Валерый БАРАШКАЎ: “З дзецьмі працаваць цяжка, калі ты гэтага не ўмееш”

За час сваёй педагагічнай дзейнасці наш сённяшні госць падрыхтаваў амаль дзве сотні пераможцаў абласных, рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд па фізіцы. Сёння пра школу мы размаўляем з цудоўным педагогам, аўтарам шэрага навуковых артыкулаў і буйных метадычных комплексаў, першым народным настаўнікам Беларусі Валерыем Васільевічам БАРАШКАВЫМ.

Калі я прыехаў у Магілёўскі абласны ліцэй № 1 да Валерыя Васільевіча, то першым, аб чым я даведаўся, было тое, што настаўнік за забытыя ў кабінеце рэчы патрабуе… вершаванае чатырохрадкоўе. Безумоўна, з гэтага мы і пачалі нашу гутарку.

— Валерый Васільевіч, а навошта пісаць вершы за, здаецца, звычайную правіннасць? Гэта такі метад пакарання?

— Ведаеце, напісаўшы аднойчы рыфмаванае чатырохрадкоўе, яны не так часта забываюць свае рэчы. Безумоўна, гэта не пакаранне, а выхаванне праз эмоцыі. Дарэчы, дзеці часам самі падстройваюць, каб нехта забыў свае рэчы. (Смяецца.) Вось, напрыклад, такі верш мне прынеслі, каб забраць забыты пінжак.

Нам Барашков надоел —
Нас он обижает.
Только что-нибудь забудешь —
Тут же подбирает:
Ручку, книжку, тюбетейку,
Калькулятор, телогрейку.
Вот, забыл сегодня я
Свой пиджак в начале дня.

Такія “забыўкі” вельмі частыя асабліва ў навічкоў: нехта спартыўную форму забывае, нехта пенал ці зменны абутак…

— Адкуль вашы карані?

— Я нарадзіўся на Магілёўшчыне і працую таксама тут. Нарадзіўся я ў Чавускім раёне і ў першы клас пайшоў у Чавускую сярэднюю школу. Але ўпершыню трапіў у школу ў пяцігадовым узросце. Гэта Антонаўская сярэдняя школа, што была каля бабулі (бацькі ў гэты час будавалі свой дом). Я пахадзіў туды тыдні два, і на тым усё скончылася.

У першы клас па-сапраўднаму я пайшоў праз 2 гады. Спачатку я быў крыху затураны, як большасць вясковых дзяцей. Пасля другой чвэрці мая першая настаўніца Марыя Кірылаўна Шубадзёрава, якой заставалася паўтара года да пенсіі, адкрыта сказала маёй маці: “Я вашага сына не люблю — за ўвесь час маёй работы ў школе такога ціхоні ў мяне не было” (у нечым яна мела рацыю, бо ўжо даўно вучоныя заўважылі, што нармальнае дзіця павінна быць цікаўным і няўседлівым). Маці спужалася, але я “рэабілітаваўся”: пасля новага года стаў даваць дразда і пачаў пазнаваць школьнае жыццё напоўніцу.

— Свавольствы не перашкаджалі вам добра вучыцца?

— Гены былі добрыя — я пайшоў па бацьку, і вучыцца было лёгка. Але да 8 класа я паспытаў усе дзіцячыя “прыгоды”, якія могуць быць у школьніка: і ўрокі прапускалі, і ў цюшкі на грошы гулялі. Калі б мае настаўнікі ведалі, што я пайшоў працаваць у школу, яны сама меней здзівіліся б.

У канцы 1 класа пачаў курыць, але праз паўгода зразумеў, што гэта шкодна для здароўя, і з таго часу не куру ўвогуле — гэта для мяне поўная забарона. Гэта з’яўляецца вельмі важным выхаваўчым момантам. Важна ўмець правільна запраграмаваць сябе.

Нават калі служыў у арміі (з шасці хлопцаў, якія прызываліся разам са мной, пяцёра сталі курыць), таксама стрымаўся. Я аддаваў перавагу кнігам, спрабаваў вучыць англійскую мову: за год заняткаў ужо амаль свабодна перакладаў (на тысячу знакаў падглядаў у слоўніку 5—6 слоў).

Часам запытваюся ў навучэнцаў, ці ёсць у іх камп’ютар — больш як палова класа падымае рукі. “А яшчэ адзін, які ў вас даўным-даўно з’явіўся? — пытаюся я, намякаючы на галаву. — Хто праграмуе гэты ваш камп’ютар? Чым старэйшымі вы становіцеся, тым больш на вас кладзецца адказнасці па яго праграмаванні. Запраграмуйце свой камп’ютар не курыць — і гэтага будзе дастаткова”.

Мае сыны, якім ужо за 40, ніколі ў дзяцінстве не чулі паху тытунёвага дыму і, дзякуй богу, зараз таксама не кураць. Зараз іх “праграмаваць” ужо немагчыма: у кожнага сваё жыццё і свае інтарэсы. І часам мы адзін аднаго не разумеем, але гэта, лічу, нармальна — мы з узростам павінны гэта разумець.

— Чым яшчэ займаліся, акрамя школьных заняткаў? Ці сябравалі са спортам?

— У школе да бяспамяцтва мы гулялі ў футбол і хакей — для нас самымі галоўнымі гаджэтамі былі шайба, клюшка, футбольны мяч і вароты. Хадзілі ў лес, рэзалі жэрдкі, ставілі вароты і гулялі. На наступны дзень усё паўтаралася нанова, бо нейкім дарослым маглі спатрэбіцца гэтыя жэрдкі. Самі збіралі каманды, сам сябе трэніравалі, самі ладзілі спаборніцтвы.

Потым бацькі аддалі мяне ў музычную школу па класе баяна, і я гады два вучыўся досыць добра. Але пасля музычная школа мне надакучыла, нягледзячы на пэўны прагрэс. Сальфеджыа і музычная літаратура ператварыліся ў завучванне біяграфій кампазітараў, ды і на ўроках па спецыяльнасці было сумна. Як аказалася, потым музыка ўсё ж вярнулася ў маё жыццё: я стаў на слых акордамі падбіраць песні.

У інстытуце пачаў асвойваць класічную сяміструнную гітару. Вучыўся іграць па нотах. І ў канцы 5 курса ў мяне з’явілася шалёная ідэя падрыхтаваць праграму для паступлення ў музычнае вучылішча.

З 3 курса стаў іграць у студэнцкім вакальна-інструментальным ансамблі. З маім прыходам туды звязаны адзін кур’ёз. Прыйшоў я на першую рэпетыцыю, і мне далі ў рукі гітару-шасціструнку. Я гляджу: струны “не хапае”. Але ўжо на наступны дзень я перастроіўся на шасціструнную гітару, чым вельмі здзівіў кіраўніка.

Музыка дапамагала ва ўсім. Напрыклад, едзеш тры гадзіны на цягніку і ўвесь час з сябрамі спяваеш песні. Наш ліцэй таксама вельмі музычны — за два гады навучання шмат хто асвойвае гітару. Гэтаму спрыяюць разнастайныя мерапрыемствы і паходы (а які ж паход без гітары?).


— Што вам было цікава ў школе? Фізіка “пайшла” адразу?

— У школе я проста добра вучыўся. Да 4 класа нават “чацвёрак” было мала. А ў падлеткавым узросце, калі пачаліся “футболы-хакеі”, вучыўся ад урока да ўрока: што ў школе схапіў — тое маё. Да гэтага часу шкадую, што мовам мала ўдзяляў увагі: веданне замежных моў — гэта зброя, асабліва зараз.

У 8 класе ў школе з’явіўся вельмі важны для мяне чалавек — настаўніца матэматыкі Дзіяна Канстанцінаўна Алейнікава, якой у маі гэтага года споўнілася 80 гадоў. Яна да сённяшняга часу ў педагагічным страі, піша артыкулы ў часопісы. Яна вельмі тактоўная, паважліва ставілася да нас, вучняў, і мне было надта сорамна прыходзіць на ўрок непадрыхтаваным, і я стаў сур’ёзна займацца матэматыкай. Давялося нават трапіць на абласную алімпіяду. Менавіта там я зразумеў, што шмат упушчана, бо іншыя вучні рашалі задачы значна лепш за мяне. Дзякуючы Дзіяне Канстанцінаўне, я, відаць, і вышэйшую адукацыю атрымаў. І мой настаўніцкі лёс я таксама звязваю менавіта з ёй — шмат якія рэчы, якія я раблю ў школе ўжо як педагог, я звяраю з яе паводзінамі і стаўленнем да работы.

Я шмат чытаў Аманашвілі, Салавейчыка, некалькі разоў асабіста сустракаўся з Шаталавым, які аказаў на мяне вельмі вялікі ўплыў не толькі як знакаміты педагог, але і як выдатная асоба.

8 клас для мяне ўвогуле стаў лёсавызначальным. Як я ўжо казаў, да нас прыйшла настаўніца матэматыкі, і адзін адстаўны маёр навучыў мяне гуляць у шахматы (гэтая гульня вельмі добра развівае мысленне і памяць). Праз пару тыдняў я абыгрываў таго маёра 10:0. А потым шахматы зацягнулі настолькі, што я шукаў літаратуру па шахматах, шмат чытаў і рашаў адпаведныя задачы. Часам нават замест падрыхтоўкі ўрокаў дома разбіраў шахматныя партыі, за што атрымліваў наганяй ад бацькі. Праз паўгода я перамог на раённых спаборніцтвах і 2,5 года трэніраваў раённую каманду, таму што спецыялістаў папросту не было. Наша каманда нават была трэцяй у вобласці. А з аднакласнікам на “сумных” уроках мы гулялі ў шахматы па памяці, не гледзячы на дошку.

Калі я працаваў у сельскай школе, стала больш вольнага часу, і, каб трэніраваць мазгі, я пачаў удзельнічаць у шахматным турніры па перапісцы, заваяваў 1-е месца ў вобласці, а потым 3-е месца на рэспубліцы. Дзяцей таксама “падсадзіў” на шахматы, і старэйшы сын у 5 класе стаў чэмпіёнам вобласці.


— Ведаю, што вы наўмысна завалілі экзамены, каб паступіць у педагагічны інстытут.

— Разам з маім аднакласнікам Валерам Шалатоніным, які зараз выкладае ў БДУ, мы паехалі паступаць у Мінскае вышэйшае інжынернае радыётэхнічнае вучылішча. План быў такі: атрымаць вышэйшую адукацыю па радыётэхніцы, потым камісавацца і вучыцца далей. Пасля таго як мы здалі першы экзамен — матэматыку, конкурсу ў вучылішча ўжо не было (шмат хто з абітурыентаў проста заваліў экзамен).

Калі пагаварылі з курсантамі, якія ўжо вучыліся там, даведаліся, што камісавацца так проста не ўдасца, і нам трэба было ўсімі праўдамі і няпраўдамі не здаць экзамен, каб нас не залічылі. Канечне, можна было проста не пайсці на яго, але мы чамусьці пра гэта тады не падумалі. На другім экзамене валілі, як маглі. Я падказваў абсалютна ўсім, і мяне ў рэшце рэшт, пасля некалькіх папярэджанняў, выгналі, а Валеру было цяжэй (у мяне ў атэстаце было 4 чацвёркі, а ў Валеры — сярэбраны медаль). Яго доўга мучылі (цяжка адказаць на нездавальняючую адзнаку, калі ты ўсё ведаеш), але, нарэшце, паставілі “двойку”. І мы, радасныя, што атрымалі “двойкі”, пайшлі падаваць дакументы ў іншыя ВНУ: Валера — у радыётэхнічны, а я — у педагагічны.

Педагогі ў мяне былі цудоўныя. Многія з іх, нават не маючы вучоных ступеней, былі вельмі кваліфікаванымі спецыялістамі. Асаблівы азарт у мяне з’явіўся да 3 курса, і я вырашыў займацца навукай і пачаў чытаць сур’ёзныя кніжкі. Адной з іх стала “Тэорыя поля” вядомых вучоных Ландау і Ліўшыца. Кніга была вельмі складаная, і за паўтара месяца я змог асіліць толькі каля 500 старонак і нічога не зразумеў — на жаль, у мяне не было дастатковага ўзроўню матэматычнай падрыхтоўкі.

Дзякуючы навуковым заслугам, пасля заканчэння інстытута мяне ўзялі ў навукова-даследчы інстытут у аддзел, які займаўся інтэгральнай оптыкай. Тады якраз праводзіліся распрацоўкі оптавалаконнай сувязі.

— Па навуцы зараз не сумуеце?

— У педагогіцы навукі больш, чым у навуковых інстытутах. Пры гэтым тут навука, якая цалкам залежыць толькі ад цябе. У адрозненне ад той жа фізікі, педагогіка не патрабуе значных грашовых укладанняў. Галоўнае — правільна спланаваць эксперымент і правільна яго правесці. Мы даём дзецям розныя заданні і па-рознаму тлумачым ім матэрыял. На псіхалагічным узроўні мы таксама па-рознаму да іх адносімся. Адносіны да дзяцей для любога настаўніка — адзін з ключоў да педагагічнага поспеху.

За апошнія 10—15 гадоў з’явілася мноства каналаў інфармацыі і камунікацыі: інтэрнэт, сацыяльныя сеткі, сродкі масавай інфармацыі, якія трансліруюць розныя меркаванні наконт адной і той жа з’явы ці падзеі. Тут даросламу часта цяжка разабрацца, не кажучы ўжо пра дзяцей. Вельмі шмат інфармацыйных атак і фэйкаў. І шмат якія дасягненні педагогікі і псіхалогіі папросту своечасова не даходзяць у школу.

Зараз зроблена мноства цудоўных адкрыццяў у розных сферах педагогікі. У вялікай колькасці новай інфармацыі мы губляемся і не ведаем, што патрэбна, а што не.

— Што думаеце наконт профільнай падрыхтоўкі? Якой, на вашу думку, павінна быць ідэальная школа?

— Сёння я запытаўся ў сваіх вучняў: хто кладзецца спаць пасля поўначы? Паднялі рукі паўкласа. І гэта вельмі дрэнна. Пасля ўрокаў шмат хто ідзе да рэпетытараў (у некага, бывае, база слабаватая і трэба ліквідаваць прабелы, а нехта спецыяльна дадаткова займаецца), некалькі гадзін потым трэба на выкананне дамашняга задання, вячэру таксама ніхто не адмяняў, ды і адпачыць таксама хочацца… Кладуцца спаць у гадзіну-дзве ночы. І ўжо не важна, у колькі дзіця прачынаецца — стомленасць застаецца.

Канечне, адказнасць вялікая, у навучэнцаў ліцэя 3—4 профільныя прадметы, і да кожнага трэба рыхтавацца. Ідэальны варыянт, каб тут, у ліцэі, хапала ўсяго, але шмат хто хоча яшчэ і яшчэ, не звяртаючы ўвагі на ператамленне, якое можа звесці да нуля ўсе намаганні і затрачаныя сілы.

Я лічу, што на старшай ступені ў такіх установах, як наша, не павінна быць па 7—8 урокаў. Магчыма, 5—6 за кошт увядзення інтэграваных курсаў. Напрыклад, філолагам дастаткова даць асновы хіміі, біялогіі і фізікі. Чаму б не аб’яднаць гэтыя прадметы ў адзін?

Канечне, для гэтага неабходна адносная завершанасць базавай ступені школьнай адукацыі. Гэта найбольш актуальна для тых, хто праскочыў эфект Маўглі — калі чалавека своечасова нечаму не навучыць, пасля гэта будзе вельмі складана.

А ідэальная школа, на маю думку, павінна выглядаць так: 4—5 абавязковых урокаў, а потым 2—3 урокі па інтарэсах, каб дзеці маглі самі выбіраць напрамак свайго развіцця.

Але ёсць яшчэ адна праблема. Нават калі ўсталюецца такая ідэальная сістэма, ці зможа большасць настаўнікаў працаваць у новым рэжыме?

Вадзіцель, сядаючы за руль, павінен ужо ведаць правілы дарожнага руху, а не чытаць кніжку з правіламі падчас ваджэння. У школе так не атрымаецца: з дзецьмі працаваць усё складаней і складаней. І, як мне здаецца, адным з крытэрыяў адбору настаўнікаў павінна быць іх эмацыянальнасць: калі чалавек сумны і абыякавы, яго нельга прымаць на педагагічную спецыяльнасць — ён не зможа навучыць, бо і ўрокі ў яго будуць такімі ж сумнымі і нецікавымі. Лічу, нават курсы перападрыхтоўкі настаўнікаў трэба праводзіць інакш, бо, сапраўды, мы многія тэмы тлумачым не так, як у падручніку, і ў гэтым нічога дрэннага няма.

Падручнікі павінны быць даступнымі для дзяцей, але, калі настаўнікі будуць працаваць па гэтых жа падручніках, школы не будзе — мы абавязаны даваць больш, чым падручнікі, а не разжоўваць напісанае ў іх. Для настаўнікаў павінны выпускацца спецыяльныя кнігі, якія тлумачаць найбольш складаныя тэмы. Сёння мы захапіліся электроннымі журналамі і дзённікамі, сайтамі ўстаноў адукацыі замест таго, каб сканцэнтравацца на змястоўнай частцы: выкарыстанні мультымедыя, назапашванні і перадачы вопыту. Сёння на тэлебачанні няма ніводнай праграмы пра навуку і тэхніку, а вось гульняў і боек — колькі хочаце.

— Шмат хто гаворыць, што дзеці зараз перагружаны і вучыцца ў школе вельмі цяжка.

— У школе павінна быць здаровае напружанне — атрыманне ведаў не можа быць лёгкім: мазгі павінны працаваць. А каб запусціць іх як мага раней, трэба, напрыклад, у пачатковай школе ўводзіць абавязковыя заняткі шахматамі, вучыць вусна рашаць задачы ў шмат дзеянняў — памнажаць і ўмацоўваць нейронныя сувязі ў мозгу, інакш будзе позна.

Я мару, што калі-небудзь нехта зразумее, што першакласнікі павінны першы год пісаць не шарыкавымі ручкамі, а пяром, каб не проста пісаць літару, але і адчуваць націсканне на пяро, яго нахіленасць. Гэта таксама адзін са спосабаў інтэнсіфікацыі разумовай дзейнасці праз развіццё рэцэптараў на кончыках пальцаў.

У Японіі ёсць спецыяльны прадмет, на якім дзяцей вучаць адрозніваць колеры (чалавечае вока можа адрозніць да пяцісот адценняў). Навошта? Своечасовае развіццё зрокавага аналізатара таксама спрыяе развіццю. Цудоўна ведаючы фізіялогію чалавека, мы ў сістэме адукацыі шмат што робім несвоечасова, а іншы раз і зусім не робім.

Я 17 гадоў адпрацаваў у школе, а, як вядома, большасць вясковых дзяцей былі арыентаваны на сельскую гаспадарку. Лепшыя — першая і другая хвалі сельскіх выпускнікоў — пераехалі ў гарады, а трэцяя хваля была арыентавана выключна на тое, каб застацца на зямлі. Нягледзячы на тое, што сярод іх былі добрыя вучні, агульны ўзровень адукаванасці быў вельмі невысокі. Пры гэтым вясковыя дзеці больш добрыя і спагадлівыя.
У многіх дзяцей назапашваецца багаж няведання, які праяўляецца ў старшых класах. Да таго ж адбываецца пастаяннае ўскладненне і павелічэнне аб’ему інфармацыі. Сёння сярод практыкаванняў па фізіцы ёсць такія, што ў мае школьныя гады — гадоў 30 назад — былі на рэспубліканскай і ўсесаюзнай алімпіядах. Добра, што гэта адбываецца, але калі нічога не памяняць у падыходах да адукацыі, то клубок няведання будзе нарастаць і вучні будуць страчваць цікавасць да навучання.

— Які ж, на вашу думку, выхад з сітуацыі?

— Мы нешта страчваем у сістэме адукацыі. І праблема пачынаецца нават не з пачатковай школы, а ўжо з дзіцячага сада. Важна пры выхаванні не ўпусціць момант, калі трэба пачынаць развіваць пэўныя сферы дзейнасці і ўменняў дзіцяці. Напрыклад, чэмпіёнамі свету па шахматах сталі тыя, хто да 1 класа ўжо стаў кандыдатам у майстры спорту ці моцным першаразраднікам, вядомыя музыканты таксама пачынаюць асвойваць музычныя інструменты з маленства. Важна зараз разабрацца, якія функцыі чалавечага арганізма трэба развіваць у канкрэтным узросце і якім спосабам. І тут не важна праграма ці падручнік, галоўнае — тое, што мы імкнёмся развіць. Важна даведацца, якія фізіялагічныя змены будуць абумоўліваць якаснае засваенне той ці іншай інфармацыі.

У 4—5 класе найбольш актыўна развіваецца дзіцячая маторыка, і ў гэты час мадэляванне і канструяванне павінны быць на пярэднім плане, аднак… такое навучанне практычна знікла.

Наша краіна багата на мазгі, і мы павінны рабіць стаўку не на эканамістаў і фінансістаў, а на інжынерныя спецыяльнасці. Я лічу, што тэхналагічная адукацыя, якая ўключае фізіку, матэматыку, хімію, біялогію, інфарматыку, павінна быць вельмі запатрабаваная і прывесці ў выніку да перавытворчасці (у лепшым разуменні гэтага слова) інжынерных кадраў. Менавіта гэтыя прадметы павінны засвойвацца ў дзіцячым узросце, пры гэтым ніхто не спрачаецца з неабходнасцю ведання моў і захавання здароўя. Чалавек, які атрымаў тэхнічную адукацыю, з цягам часу з лёгкасцю асвоіць экономіку. А наадварот гэты прынцып не працуе.

Калі стваралася атамная бомба, у СССР яе распрацоўвалі тыя, каму было не больш за 40 гадоў — тыя, хто знаходзіўся ў самым прадукцыйным вынаходніцкім узросце.

— Вы бачыце будучыню за актыўным развіццём інжынернай адукацыі?

— Так. Што павінен рабіць інжынер? Ён павінен быць вынаходнікам. А сёння шмат у якіх навучальных установах студэнты не ведаюць, што такое тэорыя рашэння вынаходніцкіх задач.

Гадоў 30 назад я ехаў на цягніку ў Брэст чытаць лекцыю настаўнікам. Разам са мной у купэ ехала жанчына з двума сынамі — сямі- і пяцікласнікам. Я чытаў кнігу “Вепольный анализ”, у якой разглядаліся асноўныя прынцыпы ТРВЗ. Жанчына, маючы тэхнічную адукацыю, пра гэта ніколі не чула, і я прапанаваў правесці невялікі эксперымент з яе дзецьмі. Мы гадзіны паўтары ехалі разам, і за гэты час сямікласнік зрабіў 7 вынаходстваў (канечне, узроўню, які адвядаў узросту хлопчыка), пяцікласнік — 17 (!), а мама — ніводнага. І гэта пры тым, што старэйшы толькі пачаў вывучаць фізіку, а малодшы пра яе ўвогуле нічога не ведаў.

Відаць, мы робім нешта не зусім правільна і прытупляем чалавечы розум, які народжаны ствараць, а не рэалізоўваць некім напісаныя алгарытмы.

Шмат якія рэчы, якія б было лагічна зараз рабіць, мы не робім.

— Апошнім часам усё часцей гаворка ідзе пра суперметодыку, якую можна было б прымяніць пры выкладанні любога прадмета. Што вы думаеце наконт гэтага?

— Упэўнены, што ўніверсальнай суперметодыкі быць не можа. Усе даследаванні, што праводзяцца ў педагогіцы, сведчаць пра тое, што аднолькавых урокаў не бывае, як не бывае аднолькавых класаў, дзе можа быць велізарны разрыў паміж узроўнем падрыхтаванасці вучняў. І настаўнік павінен улічваць і гэта, і іншыя знешнія ўмовы. Я вельмі паважаю былых вясковых педагогаў пачатковых класаў, якія адначасова маглі працаваць ва ўмовах, калі ў адным памяшканні сядзелі вучні 1, 2 і 3 класаў, адны з якіх яшчэ не ўмелі чытаць, а іншыя ўжо рашалі задачы. І нават калі звычайны клас разбіць на тры групы, адначасова настаўнік павінен праводзіць тры розныя ўрокі. А ў профільным класе з 25 вучнямі ў ідэале павінна быць 25 узроўняў, і настаўнік абавязаны з кожным навучэнцам засвойваць яго ўласную праграму.

Я прыйшоў да аднаго цікавага заключэння, як ацаніць паспяховасць работы настаўніка ў профільным класе: чым больш я вучу дзяцей у гэтым класе, тым большы разрыў паміж імі становіцца: калі педагогу ўдалося забяспечыць індывідуальную траекторыю развіцця кожнаму вучню, гэта проста цудоўна. Але і складанасць работы таксама вельмі вялікая. Калі ў звычайным класе стандартную кантрольную можна праверыць за 15 хвілін ва ўсяго класа, у “профілі” на кожную работу трэба выдзеліць некалькі гадзін, бо, па-першае, задачы розныя, а па-другое, вучань можа рашыць задачу іншым спосабам.

І, каб забяспечыць такую дыферэнцыяцыю, настаўнік павінен па-майстэрску валодаць усім вучэбным матэрыялам, мець магчымасць растлумачыць задачу любога ўзроўню і любой складанасці, быць апантаным сваёй работай. Тое самае можна сказаць і пра дзяцей. Бывае, чуеш: два ўрокі фізікі і тры ўрокі матэматыкі — гэта перагрузка для дзяцей. Але калі гэтыя ўрокі “ў кайф”, то вучню прасцей і прыемней адпрацаваць пяць урокаў па профілі, чым два няпрофільныя.

— Ці цяжка працаваць з сучаснымі дзецьмі?

— Я не ведаю, як бы я сябе паводзіў, калі б працаваў з дарослымі. Сапраўды, кажуць, што з дзецьмі працаваць цяжка. Так, цяжка, калі ты гэтага не ўмееш. Цяжка, калі ты іх не любіш. Дзеці — лепшая частка чалавецтва, і нам трэба зрабіць так, каб гэтая частка як мага больш заставалася лепшай.

У педагагічнай дзейнасці вельмі важныя адносіны да сябе як да прафесіянала: педагог пастаянна павінен нешта чытаць і займацца самаадукацыяй. Дзеці адчуваюць прафесіяналізм настаўніка.

Нядаўна я паспрабаваў адказаць на вельмі складанае пытанне, якое мне гадоў 40 назад задаў шасцікласнік у сельскай школе: “Што такое вакуум?” І 40 гадоў я не мог вычарпальна адказаць на гэтае складанае пытанне. І вось сваім “няпрофільнікам” я, нарэшце, вырашыў расказаць пра вакуум. Меркаваў, што ўкладуся хвілін у 15, а расказваў чатыры ўрокі. Самае цікавае, што пра вакуум у сённяшніх падручніках фізікі амаль нічога няма, а гэта, лічу, адно з цэнтральных паняццяў тэхнічнага прагрэсу.

Галоўны рэзерв нашай адукацыі — ва ўзгадненні праграм і падручнікаў з фізіялогіяй чалавека. Павінны ўлічвацца ўзроставыя асаблівасці дзяцей і выбудоўвацца міжпрадметныя сувязі, развівацца здольнасці дзіцяці.

Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота аўтара і з архіва
Валерыя БАРАШКАВА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *