Важна быць у прафесіі прафесіяналам

- 14:26Рознае, Суразмоўца

Гэтымі днямі адбыўся круглы стол па тэме ўдасканалення навучання вадзіцеляў-міжнароднікаў ва ўстановах прафесійнай адукацыі.

У ім прынялі ўдзел старшыня Асацыяцыі “БАМАП” М.І.Баравы, намеснік генеральнага дырэктара асацыяцыі Г.Я.Бальцэвіч, галоўны спецыяліст аддзела персаналу і кантролю Т.А.Ястраб, дырэктар Цэнтра “БАМАП-ВЕДЫ” Г.Б.Дашкевіч, а з боку Міністэрства адукацыі — першы намеснік міністра адукацыі В.А.Богуш, начальнік упраўлення прафесійнай адукацыі галіновага міністэрства А.Д.Лашук, прарэктары РІПА М.В.Ільін, А.С.Папова, кіраўнікі ўстаноў, выкладчыкі, метадысты, прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый.

Каму даверыць руль

Такое высокае прадстаўніцтва ўдзельнікаў мерапрыемства яшчэ раз сведчыць пра тое, як неабыякава ў галіне міжнародных перавозак падыходзяць да падрыхтоўкі кадраў, як удумліва, адказна фарміруюць кадравы склад, як умацоўваюцца сувязі Асацыяцыі “БАМАП” з сістэмай прафесійнай адукацыі.

М.І.Баравы падкрэсліў, што гэтыя адносіны ў падрыхтоўцы кадраў для сферы міжнародных перавозак доўжацца ўжо шмат гадоў і прыносяць істотны плён. Гэта павелічэнне колькасці ўстаноў, якія рыхтуюць вадзіцеляў-міжнароднікаў (іх ужо 10), пастаяннае ўдасканаленне іх матэрыяльнай базы, абнаўленне зместу навучання, павышэнне кваліфікацыі педагогаў, пашырэнне практычнага складніка навучання. З цягам часу партнёрскае ўзаемадзеянне не толькі не скарацілася, а набыло новыя рысы, больш эфектыўныя кірункі, падказаныя жыццём, а праблемы, што ўзнікаюць, імкліва вырашаюцца. Так, у прыватнасці, М.І.Баравы адзначыў міжнародную тэндэнцыю недахопу кваліфікаваных кадраў у сферы міжнародных перавозак.

— Гэтая праблема закранула і нашу краіну, — паведаміў Мікалай Іванавіч, — таму мы вельмі зацікаўлены, каб моладзь выбірала прафесію вадзіцеля-міжнародніка і мы маглі б у хуткім часе запоўніць кадравую нішу, якая ўзнікла.

Як толькі паўстала пытанне недахопу кадраў у галіне, адразу пачалася сумесная работа, накіраваная на тое, каб прафарыентацыя стала больш уплываць на маладых людзей, каб яны выбіралі менавіта прафесію вадзіцеля-міжнародніка. Так узнікла і ідэя правядзення конкурсу сярод устаноў прафесійнай адукацыі, дзе рыхтуюць такія кадры, на лепшы прафарыентацыйны праект. З дапамогай РІПА былі распрацаваны крытэрыі ацэнкі такога спаборніцтва, створана спецыяльнае журы на чале з А.С.Паповай.

Калі прыйшоў час падводзіць вынікі, аказалася, што вызначыць, хто лепшы, вельмі цяжка, настолькі якаснымі, цікавымі, незвычайнымі былі ўсе праекты. Але пра гэта крыху пазней.

Першы намеснік міністра адукацыі В.А.Богуш паведаміў, што супрацоўніцтва, якое склалася паміж сістэмай адукацыі і Асацыяцыяй “БАМАП”, павінна стаць прыкладам для іншых прадпрыемстваў і арганізацый, якія клапоцяцца пра свае працоўныя рэсурсы.

Вадзім Анатольевіч прызнаў, што сёння сістэма прафесійнай адукацыі мае добры ўзровень, што было адзначана прэзідэнтам нашай краіны. Пры гэтым сістэма павінна ўдасканальвацца, цесна ўзаемадзейнічаць са сферай эканомікі, каб дакладна адсочваць патрэбы заказчыкаў кадраў. В.А.Богуш звярнуў увагу на тыя пытанні, якія немагчыма вырашыць без супрацоўніцтва з работадаўцамі. Першая задача звязана з падрыхтоўкай і прафесійнай кампетэнцыяй спецыялістаў і фарміраваннем бесперапыннай прафесійнай падрыхтоўкі згодна з прынцыпамі адукацыі праз усё жыццё.

— Сёння ні для каго не сакрэт, што атрымаць кваліфікацыю, якой бы табе хапіла для паспяховай рэалізацыі ў прафесіі на працягу доўгага часу, практычна немагчыма, — заявіў Вадзім Анатольевіч. — Той, хто працуе на міжнародым рынку, а міжнародныя перавозкі непасрэдна звязаны з ім, выдатна пра гэта ведае. Сістэма навучання павінна быць выбудавана такім чынам, каб базавая падрыхтоўка была арыентавана на адпаведныя прафесійныя кампетэнцыі з выкарыстаннем механізмаў прафесійных стандартаў і нацыянальнай сістэмы кваліфікацый, сфарміраваных на аснове запыту заказчыкаў кадраў.

В.А.Богуш адзначыў, што важная роля павінна быць адведзена дадатковай адукацыі, калі да атрыманых базавых кампетэнцый дабаўляюцца прафесійныя веды і кампетэнцыі, неабходныя пры практычнай дзейнасці ў далейшым.

— Трэба пастаянна развіваць практычныя навыкі, удасканальваць прафесійнае майстэрства, — падкрэсліў В.А.Богуш, — і ў гэтым галоўная роля павінна быць адведзена заказчыкам кадраў, якія могуць прадаставіць сваю тэрыторыю для адточвання практычных навыкаў.

Вадзім Анатольевіч падтрымаў ідэю сумеснай дзейнасці ў пашырэнні прафарыентацыйнай работы па ўзняцці іміджу рабочай прафесіі сярод моладзі.

— Сёння не сорамна быць кухарам, вадзіцелем, цесляром, — адзначыў Вадзім Анатольевіч. — Сёння важна і вельмі ганарова быць прафесіяналам. Калі ты дакладна валодаеш сваёй прафесіяй, імкнешся да ўдасканалення, ты будзеш заўсёды запатрабаваным.

Даваць станоўчы вынік —ужо традыцыя

Па сутнасці, гэта стала лейтматывам новага плана сумесных мерапрыемстваў па ўдасканаленні падрыхтоўкі вадзіцеляў для ажыццяўлення міжнародных перавозак ва ўстановах адукацыі на 2016—2020 гады. А.Д.Лашук, прадстаўляючы вынікі работы за папярэдні перыяд, сканцэнтраваў увагу на тых паказчыках, якія тычацца фарміравання заказу на падрыхтоўку кадраў, правядзення прафарыентацыйнай работы, абнаўлення зместу прафесійнай адукацыі па гэтай прафесіі, метадычнага забеспячэння вучэбнага працэсу. Як адзначыў Аляксандр Дзмітрыевіч, на вельмі важным месцы ў заказчыкаў кадраў стаялі арганізацыя і правядзенне вытворчай практыкі, стажыровак для выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання, правядзенне размеркавання і замацавання выпускнікоў навучальных устаноў, захаванне сацыяльных гарантый.

Па словах М.В.Ільіна, у аснове новага плана закладзены перш за ўсё прынцып сістэмнасці і практыкаарыентаванасці, пазіцыі, звязаныя з перспектывай развіцця галіны, патрэбамі ў кадрах, умацаваннем вучэбнай базы.

— Безумоўна, галоўнай мэтай нашага ўзаемадзеяння з’яўляецца якасць навучання, якую немагчыма павысіць без удасканалення вучэбнага працэсу, — заявіў Міхаіл Васільевіч. — Разам з заказчыкамі кадраў мы можам вызначыцца з кваліфікацыйнымі патрабаваннямі да прафесіі і ў выніку ўнесці новаўвядзенні ў адукацыйны стандарт. Згодна з запытамі заказчыкаў кадраў, трэба звярнуць увагу на навучанне асновам лагістычнай дзейнасці, агульнаадукацыйным дысцыплінам, на вывучэнне новай тэхнікі, укараненне сучасных інфармацыйных тэхналогій.

Канвенцыя ў анлайне

Выступаючы перад удзельнікамі круглага стала, Г.Б.Дашкевіч падкрэсліў значнасць новых сродкаў і метадаў інфармацыйных рэсурсаў у прафесійнай падрыхтоўцы кадраў. Цэнтр “БАМАП-ВЕДЫ”, па сутнасці, з’яўляецца пляцоўкай апрабацыі сучасных інфармацыйных тэхналогій. Яны выкарыстоўваюцца пры павышэнні кваліфікацыі педагогаў навучальных устаноў, пры навучанні дарослага насельніцтва. Сёння цэнтр аказвае істотны ўплыў на ўкараненне інфармацыйных рэсурсаў у вучэбны працэс навучальных устаноў. Так, напрыклад, К.А.Княжэвіч, выкладчык Абласнога аграрна-тэхнічнага прафесійнага ліцэя Дзяржынска, на сваіх уроках актыўна прымяняе элементы інфармацыйных тэхналогій.

З іх дапамогай выкладчык ставіць на ўроку задачу павысіць у навучэнцаў матывацыю да навучання, развіць пазнавальную актыўнасць, стымуляваць самастойнасць у навучанні.

— Такія сродкі дазваляюць эфектыўна арганізаваць групавую і самастойную работу, — падкрэсліла выкладчык. — Яны спрыяюць удасканаленню практычных уменняў і навыкаў навучэнцаў, дазваляюць індывідуалізаваць вучэбны працэс, рабіць яго сучасным, павышаюць цікавасць да вучэбнага прадмета. Адным з такіх сродкаў з’яўляецца мультымедыйная прэзентацыя, якая дапамагае прадставіць такі прадмет, як “Арганізацыя міжнародных перавозак грузаў”, больш наглядна. Напрыклад, для выкладання матэрыялу па тэме “Мытныя працэдуры. Канвенцыя МДП” распрацавана прэзентацыя, якую прымяняю як для выкладання матэрыялу, так і для наступнага кантролю ведаў.

Яшчэ адным элементам інфармацыйных тэхналогій з’яўляюцца электронныя вучэбныя дапаможнікі. Так, напрыклад, для вывучэння тэмы “Канвенцыя КДПГ”, якая ўключае таксама практычныя заняткі, выкладчык падрыхтавала дапаможнік “Паэтапная інструкцыя па запаўненні міжнароднай таварна-транспартнай накладной “СМR”. (Гэты дапаможнік атрымаў трэцяе месца на рэспубліканскім аглядзе метадычных распрацовак.)

Субкультура дальнабойшчыкаў

Звернемся да ўдзельнікаў конкурсу прафарыентацыйных праектаў. Уздзенскі сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй прадставіў прэзентацыйны відэаролік “Прафесія даўжынёй у жыццё” і партфоліа “Усе грані адной прафесіі”, дзе была раскрыта сутнасць работы вадзіцеля-міжнародніка. У прапанаваных работах у першую чаргу рабіўся акцэнт на асноўных аспектах гэтай прафесіі і прапаноўвалася паглядзець на яе з розных бакоў.

— Працуючы над праектам, мне прыйшлося акунуцца ў асаблівы свет, я б нават сказала, у асаблівую культуру вадзіцеляў велікагрузных машын, — адзначыла Т.І.Голуб, выкладчыца ліцэя. — Як аказалася, многія даследчыкі вылучаюць работу вадзіцеляў-дальнабойшчыкаў як субкультуру. У гэтых людзей ёсць свае звычаі і традыцыі, свае прыметы і рытуалы і нават цэлы кірунак, прадстаўнікі якога ператварылі ўпрыгожванне сваіх аўтамашын у сапраўднае мастацтва і зрабілі з іх неверагодныя шэдэўры на чатырох колах.

Яркія кадры з дэманстрацыяй работы вадзіцеляў-міжнароднікаў прыцягваюць увагу юных гледачоў і аказваюць уздзеянне на іх выбар. Цяжка сабе ўявіць яшчэ адну сучасную прафесію, якая б мела ў вачах грамадства такое яркае адценне рамантызму. Пра дальнабойшчыкаў здымаюць фільмы і перадачы, пішуць песні і ствараюць камп’ютарныя гульні. Але пры ўсёй рамантычнасці гэтай прафесіі нельга забываць пра яе складанасць, пра тыя высокія стандарты, што прад’яўляюцца да прафесіі.

Як адзначыла Таццяна Іванаўна, пры прафарыентацыі школьнікаў недастаткова проста на словах ухваляць гэтую прафесію, важна прадэманстраваць яе ў рэальнасці на прыкладзе навучальнай установы. На імідж уздзенскага ліцэя працуюць яго педагогі і выпускнікі, праводзяцца дні адкрытых дзвярэй, сустрэчы з выпускнікамі, заказчыкамі кадраў, выступленні агітбрыгады, знаёмства з матэрыяльнай базай навучальнай установы, з паркам аўтамабіляў.

Калі выпускнікі прыводзяць у ліцэй для атрымання прафесіі сваіх дзяцей — гэта асаблівы давер, давер найвышэйшай пробы.

— Працуючы над падобнымі праектамі, несумненна, вельмі важна ўлічваць мэтавую аўдыторыю, — расказала Т.І.Голуб. — Нашы адрасаты — гэта педагогі школ, якія займаюцца прафарыентацыйнай работай, бацькі выпускнікоў і, вядома ж, у першую чаргу самі выпускнікі. Каб ацаніць відэапрэзентацыю і партфоліа з пазіцыі людзей падлеткавага і юнацкага ўзросту, была сфарміравана група з ліку навучэнцаў ліцэя.

Мэты яе стварэння — вызначыць, наколькі цікавая для гэтага ўзроставага перыяду падобная форма падачы інфармацыі, як і за кошт чаго ўтрымліваецца ўвага, што выклікае найбольшае ўражанне, ці аптымальны выбраны тэмп відэароліка, ці зразумелыя каментарыі. Такім чынам, на этапе апрабацыі было ўстаноўлена, што падрыхтаваны матэрыял цалкам адпавядае пастаўленым мэтам: ён добра канцэнтруе і ўтрымлівае ўвагу, нясе карысную інфармацыю, выклікае цікавасць і жаданне паглыбіць веды.

Гэтыя вынікі знайшлі сваё пацвярджэнне на этапе практычнай работы са школьнікамі. Як правіла, пасля прагляду відэапрадукцыі навучэнцы задаюць дадатковыя пытанні, пачынаюць з цікавасцю вывучаць матэрыялы буклетаў і партфоліа, цікавяцца сайтам ліцэя.

— Безумоўна, сапраўдную ацэнку праекту паставіць рэальнае жыццё, а канкрэтна— прыёмная кампанія 2016 года, — адзначыла Таццяна Іванаўна. — Але той факт, што ў час нашых сустрэч са школьнікамі не было ніводнага патухлага, абыякавага погляду, усяляе надзею на тое, што праведзеная работа не будзе марнай.

Па выніках конкурсу дыпломы і падарункі атрымалі Мінскі ПТК мантажных і пад’ёмна-транспартных работ (1 месца), Магілёўскі прафесійны агралесатэхнічны каледж імя К.П.Арлоўскага (другое), Уздзенскі сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй (трэцяе). Акрамя таго, Асацыяцыя “БАМАП” правяла яшчэ адзін конкурс. У намінацыі “Лепшая базавая арганізацыя-2016” перамагло прадпрыемства “БелФрост”, у намінацыі “Лепшая ўстанова адукацыі-2016” — Пінскі ПТК машынабудавання, у намінацыі “Лепшы выкладчык-2016” першай стала К.А.Княжэвіч, выкладчык Абласнога аграрна-тэхнічнага прафесійнага ліцэя Дзяржынска.

Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.