З новага навучальнага года першакласнікі нашай краіны атрымалі прыгожае ілюстраванае выданне — першы айчынны вучэбны дапаможнік “Музыка” для 1 класа аўтараў В.В.Каваліва, М.Б.Гарбуновай. Аб асаблівасцях гэтага вучэбнага выдання, падыходах, што былі пакладзены ў аснову пры яго распрацоўцы, а таксама музычнай адукацыі ў сучаснай школе мы гутарым з Валянцінам Васільевічам КАВАЛІВАМ.
Валянцін Васільевіч КАВАЛІЎ — музыкант, кампазітар, член Беларускага Саюза музычных дзеячаў, дацэнт, кандыдат педагагічных навук, з 2002 па 2013 год загадчык кафедры эстэтычнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка, зараз дацэнт кафедры педагогікі і псіхалогіі пачатковай адукацыі гэтага ўніверсітэта, лаўрэат Усерасійскіх конкурсаў песні. Асаблівы гонар В.В.Каваліва — дыскі песень “Свет яшчэ не створаных карцін”, “Дожджык у галёшках”, “Усё ад нас з табой залежыць” і інш. Прадстаўленыя на дысках музычныя творы з’яўляюцца своеасаблівымі замалёўкамі-развагамі аўтара пра жыццё.
— Валянцін Васільевіч, наколькі важная музычная адукацыя для развіцця сучаснага дзіцяці?
— Ці чулі вы што-небудзь пра тэорыю струн? Згодна з гэтай тэорыяй, асновай найдрабнейшай часціцы — электрона — з’яўляюцца вібруючыя струны. А вібрацыя, як вядома, выклікае гук. Таму фізікі сёння гавораць пра тое, што ўвесь свет гучыць. Яны параўноўваюць яго з музыкай. І гэта праўда. Гучыць Зямля, гучыць Сонца, галактыкі, нават чорныя дзіркі гучаць.
Па словах Мічыа Каку, аднаго з заснавальнікаў тэорыі струн, думкі Бога ўяўляюць сабой касмічную музыку, якая рэзаніруе ў гіперпрасторы.
А калі перайсці да больш прывычных нам абгрунтаванняў, то да сучаснага чалавека прад’яўляюцца высокія патрабаванні. Гэта павінен быць адукаваны, высокамаральны, духоўна багаты, кампетэнтны, творчы і здольны да самаразвіцця і самарэалізацыі ў розных сферах жыцця чалавек, той, хто адрозніваецца мабільнасцю, дынамізмам, валодае пачуццём адказнасці за лёс краіны. І асаблівая роля ў фарміраванні такога чалавека належыць музыцы. Прычым галоўнае, што мы павінны разумець: музычная адукацыя — гэта не адукацыя музыканта, а адукацыя чалавека. Музычнае навучанне стварае ўмовы для далучэння навучэнца да агульначалавечых каштоўнасцей, дазваляе пашырыць межы асобаснай прасторы, садзейнічае станаўленню асобаснай культуры.
Для мяне музычная адукацыя — гэта навучыць чалавека жыць у гармоніі з самім сабой і з музыкай. У музыцы ёсць свае пэўныя законы — законы гармоніі, і яны таксама перацякаюць у акаляючае жыццё, у сям’ю, дзяржаву, эканоміку. Зразумела, што музыка — гэта яшчэ і творчасць, уяўленне, фантазія. Адпаведна, чалавек, які жыве ў сучасным свеце і хоча рухацца далей, павінен быць не проста шрубкай, але і ўмець фантазіраваць, ствараць што-небудзь. А музыка дазваяе бачыць вобразы, ствараць нешта новае, прасякнутае пачуццямі і эмоцыямі. Цябе чапляе тое, што закранула твае пачуцці.
Змест музыкі не проста нясе мастацкія вобразы, яны прасякнуты чалавечымі пачуццямі. Чым мы, сучасныя людзі, адрозніваемся ад камп’ютараў? Зараз, у стагоддзе інфармацыйных тэхналогій, камп’ютар пачынае нас абганяць. Аднак у чым ён нас ніколі не перагоніць? Ён ніколі не будзе адчуваць. І вось у гэтым галоўнае адрозненне.
— Якую функцыю выконваюць урокі музыкі ў сучаснай школе?
— Галоўная мэта прадмета “Музыка” ў школьнай праграме — фарміраванне музычнай культуры асобы навучэнца як часткі духоўнай культуры. Культура ў перакладзе з лацінскай мовы — апрацоўка, вырошчванне. Фактычна праз музыку кожны апрацоўвае ўласную душу. Музычная культура дае трывалую цікавасць да музыкі, фарміруе каштоўнасныя адносіны да музычнага мастацтва. Сёння, на жаль, у сувязі з тым, што ўрокі музыкі ў 2009 годзе былі скарочаны і прадмет вывучаецца толькі ў пачатковай школе (гэта наш боль, бо калісьці ўрокі праводзіліся да 8 класа), моладзь мы аддалі ў рукі шоу-бізнесу і заходняй культуры. Большасць маладых людзей сёння не ведае, хто такі Шастаковіч, Бах. А раней менавіта ў сярэднім звяне ішла гаворка аб пераўтваральнай сіле музыкі, аб сур’ёзнай і лёгкай музыцы, аб мастацкім гусце, высокіх творах.
Сёння “Музыка” разглядаецца як вучэбны прадмет, які павінен фарміраваць у навучэнцаў веды, уменні і навыкі ў галіне музычнага мастацтва, эмацыянальна-каштоўнасныя адносіны да рэчаіснасці, а таксама развіваць музычныя здольнасці і матываваць да музычнай дзейнасці. У адпаведнасці з узроставымі асаблівасцямі навучэнцаў цэнтрам адукацыйнага працэсу становіцца жывое музіцыраванне — спевы, ігра на музычных інструментах, музычная імправізацыя, складанне музыкі. Сярод асноўных функцый урока музыкі ў школе я назваў бы: гнасеалагічную (мы пазнаём рэчаіснасць з дапамогай музычных твораў), аксеалагічную (мы вучым дзяцей ацэньваць рэчаіснасць), асветніцкую (з дапамогай музыкі мы атрымліваем пэўныя веды аб навакольным свеце), развіццёвую (актывізацыя творчага патэнцыялу), камунікатыўную (з дапамогай музыкі мы ўзаемадзейнічаем), пераўтваральную (музыка дазваляе адкрыць чалавечае ў чалавеку).
Вучні павінны разумець, што музыка — неад’емная частка нашага жыцця, з якога яна выйшла і непасрэдна з якім звязана. Аднойчы маскоўскі тэатр Басілашвілі быў запрошаны ў Японію прыватным ліцэем для таго, каб паставіць “Чайку” на рускай мове. На гэта былі патрачаны вялікія грошы. Басілашвілі пасля пастаноўкі падышоў да дырэктара і запытаўся: “Навошта вам гэта патрэбна?” Дырэктар адказаў: “Пройдзе 10—20 гадоў, і калі два ці тры чалавекі, якія сядзелі ў зале, прыгадаюць ваш спектакль і зробяць іншаму чалавеку штосьці добрае, то лічу, што Японія ад гэтага толькі выйграе”. Музыка не дае адразу выніку, гэта доўгатэрміновы працэс, яна адгукнецца ў душы потым.
— Як вы прыйшлі да напісання вучэбнага дапаможніка па музыцы для 1 класа? Гэта ваш першы вопыт стварэння вучэбнай літаратуры?
— Не, гэта не першы вопыт стварэння літаратуры для дзяцей. Першае выданне пабачыла свет у 2003 годзе. Гэта была размалёўка-дапаможнік “Мае першыя гукі”, якая карысталася вялікай папулярнасцю ў дзіцячых садах, а таксама сярод бацькоў. У далейшым я стаў аўтарам і суаўтарам шэрага праграм па музыцы, каляндарна-тэматычнага планавання. Разам са сваёй жонкай А.Ю.Каваліў, настаўніцай пачатковых класаў, распрацаваў і ў 2012 годзе выдаў метадычны дапаможнік для настаўнікаў па музыцы для 1 класа. У мяне ёсць таксама рабочыя сшыткі для навучэнцаў, інтэрактыўныя модулі для выкладання ўрокаў музыкі. Акрамя таго, я з’яўляюся аўтарам зборніка песень для дзяцей, у мяне два аўтарскія дыскі з дзіцячымі песнямі.
Што тычыцца напісання вучэбнага дапаможніка па музыцы, то ў гісторыі беларускай школы не было падручніка для 1 класа. Былі табліцы, якія яшчэ ствараў мой бацька Васіль Якаўлевіч Каваліў (ён усё жыццё працаваў у нашым БДПУ імя Максіма Танка). Ідэя стварэння нацыянальнага беларускага падручніка ўзнікла, калі я ўбачыў расійскі падручнік “Музычнае мастацтва, 1 клас” аўтараў В.А.Усачовай, Л.В.Шкаляр. Ён прыгожы, яркі, ілюстраваны, але выклікаў шмат пытанняў. Я звярнуўся ў Нацыянальны інстытут адукацыі з прапановай распрацаваць дапаможнік для 1 класа і знайшоў падтрымку. Разам з навуковым супрацоўнікам лабараторыі пачатковай адукацыі НІА Марыяй Барысаўнай Гарбуновай ён і быў створаны.
— Якія прынцыпы і падыходы пакладзены ў аснову гэтага вучэбнага выдання?
— Па-першае, узаемасувязь музыкі і жыцця, сістэмны падыход (усё выбудавана ў пэўнай сістэме, прасочваюцца ўсе сэнсавыя і прычынна-выніковыя сувязі паміж рознымі тэмамі). Адзін з асноўных прынцыпаў у музычнай адукацыі — сістэматызм, калі адна тэма выцякае з іншай. У аснове дапаможніка — культуралагічны падыход, праз які навучэнцы далучаюцца да агульначалавечых каштоўнасцей, а не толькі нацыянальнай культуры. Таму тут прадстаўлены не толькі беларуская музычная культура, але і заходняя. Выкарыстаны таксама міждысцыплінарны падыход: прасочваецца яскравая сувязь з выяўленчым мастацтвам, літаратурай і інш. Пры стварэнні дапаможніка былі ўлічаны ўзроставыя асаблівасці дзяцей. Важны момант: тое, пра што гаворыцца ў падручніку, павінна стаць асобасна значным для дзіцяці, спатрэбіцца яму ў жыцці (кампетэнтнасны падыход).
— Што сабой уяўляе вучэбны дапаможнік?
— Вучэбны дапаможнік яркі, добра ілюстраваны, поўнасцю адпавядае праграме, каляндарна-тэматычнаму планаванню, канцэпцыі прадмета. Змест падручніка складаецца з 4 асноўных раздзелаў: “Свет гукаў”, “Як расказвае музыка”, “З чаго вырасла музыка”, “Пра што расказвае музыка”. Кожны ўрок — гэта два кніжныя развароты. Каля ўсіх ілюстрацый ёсць умоўныя абазначэнні: спяваем, слухаем, іграем з дапамогай жэстаў, якія гучаць, іграем на інструментах, спазнаём новае, разважаем, прыдумляем і эксперыментуем (імправізацыя і сачыненне).
Асаблівасцю вывучэння музыкі ў 1 класе з’яўляецца тое, што падчас навучання дзеці далучаюцца да музыкі і асвойваюць яе мову галоўным чынам на практычным узроўні — праз непасрэдную дзейнасць. Змест прадмета арыентаваны на паступовае назапашванне навучэнцамі вопыту музычна-мастацкай дзейнасці.
У 1 класе практычна адсутнічае тэрміналагічны апарат музычнага мастацтва. Тэрміны заменены на больш зразумелыя і даступныя для 6—7-гадовых дзяцей азначэнні. Так, замест тэрміна “дынаміка” выкарыстоўваюцца паняцці гучнага і ціхага ў музыцы, замест тэрміна “тэмп” — хуткае і маруднае ў музыцы, “рэгістр” — высокія і нізкія гукі.
Да асноўных відаў музычна-мастацкай дзейнасці першакласнікаў адносяцца слуханне, вакальна-харавая дзейнасць, ігра на музычных і шумавых інструментах, работа з жэстамі, якія гучаць, пластычнае інтанаванне, сачыненне, імправізацыя, рытмадэкламацыя. Акрамя таго, вырашэнне на ўроку музыкі той ці іншай мастацкай задачы прадугледжвае выкарыстанне магчымасцей іншых відаў мастацтва: літаратуры, выяўленчага мастацтва, харэаграфіі, тэатра. Такая работа дапамагае больш глыбокаму разуменню навучэнцамі музычных з’яў, якія разглядаюцца, дазваляе высветліць агульныя асновы мастацкай творчасці, падчас практычнай дзейнасці зразумець заканамернасці ўзаемадзеяння розных відаў мастацтва.
— А ці распрацавана да вучэбнага дапаможніка кніга для настаўніка? Якія парады вам як аўтару хацелася б даць педагогам?
— Зусім нядаўна пабачыў свет вучэбна-метадычны дапаможнік па музыцы ў 1 класе для настаўнікаў з электронным дадаткам (аўтараў В.В.Каваліва, А.Ю.Каваліў, М.Б.Гарбуновай) — адзін з кампанентаў ВМК па музыцы. Спадзяёмся, ён сапраўды дапаможа нашым педагогам у падрыхтоўцы і правядзенні ўрокаў. Метадычны матэрыял не толькі раскрывае асноўныя прынцыпы і стратэгіі рэалізацыі праграмнага зместу, але і забяспечвае сувязь з іншымі кампанентамі ВМК, у прыватнасці, з вучэбным дапаможнікам, нотнай хрэстаматыяй і рабочым сшыткам, які таксама нядаўна быў выдадзены. У раздзеле “Асаблівасці вывучэння музыкі ў першым класе” педагогам прапаноўваецца ўніверсальная структура ўрока, пералічваюцца найбольш эфектыўныя метады і прыёмы работы. Метадычныя рэкамендацыі ўяўляюць сабой паўрочныя распрацоўкі, выбудаваныя па адзінай схеме: тэма ўрока, мэта і задачы, практычныя рэкамендацыі па арганізацыі і правядзенні ўрока. Аб’ём прадстаўленага матэрыялу перавышае той, які патрабуецца для арганізацыі 35-хвіліннага ўрока. Прыведзеныя метадычныя рэкамендацыі ўказваюць на магчымыя варыянты работы на ўроку. У дадатку ёсць дадатковы музычны матэрыял, а таксама літаратурна-мастацкія творы, якія могуць быць выкарыстаны на занятках. На электронным дадатку размешчаны музычныя кампазіцыі — 30 аўдыятрэкаў і 4 відэатрэкі, рэпрадукцыі карцін.
Каб пазбегнуць стомленасці навучэнцаў, настаўніку трэба часта мяняць віды дзейнасці, актыўна ўключаючы ва ўрок музычна-рытмічныя рухі, свабоднае дырыжыраванне, пластычнае інтанаванне, работу з жэстамі, якія гучаць. Таксама варта выкарыстоўваць дыдактычныя магчымасці гульнявой дзейнасці.
На ўроку пры актуалізацыі апорных ведаў настаўнік адштурхоўваецца ад мастацка-асацыятыўных уяўленняў першакласнікаў і іх асабістага мастацкага вопыту. Выкладанне вучэбнага матэрыялу па магчымасці павінна быць яркім і эмацыянальна афарбаваным. Работу на ўроку варта пабудаваць так, каб навучэнцы атрымлівалі не гатовыя адказы, а здабывалі новыя веды самастойна. Так, для актуалізацыі ўяўленняў аб разнастайнасці музычных фарбаў па тэме “Халодная і цёплая музыка (тэмбр)” можа быць праведзена гульня “Угадай, чый галасок”. Настаўнік гаворыць вучням, што з імі хочуць павітацца музычныя і шумавыя інструменты. Толькі яны вельмі саромеюцца, таму просяць усіх заплюшчыць вочы і вызначыць інструмент па яго гучанні. У структуру гэтага ўрока не лішнім будзе ўключыць работу з рэпрадукцыямі карцін сучасных беларускіх мастакоў “Стан” К.Сумаравай і “Бярозавы гай” А.Замай.
У цэлым для ўрокаў музыкі характэрна варыятыўнасць у дасягненні пастаўленай мэты, гнуткая структура і наяўнасць пэўнай эмацыянальна-сэнсавай драматургіі. Кожны этап урока прысвячаецца вырашэнню суперзадачы — выяўленню цеснай сувязі музыкі і жыцця.
— Валянцін Васільевіч, а якімі галоўнымі якасцямі павінен валодаць настаўнік музыкі, які працуе ў школе?
— На мой погляд, быць настаўнікам музыкі больш складана, чым быць настаўнікам якога-небудзь іншага прадмета ці нават выканаўцам — музыкантам, бо музыка — гэта не навука, гэта мастацтва. І пытанне ў тым, як яе выкладаць, як тлумачыць тое, што нельга перадаць словамі, вучыць адчуваць тое, што можна ўспрыняць толькі сэрцам, паказваць розніцу, даносіць сэнс.
Мы выкладаем не прадмет, мы выкладаем сябе ў прадмеце, тое, якія мы ёсць: свой характар, свае адносіны да жыцця, да людзей, да дзяцей, да таго, што мы робім. Дзеці адчуваюць фальш. Як ты будзеш ставіцца да свайго прадмета, так і яны будуць ставіцца да яго і да цябе. Таму і ёсць любімыя і нелюбімыя настаўнікі.
— Не магу не запытацца пра вашы планы. Над чым зараз працуеце?
— Падрыхтавана ўжо выданне “Беларускія кампазітары. Партрэты і біяграфіі”, якое змяшчае партрэты беларускіх кампазітараў, чые музычныя творы вывучаюцца ў школе. Спадзяюся, што яно хутка з’явіцца ў школах. Планую таксама зрабіць серыю ілюстрацый пра беларускія народныя інструменты. Думаю, гэта таксама паспрыяе фарміраванню музычнай культуры малодшых школьнікаў.
— Вялікі дзякуй за гутарку і поспехаў вам у ажыццяўленні планаў!
Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.