Вечны голас магутнага слова

- 16:44Нам пішуць

Пад такой назвай прайшоў тыдзень беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе № 1 Бялыніч імя М.І.Пашкоўскага. Мерапрыемствы былі прысвечаны 500-годдзю славянскага кнігадрукавання.

У першы дзень тыдня ва ўсіх класах прайшлі інфармацыйныя хвілінкі, класнымі кіраўнікамі на працягу тыдня праводзіліся мерапрыемствы пад назвай “Беларуская мова як аснова нацыянальнай культуры”. У гэты час усіх вучняў школы сустракалі навучэнцы ў нацыянальных касцюмах, прапаноўвалі размаўляць толькі па-беларуску, распаўсюджвалі буклеты “Магутная сіла роднага слова”. У рамках тыдня навучэнцы пачатковай школы прадставілі малюнкі, правялі цікавыя гульні, гульні-падарожжы, віктарыны, склалі літаратурна-музычную кампазіцыю, дзе гучала роднае слова. Да першакласнікаў завіталі ў госці вучні 2 “А” класа з тэатралізаваным прадстаўленнем “Казка ў госці да вас”. Былі таксама арганізаваны тэматычныя экскурсіі “Шляхамі беларускага слова” ў літаратурна-краязнаўчы музей “Спадчына”, “Псалтыр як узор беларускагака кнігадрукавання” ў кабінет-імправізацыю “Беларуская школка пачатку ХХ стагоддзя”. Дзейнічала выстава радаводаў “Мой род, мая сям’я”. Звярнулі на сябе ўвагу выстава “Першыя крокі ў літаратуру” па вершах вучаніцы 9 “А” класа Маргарыты Лашкевіч і выстава насценгазет “Вечны голас магутнага слова”. Школьная бібліятэка прадставіла выставу “Нашчадкі Францыска Скарыны”, у рамках якой праходзіла акцыя “Жыві, слова”.

Прайшла таксама сустрэча з загадчыцай раённай дзіцячай бібліятэкі Аленай Аляксандраўнай Ксюнягінай. Удзельнікі літаратурнай гасцёўні “Крыніцай звіняць твае словы, мая беларуская мова” пазнаёміліся з паходжаннем слоў беларускай мовы, выконвалі творчыя заданні, задавалі пытанні. Гучалі песні на словы Ніны Мацяш.

Кульмінацыяй тыдня стала тэатралізаванае прадстаўленне “Масленіца прыйшла!”. Сцэнарый быў вытрыманы ў стылі народных традыцый з гульнямі, песнямі, блінамі, гуканнем вясны і спальваннем пудзіла.
Падобныя мерапрыемствы неабходна праводзіць не толькі таму, што яны навучальныя, але і таму, што прывіваюць любоў да роднай мовы, нацыянальных традыцый.

Галіна АЛЯНЮК,
намеснік дырэктара сярэдняй школы № 1 Бялыніч імя М.І.Пашкоўскага;
Данута КЛОПАВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры.