Вакцына ад бяздушша

- 15:42Рознае, Сацыяльны ракурс
У пятніцу ў Мінску адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу грамадскай арганізацыі “БРСМ” “Валанцёр года — “Добрае сэрца”. Пачынаючы з сакавіка мінулага года падчас раённых, абласных і фінальнага этапаў конкурсу журы сачыла за поспехамі кожнага намінанта. Узнагароды ўручыў першы сакратар ЦК БРСМ намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Ігар Бузоўскі. Сказаць словы падзякі валанцёрам за іх добрыя сэрцы прыйшлі і супрацоўнікі сацыяльных устаноў, выхаванцы, дзеці з мнагадзетных і прыёмных сем’яў.
На валанцёрстве не “піярацца”

Пераможцы былі вызначаны ў пяці намінацыях: “Асабісты ўклад”, “Лепшае масавае мерапрыемства”, “Лепшая сацыяльная рэклама”, “Валанцёрскія справы — у фотааб’ектыве” і “Лепшы валанцёрскі атрад”. Дзень узнагароджання стаў бадай адзіным днём за цэлы год, калі ў цэнтры ўвагі — валанцёры. Пра дабрачынную дапамогу не прынята гаварыць, на ёй не “піярацца”, ды ў валанцёраў не хапае на гэта часу. Кожны дзень хлопцы і дзяўчаты спяшаюцца быць карыснымі ветэранам і інвалідам працы, адзінокім пажылым людзям, дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, сіротам, дзецям з нядобранадзейных сем’яў, дапамагаюць аднаўляць і добраўпарадкаваць храмы і гістарычныя аб’екты.
Сярод найбольш яскравых праектаў руху — дабрачынны нон-стоп марафон “Усе фарбы жыцця для цябе”, “У школу з “Добрым сэрцам”, дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” (у яе рамках валанцёры БРСМ “Добрае сэрца” ў 2013 годзе правялі 270 мерапрыемстваў), “Запішыся валанцёрам — 2014” і шмат іншых. На новы ўзровень выйшла і супрацоўніцтва з Беларускай Праваслаўнай Царквой. У рамках гэтага супрацоўніцтва былі праведзены дабрачынныя акцыі, маладзёжны фестываль-выстава “Велікодны куліч”, акцыя “Аднаўленне святынь Беларусі”. Дарэчы, на працягу цэлага тыдня 70 сталічных валанцёраў з ранку да ночы аказвалі пасільную дапамогу паломнікам храма праведнага Іова Шматпакутнага пры Доме Міласэрнасці, дзе знаходзіўся каўчэг з Дарамі валхвоў.

Дзіцячая ўсмешка надае сілы

У намінацыі “Асабісты ўклад” члены журы прысудзілі перамогу Марыі Воінавай, кіраўніку валанцёрскага атрада “Мы — дзецям” пярвічнай арганізацыі з правамі раённага камітэта БРСМ Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Валанцёрская дзейнасць для Машы пачалася яшчэ ў школе. Яна ўжо тады кожную вольную часіну праводзіла з тымі, да каго лёс не быў надта спрыяльным, і з першых дзён ва ўніверсітэце стала валанцёрам атрада “Мы — дзецям” і хутка — яго кіраўніком.
Мінулай вясной Марыя на базе атрада стварыла дзіцячы тэатр “Разам у казку”. Яна стала рэжысёрам-пастаноўшчыкам, а акцёрамі, касцюмерамі, дэкаратарамі, грымёрамі сталі такія ж нераўнадушныя да чужога болю студэнты ўніверсітэта. Іх спектаклі “на ўра” прайшлі для выхаванцаў дзіцячага дома № 5 і дапаможнай школы № 7 Мінска, Ждановіцкага спецыяльнага дашкольнага дзіцячага дома, ЦКРНіР Партызанскага раёна Мінска, пацыентаў многіх медыцынскіх устаноў.
“Для мяне зносіны з дзіцем — гэта шчырасць, — гаворыць Марыя, і сама дорыць сваю пяшчотную ўсмешку. — А яшчэ мне падабаецца, калі ўсміхаюцца дзеці, нягледзячы ні на што, падабаецца ўсведамляць, што менавіта ад цябе залежыць настрой гэтага дзіцяці, няхай толькі на гадзіну. І гэтая ўсмешка надае сілы”.
Найчасцей тэатр адкрывае занавес для самых маленькіх гледачоў. “Дзеці старэйшага ўзросту не заўсёды рады валанцёрам. Жаданне дапамагчы яны часта ўспрымаюць у штыкі, — разважае Марыя. — Мабыць, яны ўсведамляюць горыч свайго становішча і адносіны да нашай дапамогі такія: “лёгка гуляць у добранькіх, калі ў тваім жыцці ўсё выдатна”. Ім няпроста прывыкнуць да шчырых пачуццяў чужых людзей, добразычлівасці, дабраты, але калі быць упартым, то і гэтыя цяжкасці знікаюць. І падчас другой, трэцяй сустрэчы падлеткі мяняюцца. Напрыклад, наша даўняя знаёмая Мілена ніяк не ішла на кантакт, у святах не прымала ўдзел, а цяпер чакае нас, мабыць, больш за ўсіх, нават піша тэксты для нашых песень”.
Сёння Марыя ўпэўнена, што і пасля заканчэння ўніверсітэта не пакіне свой аматарскі тэатр. А яшчэ хоча ажыццявіць сваю мару, якую выношвае з самага дзяцінства: заснаваць дабрачынны фонд для дзяцей-сірот.

Сардэчнасць — прафесійная якасць медыкаў

У будучых медыкаў да валанцёрства падыход выключна прафесійны. Калі лекцыі пра шкодныя звычкі, то з поўнай навуковай выкладкай, калі догляд цяжкахворых, то па ўсіх правілах сястрынскай справы. Нездарма будучыя медсёстры і фельчары Барысаўскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа, якія па сумяшчальніцтве яшчэ і ўдзельнікі атрада “Міласэрнасць”, сталі лепшым валанцёрскім атрадам. Па некалькі разоў на тыдзень яны спяшаюцца ў Барысаўскі дом дзіцяці, у аддзяленне дзіцячых інфекцый гарадской бальніцы, у дзіцячы сад № 35 для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і іншыя ўстановы.
“Нашы навучэнцы актыўна займаюцца валанцёрскай дзейнасцю, бо валанцёрства і характэрныя для яго рысы — сардэчнасць, спагадлівасць, разуменне, суперажыванне — прафесійныя якасці медыкаў”, — гаворыць выкладчык акушэрства сакратар пярвічкі БРСМ Алена Каленік. А самі навучэнцы называюць такія сацыяльныя праекты прышчэпкай ад бяздушша.
Будучыя медыкі, як ніхто, адгукаюцца на чужы боль. Так, валанцёр Таццяна Гмыза знайшла ў інтэрнэце інфармацыю пра школьніка Мацвея Ахрамовіча, якому неабходна была аперацыя, тут жа прыбегла да кіраўніцтва з просьбай арганізаваць збор грошай. Ужо праз некалькі дзён валанцёры правялі шэраг дабрачынных канцэртаў, а сродкі, якіх удалося сабраць нямала, накіравалі адрасату. Хлопчыка прааперыравалі ў Германіі, а праз некалькі месяцаў ён разам з бацькам і бабулямі прыехаў у каледж сказаць “дзякуй”.
Перамога на рэспубліканскім конкурсе дапоўніла пералік узнагарод, якія валанцёры каледжа паспелі атрымаць ад барысаўскіх раённых арганізацый БРСМ, “Таварыства выратавання на вадзе”, Чырвонага Крыжа і нават мітрапаліта Філарэта.

У аб’ектыве — добрыя справы

У аб’ектывы фотаапаратаў супрацоўнікаў рэабілітацыйнага цэнтра “Іскрынка надзеі” і сацыяльна-педагагічнага цэнтра вёскі Новая Слабада Слаўгарадскага раёна Магілёў-скай вобласці, мясцовага ЦКРНіР і дамоў сямейнага тыпу Ганчаровых і Ціханавых на працягу 2013 года ледзь не штодзень траплялі валанцёры з атрада “Рытм жыцця” слаўгарадскага раённага камітэта БРСМ. Менавіта яны і сталі пераможцамі ў намінацыі “Валанцёрскія справы — у фотааб’ектыве”. Толькі за мінулы год валанцёры гэтага атрада сталі арганізатарамі больш як 100 дабрачынных мерапрыемстваў: “Калядная зорачка”, “Сакавіцкі капеж”, “Мы — дзецям”, “Свет дзяцінства”, “Калыска дабра”, конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў, творчых канцэртаў і інш. Акрамя таго, яны першыя памочнікі раённага аддзела ДАІ. Сярод сумесных акцый, накіраваных на прафілактыку дарожнага траўматызму сярод непаўналетніх жыхароў горада, — “Вадзіцель”, “Увага — дзеці!”, “Падарожжа ў краіну Святлафорыю” і інш.
У намінацыі “Лепшая сацыяльная рэклама” перамогу атрымаў валанцёрскі атрад “Талісман” Пліскай сярэдняй школы імя У.А.Мікуліча (пасёлак Акцябрскі Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці). Іх не так многа — усяго 20 навучэнцаў і 4 педагогі, але сваім клопатам яны ахінулі ўсіх пажылых людзей і ветэранаў у суседніх вёсках, якім патрэбна дапамога. Яны і ў магазін за прадуктамі для іх сходзяць, і ў дамах прыбяруць, і ў дварах, а таксама на агародах парадак навядуць, вясной ускапаюць, летам прывязуць вады і паліюць грады, зімой дроў насякуць, дарожкі ад снегу пачысцяць. Іх сацыяльны відэаролік “Рэха ў будучыню”, размешчаны ў інтэрнэце, стаў лепшай прапагандай для будучых валанцёраў.

Далі “вуду” замест “рыбы”

Пераможцам у намінацыі “Лепшае масавае мерапрыемства” стаў атрад “Разам” пярвічнай арганізацыі БРСМ Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны за правядзенне раённага экалагічнага фестывалю “Моладзь за захаванне роднага краю”. У ім прынялі ўдзел усе школы раёна. Адным з этапаў быў конкурс на лепшы экалагічны праект ландшафтнага дызайну школьнага двара. Хутка каля сярэдняй школы № 1 імя З.І.Азгура, якая стала аўтарам лепшага праекта, з’явіцца каваная кампазіцыя — буслянка — сімвал школы, а буслы будуць сімвалізаваць выпускнікоў, якія разлятаюцца, калі становяцца самастойнымі. Арганізатары фестывалю плануюць у гэтым годзе пашырыць маштаб да абласнога.
Але гэтае мерапрыемства не адзінае, што паспелі правесці ўдзельнікі атрада за год свайго існавання. Напрыклад, Віктар Васюценка і Караліна Крывіцкая, студэнты гэтай установы, падчас канцэрта іх таварыша аспіранта акадэміі Глеба Лапіцкага пад назвай “Асаблівы дзень” арганізавалі аўкцыён па продажы карцін, створаных выхаванцамі Сенненскай школы-інтэрната. Так у гэтай школе з’явіўся мультымедыйны праектар, а на сабраныя валанцёрамі акадэміі грошы была куплена акустычная сістэма. З таго часу ўдзельнікі атрада, колькасць якіх павялічвалася кожны дзень, праводзілі шмат часу з выхаванцамі гэтай школы і дапамагалі, чым маглі. Напрыклад, пятнаццаць чалавек на тры тыдні чэрвеня пасяліліся ў інтэрнаце. За гэты час хлопцы разам з выхаванцамі прывялі ў парадак тэрыторыю, рэканструявалі самае любімае месца выхаванцаў — школу майстроў, а дзяўчаты разам з валанцёрамі з Італіі і ЗША арганізоўвалі вольны час дзяцей (напрыклад, ладзілі дыскатэкі і вучылі іграць на фартэпіяна). За заслугі ў экалагічным кірунку яны атрымалі фінансавую ўзнагароду ад БРСМ і Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь. Але і гэтыя грошы яны трацілі на дабрачыннасць: для вучняў школы-пераможцы яны набылі ноўтбук, прынтар і спартыўны інвентар. А замест “рыбы” яны падарылі юным эколагам “вуду” — газонакасілку, саджанцы туі, а для дзяўчат яшчэ і швейную машынку (сродкі сабралі ўдзельнікі атрада падчас акцыі разам з кіраўніцтвам іх акадэміі). І сёння выхаванцы працягваюць экалагічную работу на тэрыторыі сваёй школы і горада.
“Калі паразважаць, каму неабходна валанцёрская дапамога, то так ці інакш прыходзіш да высновы: самому валанцёру, — адзначыў Ігар Бузоўскі. — Уменне не прайсці міма чужога болю, гатоўнасць дапамагчы, папрацаваць не для сябе, а для іншага, без кніг і павучанняў фарміруе самыя галоўныя чалавечыя якасці”.

Святлана НІКІФАРАВА.