Навукай, якая прывучае навучэнцаў да рацыянальнага разумення свету, з’яўляецца геаграфія. Гэта, мабыць, адзін з самых важных прадметаў, які адначасова адносіцца і да прыродазнаўчага, і да грамадскага цыкла вучэбных дысцыплін. Яна дае навучэнцу тое неабходнае кола ведаў, якое патрэбна кожнаму адукаванаму чалавеку. Веды аб Зямлі як аб планеце людзей ствараюць сацыяльна арыентаванае ўяўленне аб непасрэдным асяроддзі пражывання чалавека.
Традыцыйна ў навучанні геаграфіі прынята выдзяляць такі тып навучання, як развіццёвы. Работа з крыніцамі інфармацыі дазваляе атрымаць трывалыя веды, а здабыццё іх самастойна садзейнічае трываламу ўсведамленню. Да развіццёвага навучання адносіцца таксама праблемнае. Пры праблемным навучанні адбываецца самастойнае здабыццё ведаў навучэнцамі пад уважлівым кантролем настаўніка, што забяспечвае актывізацыю вучэбна-пазнавальнай дзейнасці. Гэты тып навучання магчымы толькі тады, калі рэальна стварыць праблемную сітуацыю, якую нельга вырашыць, не ўсвядоміўшы яе цяжкасць.
Для вырашэння праблемы мэтазгодным будзе пошук новых ведаў, выкарыстанне наяўных ведаў, але не па алгарытме. Праблемная сітуацыя можа ўзнікнуць толькі тады, калі навучэнец сутыкаецца з новымі ўмовамі прымянення ведаў. Прыкладамі праблемных пытанняў могуць з’яўляцца наступныя: “Чаму ў Паўночнай Афрыцы клімат больш сухі, чым у Паўднёвай?”; “Павялічваецца або памяншаецца ва ўмовах НТП уплыў прыродных рэсурсаў на развіццё гаспадаркі?”. Настаўнік дае праблемныя заданні і дазваляе выказаць меркаванне кожнаму жадаючаму, а потым разам прыйсці да высновы.
Праблемнае навучанне характарызуецца тым, што навучэнцы сістэматычна ўключаюцца настаўнікам у вырашэнне праблемы. У ходзе вывучэння тэмы “Клімат і кліматаўтваральныя фактары” ў 7 класе было высветлена, што ў межах трапічнага кліматычнага пояса пераважае зона павышанага атмасфернага ціску, таму над тропікамі ападкаў выпадае мала. Такім чынам, узнікае праблема: якія яшчэ кліматаўтваральныя фактары, акрамя геаграфічнай шыраты, уплываюць на выпадзенне ападкаў? (Горныя хрыбты, цячэнні, пастаянныя і зменныя вятры.)
Звярніце ўвагу на карту. Які геаграфічны аб’ект працягваецца ва ўсходняй частцы Аўстраліі з поўначы на поўдзень? (Горы.) Як горы паўплываюць на размеркаванне ападкаў? (Яны будуць затрымліваць рух вільготных паветраных мас з Ціхага акіяна, і вялікая частка ападкаў будзе выпадаць на ўсходніх схілах гор, ва ўсходняй частцы трапічнага пояса.) Выснова: такім чынам, акрамя паясоў атмасфернага ціску, на размеркаванне ападкаў вялікі ўплыў аказвае і рэльеф мясцовасці.
Этапамі вырашэння праблемы з’яўляецца ўсведамленне праблемнай сітуацыі, прымяненне вядомых спосабаў дзейнасці, фарміраванне гіпотэзы, праверка гіпотэзы, агульныя высновы.
Адным з практыка-арыентаваных метадаў з’яўляецца даследчы, які ажыццяўляе далучэнне навучэнцаў да творчай дзейнасці. Вучням прапаноўваецца самастойна вырашаць праблему ў цэлым. Напрыклад, пры вывучэнні асаблівасцей прыроды Афрыкі клас падзяляецца на даследчыя групы: картографаў, геолагаў, кліматолагаў, гідролагаў. Пры гэтым картографам неабходна вызначыць геаграфічнае становішча мацерыка, геолагам — растлумачыць будову зямной кары, кліматолагам — вызначыць клімат, гідролагам — спраектаваць карціну ўнутраных вод. Кожная група, выкарыстоўваючы тэматычныя карты атласа і падручнік, рыхтуе вусную справаздачу аб сваёй рабоце, афармляючы пры гэтым контурную карту па тэматыцы даследавання.
Што аб’ядноўвае ўсе групы? Агульная праблема. Трэба выявіць адметныя рысы прыроды невядомага мацерыка. Каб работа ў групах была больш зладжаная, арганізаваная і зразумелая, для ўсіх неабходна прапанаваць абмеркаваць наступныя пытанні: “Як вы плануеце вырашыць пастаўленую задачу?”; “Што неабходна ведаць (ці ўспомніць) для работы?”; “Якія карты будзеце выкарыстоўваць?”; “Якую ролю будзе выконваць кожны ўдзельнік экспедыцыі?”.
Таксама даследчую работу мэтазгодна будзе выкарыстоўваць пры арганізацыі краязнаўчай работы. Галоўная функцыянальная прыналежнасць настаўніка будзе выяўляцца ў канструяванні і пастаноўцы перад навучэнцамі праблемных заданняў, а дзейнасць вучняў будзе складацца ва ўспрыманні, асэнсаванні і вырашэнні праблем у цэлым.
Ганна СТРЫЖАКОВА,
настаўніца геаграфіі і гісторыі
Курманаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці.