Ва ўмовах інавацыйнага развіцця

- 11:11Планёрка ў рэгіёне

“У прыярытэце развіцця сістэмы адукацыі рэгіёна — стварэнне ўмоў для ўсебаковага развіцця асобы дзіцяці, павышэнне якасці адукацыі, фарміраванне кадравага патэнцыялу, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы навучальных устаноў”, — адзначае госць нашай сённяшняй “Суботняй планёркі” выконваючы абавязкі начальніка аддзела па адукацыі Бешанковіцкага райвыканкама Віцебскай вобласці Аляксандр Іванавіч Ерашоў.

— Аляксандр Іванавіч, якія папярэднія вынікі дзейнасці сістэмы адукацыі раёна ў 2019 годзе можна падвесці ўжо зараз?

— Па-першае, выкананы практычна ўсе мэтавыя паказчыкі дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і дзяржаўная палітыка”. Па-другое, нашы вучні і педагогі дастойна прадставілі раён на спаборніцтвах самага рознага ўзроўню, чым мы ганарымся. Так, настаўніца хіміі сярэдняй школы № 2 Бешанковіч І.В.Голубева стала пераможцай Рэспубліканскага конкурсу метадычных распрацовак “Рэалізацыя кампетэнтнаснага падыходу на ўроках хіміі праз рашэнне практыка-арыентаваных задач”.

Навучэнец 7 класа Бачэйкаўскай сярэдняй школы Дзмітрый Протас перамог у Рэспубліканскім конкурсе экалагічных праектаў “Зялёная школа” ў намінацыі для навучэнцаў “Чырвоная кніга вачыма дзяцей” з праектам “Расліны Бачэйкаўскага краю, занесеныя ў Чырвоную кнігу”. Навучэнка 3 класа Ясенія Аўчыннікава з сярэдняй школы № 1 Бешанковіч стала пераможцай Рэспубліканскага конкурсу відэаролікаў “Пасланне ветэрану”. Абласны этап алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць” сярод навучэнцаў 10—11 класаў прынёс вучаніцы сярэдняй школы № 1 Бешанковіч Ксеніі Пушко дыплом III ступені (настаўнік Л.В.Салоха). Па выніках раённага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах журы вызначыла 64 пераможцы, з якіх 16 навучэнцаў прадставілі раён на абласным этапе (гэта абсалютна лепшы вынік за ўсе гады) На абласным этапе нашы навучэнцы заваявалі тры дыпломы па хіміі, біялогіі і працоўным навучанні (Дар’я Кежа, Вераніка Ткачонак і Вячаслаў Качан).

— Як бешанковіцкія школьнікі адпачылі на зімовых канікулах?

— Сёлета зімовыя канікулы атрымаліся доўгімі, у школьнікаў было практычна тры тыдні канікулярнага часу. Выдатны настрой дзеці атрымалі на навагодніх ранішніках і вечарах адпачынку, якія прайшлі напярэдадні навагодніх свят. З 26 снежня па 31 студзеня на базе 7 устаноў адукацыі працавалі аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем, у якіх змаглі прайсці аздараўленне 230 дзяцей ва ўзросце 6—17 гадоў. Для іх гэта была выдатная магчымасць правесці зімовыя канікулы сярод сяброў, з цікавай забаўляльнай праграмай. У перыяд зімовых канікул для навучэнцаў ва ўстановах адукацыі была падрыхтавана насычаная праграма, арганізавана работа школьных стадыёнаў, спартыўных секцый, аб’яднанняў па інтарэсах, розных гульнявых праграм. Школьнікі наведалі музеі, памятныя гістарычныя месцы, якія дапамаглі ім бліжэй пазнаёміцца са славутасцямі нашай Радзімы.

Напоўніць дзіцячы адпачынак цікавымі і займальнымі мерапрыемствамі пастараліся і работнікі Бешанковіцкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Яны запрашалі ўсіх актыўна ўключыцца ў раённы этап дабрачыннай акцыі “Цуды на Каляды”, каб падзяліцца святочным настроем і падарункамі з тымі дзецьмі, якія асабліва маюць у гэтым патрэбу.

— Як у гэтым годзе ў раёне арганізавана профільнае навучанне? Ці ёсць у вас класы прафесійнай накіраванасці?

— У межах профільнага навучання ва ўстановах адукацыі раёна адкрыты класы аграрнай накіраванасці (Ульская, Бачэйкаўская сярэднія школы, Астровенскі дзіцячы сад — сярэдняя школа). На базе сярэдняй школы № 2 Бешанковіч адкрыты педагагічны клас, у якім навучэнцы не толькі вывучаюць асобныя прадметы на павышаным узроўні, але і асвойваюць факультатыўны курс “Уво­дзіны ў педагагічную прафесію”. Усяго профільнай адукацыяй у раёне сёлета ахоплена 66,7% навучэнцаў.

У 2019/2020 навучальным годзе на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі ў нас адкрыты класы прафесійнай накіраванасці з магчымасцю атрымання рабочай кваліфікацыі. Так, у Ульскай сярэдняй школе навучэнцы атрымліваюць прафесію маляр, у сярэдніх школах № 1 і № 2 Бешанковіч, Астровенскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе, Бачэйкаўскай сярэдняй школе — прафесіі столяр і швачка.

— Аляксандр Іванавіч, як настаўнікі павышаюць сваё прафесійнае майстэрства?

— Для педагога вельмі важна быць у пастаянным развіцці, быць заўсёды цікавым сваім вучням, увесь час вучыцца самому. Галоўная роля ў стварэнні ўмоў для прафесійнага росту кожнага педагога адво­дзіцца вучэбна-метадычнаму кабінету і раённым метадычным фарміраванням. Па гэтым кірунку ў нас выкарыстоўваюцца такія формы работы, як майстар-класы, школы педагагічнага майстэрства, метадычныя аб’яднанні, семінары, творчыя справаздачы, метадычныя тыдні і г.д.

Асаблівай папулярнасцю ў педагогаў раёна карыстаецца штогадовы фестываль “Перспектыва”, які традыцыйна праходзіць у канцы навучальнага года. У рамках фестывалю педагогі прадстаўляюць свой эфектыўны педагагічны вопыт, наведваюць майстар-класы калег, знаёмяцца з метадычнымі напрацоўкамі ўстаноў адукацыі раёна. Дарэчы, у чэрвені 2019 года вопыт работы нашых выхавальнікаў дашкольнай адукацыі трансліраваўся на Рэспубліканскім фестывалі педагагічных ідэй “Каб мова родная гучала” ў Мінску.

Гэты навучальны год адметны тым, што ў кастрычніку стартаваў Рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года”. Ужо прайшлі пасяджэнні аргкамітэта раённага этапу, дзе былі вызначаны тэрміны двух тураў, пералік конкурсных выпрабаванняў  і крытэрыі іх ацэнкі. Ва ўстановах адукацыі раёна прайшоў першы этап, пададзены заяўкі ад кожнай установы адукацыі і матэрыялы для завочнага тура раённага этапу. З 13 студзеня пачаўся вочны тур, які завершыцца 25 студзеня фіналам.

— Назавіце, калі ласка, асноўныя напрамкі дзейнасці педагогаў у гэтым навучальным годзе? Што вас больш за ўсё хвалюе як кіраўніка?

— Сучасная сістэма адукацыі арыентавана на пастаяннае павышэнне кампетэнтнасці педагога. У многім гэтаму садзейнічае інавацыйная дзейнасць. У сярэдняй школе № 2 Бешанковіч ажыццяўляецца рэалізацыя рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання метапрадметных кампетэнцый у навучэнцаў на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі і ва ўмовах устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”. Сёлета ў раёне рэалізоўваюцца 4 абласныя творчыя праекты. Так, у яслях-садзе № 5 Бешанковіч ідзе работа над праектамі “Укараненне мадэлі фарміравання бяспечных паводзін выхаванцаў ва ўмовах установы дашкольнай адукацыі”, “Развіццё інтэлектуальных здольнасцей дзяцей дашкольнага ўзросту з дапамогай развіццёвых гульняў”, у яслях-садзе № 6 Бешанковіч — “Фарміраванне ўстойлівай цікавасці і станоўчых адносін да беларускай мовы ў дзяцей дашкольнага ўзросту”. Завяршае рэалізацыю абласнога творчага праекта “Апрабацыя мадэлі інавацыйнай педагагічнай сістэмы “Школа экалагічнай культуры” калектыў сярэдняй школы № 2 Бешанковіч.

Хвалюе найперш стварэнне бяспечных умоў знаходжання ва ўстановах адукацыі, безбар’ернага асяроддзя, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі, аснашчанасць вучэбным і спартыўным абсталяваннем дашкольных устаноў.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.