагу Царфіна, Хаіма Суціна, Восіпа Любіча і іншых мастакоў суправаджаецца спасылкамі на эксклюзіўныя дакументальныя фільмы рэжысёра Алега Лукашэвіча.
Даследуючы жыццё і творчасць Хаіма Суціна і Шрагі Царфіна, юныя мастакі знаёмяцца з цікавымі фактамі з жыцця выдатных майстроў жывапісу. Падчас прагулкі па трох залах музея яны маюць магчымасць пранікнуцца атмасферай таго часу, калі тварылі мастакі. Дзеці могуць падзяліцца ўражаннямі ад убачанага і крыху адпачыць пад гукі французскіх мелодый, атрымліваючы асалоду ад кубачка духмянай гарбаты ці кавы ў другой зале музея, стылізаванай пад парыжскае кафэ “Ратонда” (месца сустрэчы творчай эліты Парыжа 100 гадоў назад. — Заўвага аўт.). У той жа зале-кафэ ў атмасферы творчасці сярод рэпрадукцый палотнаў Суціна і яго сучаснікаў час ад часу праходзяць і заняткі па жывапісе.
Ня дзіўна, што падчас такога насычанага адукацыйнага працэсу ў выхаванцаў “Вулея” вельмі хутка выпрацоўваецца свой непаўторны мастацкі стыль. Таму дзіцячая творчасць адзначаецца ўзнагародамі на шматлікіх конкурсах, у тым ліку і на міжнародных. Штогод геаграфія выстаў юных мастакоў “Вулея” пашыраецца: Беларусь, Латвія, Эстонія, Францыя. Павышаецца ўзровень прафесійнай падрыхтоўкі дзяцей, таму многія, пакідаючы “Вулей”, звязваюць сваё жыццё з творчасцю і мастацтвам, працягваюць навучанне ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі.
Невыпадкова і тое, што гэты інавацыйны вопыт эстэтычнага выхавання дзяцей сёння цікавы калегам-педагогам не толькі Мінскай вобласці, але і ўсёй краіны.
Толькі па выніках мінулага навучальнага года ў творчай скарбонцы “Вулея” 14 дыпломаў рознай ступені на абласных і рэспубліканскіх конкурсах, больш за 60 — на міжнародных. Самыя значныя ўзнагароды атрыманы на VI Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”, VII Міжнародным конкурсе дзіцячай творчасці “Сябруюць дзеці на планеце”, VII Міжнародным конкурсе мастацкіх паштовак “Поры года”, Міжнародным конкурсе дзіцячага малюнка “Вершы Пятра Глебкі ў малюнках”, IX Міжнародным конкурсе мастацкай творчасці “Птушкі паднябесся — 2021”, VII Міжнародным конкурсе “Хваля на хвалі”, міжнародных бліц-турнірах Арт-галерэі 7Д, міжнародным творчым конкурсе дзіцячага малюнка “Васілёк — кветка надзеі і мары”.
Назва “Вулей” была выбрана невыпадкова — так называўся інтэрнат для маладых мастакоў у Парыжы, дзе жылі і тварылі Мадыльяні, Суцін, Царфін, Цадкін і іншыя мастакі Парыжскай школы. Ёсць у Смілавічах, перад уваходам у Цэнтр творчасці, і свой рукатворны вулей, на якім сядзіць вялікая пчала з металу, — арт-аб’ект, падораны скульптарам Паўлам Вайніцкім. Пчала — сімвал вялікай працы, якая хаваецца за знешняй лёгкасцю і прыгажосцю любога тварэння.
Марына КУНЯЎСКАЯ.